Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьпявачка Pauline: місія беларускасьці


Pauline: каманда Паўліны Цімохінай

Pauline: каманда Паўліны Цімохінай

12 сьнежня падчас вялікага канцэрту ў клюбе «Пляцоўка Хол» будуць абвешчаныя пераможцы ў музычных намінацыях, якія пры канцы году традыцыйна абвяшчае партал Tuzin.fm.

У шорт-лісьце галоўнай прэміі «Героі году» сем прэтэндэнтаў: Brutto, Navi, Крамбамбуля, Tonqixod, Re1ikt, Зьміцер Вайцюшкевіч, Shuma. Найлепшы гурт ці выканаўца вызначацца па суме дасягненьняў у творчасьці і мэдыйнай актыўнасьці, канцэртнай дзейнасьці, пазыцыі ў чартах.

Гэтаксама будзе названы лепшы гурт у намінацыі «Адкрыцьцё году». Тут спаборніцтва ня менш жорсткае: праект МАМА, Ілюжан, Pauline, Teleport, Angst, Zolki Band, Стась Сілка. Адзначацца перадусім артысты, якія сёлета ўпершыню заявілі пра сябе ўсур’ёз і на высокім прафэсійным узроўні.

Апроч таго, у межах уганараваньня ляўрэатаў будуць уручаныя прызы за найлепшую песьню, кліп і альбом сэзону. Гала-канцэрт супольнымі намаганьнямі наладзяць самі намінанты: паўгадзінныя сэты адыграюць Re1ikt, Navi, а таксама Pauline, Angst, Zolki Band.

«Тузін» спрыяе, каб у беларускую музыку ўлівалася маладая кроў

Адна з фіналістак сёлетняй дзеі — 24-гадовая Паўліна Цімохіна — адыходзячы год з поўным правам можа занесьці ў творчы актыў: яе праект Pauline набыў поўнафарматныя абрысы, а песьні аднайменнага гурта стала пасяліліся ў чартах на Tuzin.fm.

Для знаўцаў музыкі Pauline ўжо стала падзеяй году

Для знаўцаў музыкі Pauline ўжо стала падзеяй году

Неабходнасьць прырасьці калектывам аднадумцаў у Паўліны насьпела год таму, калі зьявіўся самотнік «Цябе». Ужо ў сакавіку яна прэзэнтавала песьню «Палон», якая перамагла ў тузінаўскім хіт-парадзе, а кліп на кампазыцыю «Пачакай» трымаўся ў відэачарце на Tuzin.fm цягам усяго сэзону. Злоўлены кураж дапамог умацаваць пазыцыі — песьня «Маё мора» тройчы ўздымалася на вяршыню «Тузіну». Са сваім гуртом Pauline стала пераможцай «Dream Fest ArtRock», фіналісткай конкурсу «Засьпявай 2.0» і фэсту «Revolution Music Fest Belarus».

Напярэдадні знакавай падзеі Свабода завітала на рэпэтыцыю да Паўліны Цімохінай і яе сяброў. Знаёмімся з удзельнікамі каманды. Бас-гітарыст Андрэй Анісімаў — «старажыл», на заклік «яднацца» адгукнуўся першым. Ён жа актыўны «сьпікер», як жартуе Паўліна — «самаабвешчаны канфэрансье». Наступным прыйшоў Аляксандар Трухан — дасьведчаны бубнач, спрабаваў «завязаць», але праз 20 гадоў зноў вярнуўся на сцэну. Потым з клявішамі далучылася Вераніка Крупіца, апошнім вакантнае месца гітарыста заняў Аляксей Вількот. У такім складзе праект Pauline рыхтуецца да выпрабаваньня ў выглядзе канцэрту і вызначэньня намінантаў папулярнай прэміі ў галіне сучаснай музыкі.

Пасьля таго, як музыкі крыху разагрэліся пад песьню «Маё мора», цікаўлюся ў Паўліны: удзел у фінальнай частцы «Тузіну» — дасягненьне?

Паўліна: Я лічу, што так. Хоць бы таму, што там людзі іншыя. Сяргей Будкін, Хрысьціна Дарапей — яны ў большасьці і ствараюць гэты партал; адкрытыя ўсяму новаму, вельмі добра рэагуюць на ўсё, што ты робіш. Вядома, крытыкуюць пэўныя рэчы, дастаецца і грантам. Але нікога не абражаюць, не закрываюць, не ігнаруюць. І хочацца нешта рабіць для «Тузіна», бо ведаеш, што цябе падтрымаюць — тваю ініцыятыву, тваю творчасьць...

Бас-гітарыст Андрэй Анісімаў

Бас-гітарыст Андрэй Анісімаў

Андрэй: Адным словам — свае людзі, можна мець справу (сьмяецца).

Паўліна: Сапраўды, можна. Я лічу, што гэта нармальна, прынамсі, так павінна быць, каб маладая кроў ішла ў беларускую музыку. А чарты, у сваю чаргу, здольныя ў нейкай ступені расставіць адзнакі за зробленую працу.

Навагодняе шоў на Белсаце: у кампаніі з Вайцюшкевічам

Першая беларускамоўная песьня ў рэпэртуары Паўліны зьявілася ў 2009-м, але спатрэбілася больш за 5 гадоў, каб прэтэндаваць на «адкрыцьцё» па выніках музычнага сэзону. З улікам, што на наступны год Pauline наўрад ці зноў апынецца ў гэтай жа намінацыі, паўстае лягічнае пытаньне: у якой катэгорыі хацелася б адзначыцца?

Андрэй: Журналісцкая правакацыя, Паўліна, будзе пільнай (сьмяецца).

Паўліна: Вядома, хацелася б адразу намінавацца на «Грэмі» (сьмяецца). Але ўсяму свой час. Адкрыцьцём, дарэчы, можна быць і некалькі разоў. Прыкладам, праект Яна Маўзэра «Мама», які намінуецца разам з намі, робіць ужо другую спробу...

Андрэй: Гэта ўжо нецікава, аднаго разу хопіць...

Ударнік музычнага фронту Аляксандар Трухан

Ударнік музычнага фронту Аляксандар Трухан

Паўліна: Так, разумею, што гэта нецікава, бо пажадана адзін раз адкрыцца і потым ужо прэтэндаваць на «Героя году» — намінацыя, якая на «Тузіне» галоўнай. Яшчэ падумаем, як гэта зрабіць (сьмяюцца). Калі сур’ёзна, я вельмі ўдзячная Сяргею, Хрысьціне за той інтарэс, які зьявіўся да нашага калектыву ў тым ліку і зь іх падачы. Так, у кастрычніку здымалі навагодні канцэрт для Белсату, я таксама ўдзельнічала: са Зьмітром Вайцюшкевічам сьпявалі фінальную песьню «Бывайце здаровы, жывіце багата».

Андрэй: Можа, першы Новы год будзе без НТВ і розных іншых расейскіх каналаў — урубіў онлайн-трансьляцыю Белсату і атрымлівай асалоду...

Паўліна: Дарэчы, тыдні два таму быў перадпрагляд — як па мне, дык вельмі цікава атрымалася, вельмі якасна. Ня гледзячы на тое, што ўмовы былі, мякка кажучы, ня самыя лепшыя. То бок, ад таго, як было і што зьявілася на экране —толькі захапленьне. Шмат добрых песень, прысьвечаных Калядам, Новаму году; абсалютна нечаканыя зьвязкі — скажам, «Трубяцкой» з Памідоравым, «Рэлікт» з Аракелянам, «Шума» з Вінсэнтам. Многа цікавага, асабіста мне вельмі спадабалася.

Віртуозная Вераніка Крупіца

Віртуозная Вераніка Крупіца

А вось афіцыйныя тэлеканалы праект Pauline у якасьці «Адкрыцьця году» яўна не ацанілі. Хоць на ўсялякі выпадак і перапытваю: ці не запрашалі раптам на здымкі навагодніх шоў?

Паўліна: Не-не, не запрашалі. З уласнага досьведу ведаю, што і не запросяць, трэба самім туды прабівацца, тэлефанаваць, напрошвацца. Я неяк прэзэнтавала кліп на песьню «Пачакай» на АНТ, таксама быў ролік «Ой, па возеры» на «Беларусь 3» і на канале СТВ гучала песьня «Тонкімі» ў праграме «На тым жа месцы ў той жа час». Вось, бадай, і ўсё...

Экспэрымэнт з журфакам выявіўся вялікай памылкай

Слухаем песьню «Выбачай». У чарговай паўзе намагаюся высьветліць у Паўліны, якія чынам здарыўся радыкальны разварот у прыярытэтах? Дзяўчына з артыстычнай сям’і (яе мама Сьвятлана Цімохіна — вядучы майстар сцэны Беларускага дзяржаўнага тэатру лялек), але пасьля школы вырашыла паступаць на факультэт журналістыкі БДУ. Пры тым, што падавала надзеі ў музычнай галіне, дасканала асвоіўшы фартэпіяна і маючы выдатныя вакальныя дадзеныя. Што падштурхнула падацца ў журналісты?

Гітарная партыя Аляксея Вількота

Гітарная партыя Аляксея Вількота

Паўліна: Адсутнасьць патрэбнай колькасьці шэрага рэчыва (сьмяецца). Насамрэч з журфакам атрымалася памылка. Вядома, не магу сказаць, што журфак — гэта чорная старонка ў маім жыцьці, не, безумоўна. Тым ня меней, разумею, што гэта быў неабачлівы крок з майго боку. Хоць, як кажуць, і не без «дапамогі». У апошнія гады, калі вучылася ў музычнай школе, у мяне была спэцыялізацыя — фартэпіяна. Але там папросту адбілі жаданьне, імкненьне займацца музыкай.

Андрэй: Адназначна талент у Паўліны быў яшчэ да журфаку, але тое, што ў музычнай школе ўмеюць адбіць любую ахвоту — без пытаньняў.

Паўліна: Ну, так. Дайшло да таго, што я сказала маці: ня трэба ніякіх грошай, проста аддай каму-небудзь фано, не магу на яго нават глядзець. Для сябе вырашыла, што ніякага вяртаньня да музыкі ня будзе. Маральна была падрыхтаваная да журфаку, мела нейкія працы. Да таго ж, ніколі не ўзьнікала асаблівых праблемаў зь беларускай і рускай мовамі, падумала, што гатовая, каб зарабляць вялізныя ганарары (сьмяецца).

Рэпэтыцыя — з максымальнай аддачай

Рэпэтыцыя — з максымальнай аддачай

Паўліна дадае, што пасьля навучальнай установы непрацяглы час удалося папрацаваць па спэцыяльнасьці, але мары пра высокія ганарары збольшага ня спраўдзіліся. Зрэшты, цяперашняя праца мэнэджэра гэтаксама вымагае добрага валоданьня друкаваным словам:

Паўліна: Па-за штатам досыць шмат усяго рабіла, звычайна пісала пра тэатар, пра культурныя мерапрыемствы. Зараз працую капірайтэрам, спэцыялістам у аддзеле маркетынгу, у пэўным сэнсе функцыі блізкія: пішу для ўсяго — для тэлебачаньня, для радыё, для выданьняў. Недзе побач, але, вядома ж, не журналістыка ў чыстым выглядзе. І калі раптам запытаюць — дзе я хацела б працаваць журналістам — цяжка будзе адказаць. У мяне шмат хто са знаёмых, з аднакурсьнікаў працуе ў тым ліку на тэлебачаньні, хтосьці задаволены, хтосьці не, але асабіста я ўжо ня бачу сябе у гэтай прафэсіі. У ролі музыкі — бачу, у ролі журналіста — не.

Праклён «Эўрабачаньня»: няправільныя людзі глядзяць і адбіраюць

У часе рэпэтыцыйнай «шліфоўкі» чарговага нумару лаўлю сябе на думцы, што Pauline і кампанія адназначна не згубіліся б сярод кандыдатаў у нацыянальным адборы да конкурсу «Эўрабачаньне». Чаму не паспрабаваць сілы ў новай справе? Не пасуе фармат?

Андрэй: Ды не, фармат пасуе, відаць, не сасьпелі яшчэ...

Паўліна: Шчыра кажучы, мы разглядалі такую магчымасьць — каб паўдзельнічаць у адборы. Аднак потым узьніклі пэўныя абставіны, і мы зрабілі выбар на карысьць іншага. То бок, паўстала пытаньне, што рабіць: пісаць песьню для «Эўрабачаньня» ці займацца іншай справай. У выніку выбралі іншую справу — рабіць праграму.

Настроіцца перад наступнай песьняй

Настроіцца перад наступнай песьняй

Карэспандэнт: Чаму ў беларусаў не атрымліваецца скарыць сэрцы эўрапейскіх хатніх гаспадынь? Не з той песьняй спрабуюць уціснуцца, няправільныя людзі едуць, штосьці яшчэ?

Паўліна: Няправільныя людзі глядзяць і адбіраюць. Вось і ўсё...

Андрэй: Таму можа і добра, што не спрабавалі туды сунуцца.

Паўліна: Калі 10 гадоў судзьдзямі адны і тыя ж, то які можа быць вынік? Я нічога не кажу пра іх заслугі, яны ўсе паважаныя людзі. Але для мяне вялікае пытаньне: а што такое густ Алены Ланской? Што гэта за эталён? Таму і маем тое, што ёсьць. Той жа Ціхановіч, Раінчык: як музыкі яны фармаваліся ў іншы час, вырасьлі ў зусім іншай краіне, слухалі іншую музыку. А зараз столькі ўсяго! Нават наш Саша Трухан, які ў курсе ўсіх тэндэнцый, калі я яму нешта дасылаю, робіць новыя адкрыцьці. Музыкі надзвычай шмат, проста немагчыма ведаць пра ўсё. Атрымаўшы штосьці новенькае, ён зьдзіўляецца, але яму падабаецца адкрываць невядомае. А вось тыя людзі, якія засядаюць у журы, я лічу, зьдзіўляцца ня хочуць. Усе яны з застарэлымі густамі. Думаю, шмат хто са мной пагодзіцца.

Сярод дзясяткі фіналістаў сёлетняй фільтрацыі на «Эўрабачаньне» толькі адзін гурт засьпяваў па-беларуску — NAVI (калектыў, дарэчы, намінант на галоўную прэмію «Тузіна» «Героі году»). На колькі прынцыпова ісьці на адбор зь беларускай мовай? Прадстаўнікі іншых краінаў усё актыўней прасоўваюць нацыянальныя мовы, прычым, досыць пасьпяхова.

Андрэй: Для нас ці прынцыпова? Ну, калі зараз гэта ўжо можна, то чаму не? Наадварот, вельмі добра...

Паўліна: На «Эўрабачаньні» ёсьць такое правіла, што песьня можа выконвацца ці на ангельскай мове, ці на мове краіны, ад якой ты прыехаў...

Андрэй: Узьнікае праблема: у нас фактычна дзьве мовы.

Паўліна і Андрэй

Паўліна і Андрэй

Паўліна: Дзьве дзяржаўныя мовы? Добра, хай сабе. Тады ўжо кожны робіць свой выбар, кім ён сябе лічыць. Але, прыкладам, з Ізраілю прыяжджаюць сьпевакі, сьпявачкі і выконваюць песьні на іўрыце, ідышы. На дзяржаўных, родных мовах. А зь Беларусі яшчэ ніхто ніколі не паспрабаваў зьдзівіць беларускамоўнай песьняй. Гэта было б як мінімум цікава для «Эўрабачаньня», для эўрапейскага гледача і слухача. Можна спрабаваць. Галоўнае, каб гэта было яскрава, сучасна, каб песьня «чапляла». Проста часьцяком беларускае намагаюцца асацыяваць з у-у-у-х-скокамі, з фальклорам. Насамрэч гэта ня так. Ёсьць фальклор, гэта файна, але існуе сучасная музыка, якую ня сорамна паказаць самай патрабавальнай публіцы.... Мы сёньня таксама фолк граць ня будзем, сёньня больш па мэталу (сьмяецца).

Беларускамоўныя песьні не трапляюць у ратацыю з-за «нефармату»

Ня будзем замахвацца на эўрапейскага слухача — тутэйшы мэляман чуе беларускамоўныя песьні не нашмат часьцей. Як вырашаецца пытаньне ратацыі? Ці ахвотна бяруць песьні Pauline радыёстанцыі?

Паўліна: Некаторыя бяруць: прыкладам, «Менская хваля», «Сталіца», «Радыюс FM», інтэрнэт-радыё «А-плюс». Гасьцявала ў эфіры радыёстанцый «Культура», «Беларусь», на Першым нацыянальным канале радыё...

У паўзе

У паўзе

Андрэй: А ёсьць некаторыя, якія прынцыпова не бяруць беларускамоўныя рэчы — тая ж «Юністар». Іншая справа, што адкрыта пра гэта не гавораць...

Паўліна: Насамрэч ніхто ніколі не казаў, што мы ня возьмем вашу песьню, таму што яна на беларускай мове. Проста нефармат і ўсё — разумей, як хочаш. Пытаюся: а як трапіць у фармат? Адказваюць: паслухайце, калі ласка, Мадонну, Шакіру, Рыяну, у іх гук іншы. Вось так. А некаторыя зусім не адказваюць. Пісала на «Радыё АНТ», цікавілася, ці магу патрапіць у эфір, аддаць сваю песьню ў ратацыю — ігнор, ніякай рэакцыі. Хоць бы сказалі, што не падыходзіць песьня, буду прынамсі ведаць. Але проста ігнараваць — як мінімум непрафэсійна.

Слаба верыцца, што з прыбыткаў ад ратацыі на беларускі радыёстанцыях можна жыць, але тым ня меней: ці дзейнічае на справе сыстэма выплаты аўтарскіх ганарараў?

Паўліна: Практычна не. Некаторыя ледзь ня першай справай агучваюць такі пункцік: калі ласка, дасылайце свае песьні, але мы ня плацім аўтарскія адлічэньні. Ад тых, якія плацяць, сума набягае блізу 600 тысяч рублёў за паўгода, то бок, па 100 тысяч на месяц. Ясна, што на такія «ганарары» і дзень не пражывеш...

Андрэй: Хіба што наштампаваць сотні дзьве песень, запусьціць іх у абарот і чакаць, што возьмеш колькасьцю (сьмяецца).

Паўліна: Тым ня меней, у мяне ўсе песьні зарэгістраваныя. Але я рэгістравалася ў Нацыянальным цэнтры інтэлектуальнай уласнасьці не дзеля таго, каб мне плацілі грошы, а дзеля таго, каб мець правы. Калі раптам здарыцца які «замах», я магла прыйсьці і сказаць: вось паглядзіце, я зарэгістраваная як аўтар.

Аляксей і Паўліна

Аляксей і Паўліна

Аляксей: Кшталту — Вераніка дзесьці на капусьніку маю песьню без перадаплаты сыграла, хай цяпер плаціць (сьмяюцца).

Паўліна: Гэта збольшага страхоўка, калі раптам узьнікнуць нейкія спрэчныя пытаньні. Але аўтарскія ганарары — гэта ня тая тэма, якая актуальная для нашай краіны. Вядома, калі пісаць шмат фарматных песень — а мы разумеем, што такое фармат...

Аляксей: Шакіра, Рыяна, у якіх гук іншы... (сьмяюцца).

Паўліна: Вось-вось... Дзеля справядлівасьці, беларускага ў апошнія гады досыць шмат круцяць, калі параўноўваць нават зь нядаўнім мінулым, і гэта насамрэч іншая музыка. Таму тут я нават пагаджуся: у нас сапраўды іншы фармат і з гэтай прычыны для кагосьці мы можам быць нефарматам.

Андрэй: Пэўна, Саладуха ведае, які трэба каб быў фармат. Ці Раінчык з Ціхановічам. Ці можа Моўчан... Ну што, сыграем нефармат?

Спакуса карпаратывам: дзесьці можна, а дзесьці непажадана

Адным словам, сышліся на тым, што жыць выключна за кошт музыкі ў Беларусі немагчыма — каб утрымліваць сям’ю і ўкладаць у творчасьць. Прынамсі для абсалютнай большасьці выканаўцаў гэта актуальна:

Паўліна: Пакуль, на жаль, немагчыма...

Андрэй: А калі і магчыма, то хіба адзінкам, самым-самым вядомым: Міхалок, «Джэй Морс», яшчэ хтосьці. І тое складана...

Аляксандар: Справа ў тым, што калі ты робіш аўтарскую музыку і не ўваходзіш у абойму з «Песьнярамі», «Верасамі», «Сябрамі», то трэба іграць кавэры, каб абслугоўваць карпаратывы, вясельлі. Бо рэальныя грошы там, а не на радыёстанцыях...

Аляксандар і барабанная «устаноўка»

Аляксандар і барабанная «устаноўка»

Паўліна: Зноў жа, што мець на ўвазе. Калі мы кажам, што зарабляць музыкай — значыць граць кавэры на вясельлях, дык гэта не зусім творчасьць. Так, нібыта зарабляеш музыкай, але ж не сваёй: узяў чыёсьці гатовае, ды ўсё. А калі мы маем на ўвазе, што зарабляць музыкай — значыць, ствараць свой уласны прадукт, то гэта вельмі складана. Зрэшты, мне здаецца, гэта заўсёды і ўсюды складана, ня толькі ў Беларусі.

Андрэй: У іншых краінах канкурэнцыя яшчэ больш значна, у тых жа Штатах рынак хоць і вялізны, але ўсё роўна на слыху толькі самыя-самыя.

Перад калядна-навагоднім маратонам музыкі намагаюцца «падхалтурыць», каб хоць крыху паправіць сямейны бюджэт. Але сёлета дружна наракаюць на рэжым жорсткай эканоміі — кампаніі пераглядаюць бюджэты, ашчаджаючы на забавах:

Аляксей: А мы неяк і не займаемся гэтым, не карпаратыўныя...

Паўліна: Ну, так, мы і не казалі, што можаце да нас зьвяртацца. Па-мойму, не было нават такіх запытаў. Саша, што там, дарэчы са зваротамі?..

Аляксандар: Можа, у нас пакуль яшчэ ня так шмат песень для карпаратыву, каб зрабіць паўнавартасную праграму на паўтары гадзіны?

Паўліна: Так, у нас зараз праграма разьлічана на гадзіну, а карпаратывы звычайна прадугледжваюць два сэты па 45 хвілінаў кожны. Хоць гэта, вядома, усё ўмоўна, бо ўжо пасьля паўгадзіны могуць пачаць патрабаваць «А белый лебедь на пруду...». Не, пакуль няма прапановаў. Вядома, зайграць на нейкім мерапрыемстве можна, адзінае, да гэтага трэба падыходзіць вельмі адказна: дзесьці можна, а дзесьці непажадана.

Андрэй: Як на мой погляд, гэта можна зрабіць нават модай, фарматам. Чаму на вясельле не пазваць Паўліну? Гэта рамантычна, актуальна — беларускамоўнае вясельле. Як нешта прынцыпова новае: замест кавэр-бэнду паклікаць Паўліну. Не на юбілей дырэктара, а менавіта на вясельле.

Паўліна: На некаторых вясельлях я сьпявала, але без гурта, літаральна тры-чатыры песьні, як кажуць, па-сяброўску. Але гэта сапраўды можа быць тэмай.

Вераніка на працоўным месцы

Вераніка на працоўным месцы

Аляксандар: Але тады гэта зусім іншы мусіць быць узровень кампаній — якія ня хочуць слухаць трэш пад Верку Сярдзючку, а могуць і гатовыя запрасіць калектыў, які выконвае аўтарскую музыку.

Андрэй: Так, каб не папсовы прымітыў, а пра каханьне, пра пачуцьці, пра высокае, чаму не? Паўліна якраз вельмі пасуе. Але згодзен з Сашам, павінен быць адпаведны фармат. Нават калі вясельле — то сучаснае, хай і стылізаванае пад беларускасьць. І гэта якраз уваходзіць у моду, як мне падаецца: вышыванкі, беларуская мова. Гэта ўсё актуальна.

Аляксандар: Сёньня яшчэ засталіся кампаніі, у якіх шмат грошай, але яны запрашаюць Offspring. Могуць сабе дазволіць...

Гістарычна правільны вэктар: беларускасьць робіцца трэндам

Варыяцыі з вышыванкамі, сэлфі на фоне «Пагоні», разварот да беларускасьці — ці сапраўды нешта зьмяняецца ў сьвядомасьці многіх сучасных беларусаў, найперш у асяродку моладзі?

Андрэй: Думаю, што так. Я ня ведаю, хто гэта прыдумаў, чаму такі рух пайшоў менавіта цяпер — само па сабе грамадзтва ўзрушылася ці ўсё ж нехта так хітра пралічыў, каб усё беларускае стала ў трэндзе? Можа, з палітыкай зьвязана, з падзеямі ва Ўкраіне, усё магчыма. Але, на маю думку, вельмі нядрэнна, што ў такім напрамку разьвіваецца. Нават на ўзроўні вышэйшых структураў адчуваецца большая ляяльнасьць да той жа «Пагоні» — пра вышыванку ўжо не кажу, бо вышыванка фактычна на афіцыйным сьцягу. Можа калісьці навучымся і па-беларуску размаўляць.

Pauline: калектыў аднадумцаў

Pauline: калектыў аднадумцаў

Паўліна: Так, вядома, добрая тэндэнцыя: ўсё ж гэта наша гісторыя, якая бярэ свае карані са старажытнасьці — ад паганства празь Вялікае Княства Літоўскае да сёньняшняй незалежнасьці...

Падсумоўваючы плённую гутарку ў антуражы рэпэтыцыі, цікаўлюся ў Паўліны Цімохінай: ці ёсьць задаволенасьць ад няпоўнага году працы ў камандным фармаце?

Паўліна: Сам факт таго, што мы намінуемся на «герояў году», ужо станоўчы. А ўвогуле за гэты год у нас шмат было выступаў і, як мне падаецца, мы добра папрацавалі. Праўда, лічу, што трэба выкладацца яшчэ мацней і, галоўнае, больш сябе прасоўваць. Бо ня толькі музыка — надзвычай важныя ў дзейнасьці музыкаў і мэханізмы прасоўваньня...

Намінацыя «Адкрыцьцё году» па вэрсіі Tuzin.fm запачаткаваная ў 2007 годзе, першым пераможцам быў абвешчаны рок-праект Пятра Ялфімава PitBull. У наступныя гады першынствавалі Tlusta Lusta (2008), The Toobes (2009), Akute (2010), Паліна Рэспубліка (2011), «Людзі на балоце» (2012), Hurma (2013), Сяргей Башлыкевіч і Leibonik (2014).

«Героі году» маюць больш даўнюю гісторыю і адпачатку вызначаліся галасаваньнем за «Найлепшую песьню». У ліку пераможцаў былі «Крамбамбуля» (песьня «Люблю», 2004), Zet («Белакрылы анёл», 2005), Міхал Анемпадыстаў (аўтар песьні «Сьвятло ў цемры» IQ48 і «Аўтабіяграфіі» ад Лявона Вольскага і Ігара Варашкевіча, 2006), N.R.M. («Менск і Мінск», 2007), «Глюкі» («АntiEMO», 2008), «Ляпіс Трубяцкі» («Зорачкі», 2009), «Глюкі» («Краіна 2.0», разам з Mauzer і Green Che, 2010), «Ляпіс Трубяцкі» («Грай», 2011). Першымі паўнавартасны статус «Герояў году» атрымаў гурт Akute (2012), у 2013-м прэмію заваяваў гурт Re1ikt, а ў 2014-м — «Dzieciuki».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG