Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Die Welt: Эўразьвяз адменіць візы для Ўкраіны і Грузіі ў сярэдзіне 2016 году


Эўракамісія павінна прадставіць справаздачу са станоўчай ацэнкай ходу рэформаў у Грузіі і Ўкраіне, і тым самым даць «зялёнае сьвятло» ў адмене візаў у краіны Эўразьвязу для грамадзянаў гэтых краінаў, піша нямецкая Die Welt.

Эўрапейскі Зьвяз плянуе ў хуткім часе адмяніць візавы рэжым для грамадзянаў Украіны і Грузіі, паведамляе газэта Die Welt у сераду, 9 сьнежня. Для абедзьвюх краінаў дазвол на ўезд у краіны Эўразьвязу бязь візаў пачне дзейнічаць з сярэдзіны 2016 году, піша выданьне са спасылкай на дасьведчаныя дыпляматычныя колы ў Брусэлі.

Паводле іх інфармацыі, 15 сьнежня Эўракамісія павінна прадставіць справаздачу, у якой будзе станоўча ацэнены ход выкананьня Кіевам і Тбілісі умоваў для адмены візаў. Такая ацэнка Эўракамісіі стане перадумовай для згоды краінаў-сябраў ЭЗ на адмену візаў для грамадзянаў Грузіі і Ўкраіны, піша Die Welt. Разам з тым адзначаецца, што Кіеву, на думку Брусэля, трэба будзе да вясны 2016 году палепшыць працу ў некаторых сфэрах, у прыватнасьці, у барацьбе з карупцыяй.

Газэта удакладняе, што адмена візавага рэжыму для грузінаў і ўкраінцаў мае на ўвазе дазвол на знаходжаньне ў Эўразьвязе цягам трох месяцаў на працягу паўгода. Пры гэтым працаваць у краінах ЭЗ будзе забаронена.

XS
SM
MD
LG