Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыя Вэнэсуэлы атрымала канстытуцыйную большасьць у парлямэнце


Падчас выбараў у Вэнэсуэле: лідэр вэнэсуэльскай апазыцыі Энрыке Капрылес у атачэньні журналістаў. Каракас, 6 сьнежня 2015 году

Падчас выбараў у Вэнэсуэле: лідэр вэнэсуэльскай апазыцыі Энрыке Капрылес у атачэньні журналістаў. Каракас, 6 сьнежня 2015 году

Апазыцыйныя палітычныя сілы зоймуць дзьве траціны месцаў у парлямэнце Вэнэсуэлы, што дазволіць ім уносіць зьмены ў канстытуцыю.

Афіцыйныя вынікі выбараў апублікаваныя на сайце Нацыянальнай выбарчай рады Вэнэсуэлы.

Кіроўная Сацыялістычная партыя Вэнэсуэлы атрымлівае 32,93% галасоў і займае толькі 55 месцаў у Нацыянальнай асамблеі. Апазыцыйная кааліцыя «Круглы стол дэмакратычнага адзінства» атрымлівае 109 месцаў, прадстаўнікі карэнных народаў — яшчэ тры месцы.

Усяго ў вэнэсуэльскім парлямэнце 167 месцаў, таму 111 месцаў дастаткова для фарміраваньня кваліфікаванай большасьці, у тым ліку для прыняцьця зьмяненьняў у Канстытуцыю. Таксама апазыцыя зможа неўзабаве запусьціць працэдуру імпічмэнту прэзыдэнта краіны Нікаласа Мадуры, пасьлядоўніка памерлага Ўга Чавэса.

Выбары ў Вэнэсуэле адбыліся на мінулым тыдні на фоне глыбокага эканамічнага крызісу, дэвальвацыі і дэфіцыту прадуктаў. На іх сацыялісты пацярпелі першае паражэньне з 1999 года.

XS
SM
MD
LG