Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Актывіст дамогся капітальнага рамонту «камэры катаваньняў»


Актывіст руху «Эўрапейская Беларусь» Леанід Кулакоў

Актывіст руху «Эўрапейская Беларусь» Леанід Кулакоў

Улады пагадзіліся з патрабаваньнямі актывіста кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Леаніда Кулакова палепшыць умовы ўтрыманьня арыштаваных у Ізалятары часовага ўтрыманьня ў Смалявічах.

З чэрвеня Леанід Кулакоў напісаў шэраг скарг на ўмовы ўтрыманьня ў ІЧУ, дзе раней адбываў адміністрацыйны арышт. Але толькі цяпер улады пагадзіліся з аргумэнтамі актывіста.

У адказе Дзяржаўнай установы «Рэспубліканскі цэнтар гігіены і эпідэміялёгіі», падведамнай Міністэрству ўнутраных спраў Беларусі, гаворыцца, што ў ІЧУ «выяўленыя парушэньні патрабаваньняў санітарна-эпідэміялягічнага заканадаўства». Кіраўніцтву Смалявіцкага РАУС прапанавана ліквідаваць выяўленыя недахопы ў «самыя кароткія тэрміны». Акрамя таго, актывісту паведамілі, што ў ІЧУ плянуецца правесьці капітальны рамонт з рэканструкцыяй аб’екта.

У інтэрвію Свабодзе Леанід Кулакоў заявіў, што цалкам задаволены атрыманым адказам. «Гэта хаця б маленькая, але перамога», — дадаў ён.

У ІЧУ Смалявічы Кулакоў адбываў адміністрацыйны арышт за акцыю супраць «пуцінскіх» байкераў «Начныя ваўкі» ля Кургана Славы 25 красавіка.

За гэтую акцыю Кулакоў быў затрыманы ў Менску 8 траўня. Пасьля затрыманьня яго перавезьлі ў Смалявічы, дзе далі 7 сутак адміністрацыйнага арышту.

Паводле Кулакова, камэра, дзе ён знаходзіўся 7 дзён, выглядала, як камэра катаваньняў:

Колькі такіх па Беларусі камэр катаваньняў — невядома. Але ня трэба баяцца. За свае правы і свабоду ўсе павінны змагацца.

«У камэры былі дзьве пары двух’ярусных жалезных ложкаў. Не было ні сталоў, ні крэслаў: толькі падлога, сьцены, бэтон. Камэра знаходзіцца ў падвальным памяшканьні, дзённае сьвятло туды не трапляе, ёсьць толькі маленькае акенца і вузкая палоска сьвятла ад яго. Па гэтай палосцы толькі і можна вызначыць час сутак. Над „кармушкай“ цьмяная лямпачка.

У камэры ёсьць брудная, практычна чорная, плястыкавая бутэлька з вадой — яе нават у рукі ўзяць страшна. Каля дзьвярэй стаіць плястмасавае вядро, куды можна патрэбу спраўляць. Вядро можна выносіць раз у 12 гадзін і даводзіцца ўвесь час удыхаць гэты смурод. У камэры пры гэтым вельмі холадна (а я быў лёгка апрануты). Зачыніць акно — страшны смурод, цябе проста ванітуе. Прыадчыніць акно — смуроду няма, але становіцца вельмі холадна. Над дзьвярыма вісіць камэра, празь якую ахоўнікі могуць назіраць што робіш, як спраўляеш патрэбу.

На ложку маленькі брудны матрац, жоўты ад мачы. Добра толькі, што супрацоўнікі ІЧУ далі мне новую чыстую бялізну. Але ляжаць доўга на гэтым ложку немагчыма, пачынае ўсё балець.

Панадворка для шпацыру няма. Сядзіш проста ў паўцемры і дыхаеш гэтай гадасьцю».

«Колькі такіх па Беларусі камэр катаваньняў — невядома. Але ня трэба баяцца. За свае правы і свабоду ўсе павінны змагацца», — падкрэсьліў Леанід Кулакоў.

XS
SM
MD
LG