Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бойкі «раён на раён»: гарадзенскі досьвед


Сучасная Горадня

Сучасная Горадня

Блог Сяргея Абламейкі «Лютасьць беларуская» выклікаў дыскусію на сайце Свабоды пра прычыны боек паміж вёскамі і раёнамі ў гарадах.

З гэтай нагоды карэспандэнт Свабоды пагутарыў з былымі ўдзельнікамі такіх масавых сутычак у Горадні, якія адбываліся ў 1970–80 гады, а пазьней спыніліся.

Біліся і ў Польшчы, Нямеччыне, Францыі

Мне давялося гутарыць на тэму моладзевых боек з замежнікамі, якія пацьвярджалі, што Беларусь у канцы мінулага стагодзьдзя ў гэтым пляне не вылучалася.

У суседняй Польшчы, паводле аповедаў многіх знаёмцаў, у гэты пэрыяд «тэрытарыяльныя» бойкі таксама былі ў модзе. Прычым, як у гарадах, так і на вёсках.

Мой знаёмы немец Хэльмут, які нарадзіўся і вырас у Заходнім Бэрліне, калі я аднойчы распавёў яму пра тыя бойкі, што былі ў Горадні ў 1970-я, папросту пасьмяяўся і сказаў, што дакладна тое самае адбывалася і ў Заходнім Бэрліне — калі ты зайшоў у чужы раён, то чакай, што проста так табе адтуль ня выйсьці.

Тое самае мне распавёў і знаёмы француз Цьеры, маладосьць і юнацтва якога праходзілі ў Парыжы. Бойкі паводле тэрытарыяльнай прыналежнасьці ў тыя гады, зь яго слоў, былі звычайнай справай, як і ў Горадні.

Гарадзенскі досьвед: адзін аднаго не шкадавалі, але да зброі не даходзіла

Горадня сёньня

Горадня сёньня

Пра свой удзел у бойках 1970–80-х гадоў распавядалі гарадзенцы Юры і Алесь, цяпер сталыя людзі, а тады актыўныя ўдзельнікі групавых боек.

— Горад дзялілі на «Цэнтар», «Маслабазу», «Палестыну», «Шанхай», «Пярэселку» а таксама «Гагарына» і «Фолюш» — згадвае спадар Алесь — і дастаткова было проста патрапіць у іншы раён горада, каб там цябе пабілі толькі за тое, што ты чужы. Але былі і больш драматычныя наступствы: наша суседка Галя, прыгожая дзяўчына, скардзілася, што не магла доўга выйсьці замуж, бо жаніхі баяліся праводзіць яе вечарамі дадому. Было дастаткова аднаго разу і болей жаданьня ісьці праводзіць другі раз адпадала. У мяне самога было такое: трапіў на «Гагарына», правёў дзяўчыну, вяртаўся, а тут перапыняюць і задаюць пытаньне — ты чаго нашыя соткі топчаш?... Прыйшоў дахаты з разарванай кашуляй, сінякамі і ў адной пантофлі.

Спадар Юры кажа, што тыя часы згадваюцца найперш, як нешта рамантычнае, але з іншага боку, паводле яго, хуліганка пачыналася ўжо з самых малых гадоў. Ён згадвае, што ў тыя часы многія сем’і жылі вельмі бедна і шмат хто зь ягоных сяброў і аднаклясьнікаў хадзілі на рынкі альбо ў крамы і папросту кралі харчы — рыбу, хлеб, кавуны, насеньне сланечніка, ды ўсё, што трапляла, бо былі галодныя. У гэтым за кампанію ўдзельнічаў і мой суразмоўца Юры:

Разам бегалі па адных вуліцах, рабілі самапалы, узрывалі ў вогнішчах патроны, карбід, а як падрасьлі і пайшлі ў старэйшыя клясы, у нас сфармавалася ўжо свая банда са сваімі лідэрамі.

— Разам бегалі па адных вуліцах, разам рабілі самапалы, узрывалі ў вогнішчах патроны, карбід, а як падрасьлі і пайшлі ў старэйшыя клясы, у нас сфармавалася ўжо свая банда са сваімі лідэрамі, у якой адзін за ўсіх і ўсе за аднаго.

Звычайна, паводле спадара Юрыя, канфлікты здараліся на роўным месцы: нехта пайшоў у іншы раён, там яго пабілі і тады зьбіраўся натоўп і ішлі разьбірацца. Здаралася так, што прызначалі месца сустрэчы. У падобных разборках, паводле спадара Юрыя, часьцей за ўсё ўдзельнічалі пераважна хлопцы ад 16-ці да 25 гадоў. Але здаралася так, што маглі падцягвацца і старэйшыя, нават мужчыны, бо яны таксама былі ў курсе таго, што адбываецца і стаялі гарой за свой раён.

— Звычайна такія месцы прызначалі альбо ў парку, на танцпляцоўцы і падвечар ужо ведалі, што на танцпляцоўцы павінна здарыцца бойка. Аднойчы, памятаю, была вялікая бойка, калі сярод белага дня «Гагарына» зышліся з «Пярэселкай» на новым мосьце. Быў перапынены нават аўтамабільны рух. А яшчэ мне вельмі запомнілася, калі мы, цэнтраўскія, зышліся з «Шанхаем» побач з Нёманам З абодвух бакоў было чалавек па 25. Нашыя хлопцы выцягнулі адразу падрыхтаваныя ланцугі, а тыя ў момант разабралі плот. Праўда, колькі я ня ўдзельнічаў у бойках, ніколі ў нас не было нажоў. Больш таго, калі нас разганяла міліцыя і мы ўсе разам уцякалі празь яры, то памятаю, як падаваў руку таму, з кім толькі што біўся, бо ён скочыў у нейкае балота...

Спадар Алесь, усьміхаючыся, дадае, што на танцпляцоўцы нават была адмысловая песьня, і калі яе пачыналі выконваць музыканты, то гэта было сыгналам да бойкі.

— Адзін з музыкантаў падыходзіў і цікавіўся — ці гатовыя мы. Некага штурхалі ў натоўп — і ўсё так пачыналася. Калі чалавек адбіваўся адзін ад траіх, то пускаў у ход папругу — гэта была асноўная зброя, а так пераважна біліся на танцляцоўцы кулакамі. І звычайна калі нехта ўпаў, то ўжо ніхто ня біў яго, ішлі да другога. Міліцыя прыбягала, але яны і выляталі адтуль таксама, толькі фуражкі ім потым кідалі, а яны самі нічога не маглі зрабіць.

Культ сілы і голад

На гарадзенскіх вуліцах

На гарадзенскіх вуліцах

У хлопцаў школьнага ўзросту ў той час, паводле спадара Юрыя, быў на першым месцы культ сілы: качаліся, трэніраваліся, зьбіраліся ў канкрэтных месцах, навучаліся розным прыёмам,

— На вуліцы Падольнай побач з пляжам гарадзкім часта зьбіраліся хлопцы 8-10 клясаў і трэніраваліся так, каб з аднаго ўдару «вырубіць» дарослага мужыка. Хадзілі чапляліся, «сшыбалі» грошы і цыгарэты. Праўда, не ва ўсіх гэта атрымлівалася, некаторыя паўторна гэтага ўжо не рабілі.

А спадару Алесю запала ў голаў тое, якія маштабныя падчас былі гэтыя бойкі:

— Машын у горадзе тады было няшмат і гул не стаяў, а калі ішлі арганізавана хлопцы на бойку, то здавалася, што рушаць чалавек трыста жаўнераў у ботах з абцасамі — такое ўражаньне стваралася.

Уявіце бойку на прывакзальнай плошчы, калі там чалавек трыста на трыста выходзіла, прыяжджала некалькі машынаў міліцыі і нічога не маглі зрабіць.

А ўявіце бойку на прывакзальнай плошчы, калі там чалавек трыста на трыста выходзіла, прыяжджала некалькі машынаў міліцыі і нічога не маглі зрабіць. А аднойчы, я сам прысутнічаў, каля піўной «Уралачка»: прыехалі два ўзводы аўтаматчыкаў і не давалі рады разагнаць бойку.

Спадар Юры згадвае яшчэ, што некаторыя іх разборкі былі загадзя вядомыя міліцыі. Аднойчы «Маслабаза» ішла на «Цэнтар», і каля чыгункі іх спынілі міліцыянты, узброеныя аўтаматамі.

— Але звычайна не было такога, каб біліся да нейкага канца, нас разганялі і ніхто нікога, як кажуць, насьмерць не дабіваў, проста ўцякалі ў розныя бакі і ўсё. Здараліся часам і калецтвы, але гэта часьцей за ўсё адбывалася, калі, скажам, маглі напасьці трох на аднаго, ці нешта падобнае, а калі групоўка ішла на групоўку, то абыходзіліся сінякамі...

Бойкі — наступства галечы

Сучасная Горадня

Сучасная Горадня

Урэшце задаю пытаньне — дзеля чаго вяліся гэтыя бойкі? Спадар Юры, усьміхаецца і кажа, што цяпер з аднаго боку нібыта і лёгка пра гэта казаць, але зразумець карані зьявы ўсё ж даволі складана. Праўда, ён зьвяртае ўвагу на тое, што бойкі не ўзьнікалі па нацыянальнай прыналежнасьці.

— Думаю, што ўсе мы тады даказвалі адзін аднаму, што ты нешта можаш. Тады існавала нейкая хуліганская рамантыка, сьпявалі песьні зэкаўскія пад гітару, з заміраньнем сэрца слухалі аповеды тых, хто быў у вязьніцы. І ўсё гэта было модна, бо і дзяўчаты на цябе інакш глядзелі, калі ты некага пабіў. Як на мой погляд дык усё гэта было наступствам постваеннай галечы, у якой тады яшчэ жылі людзі. Людзі сапраўды жылі цяжка, многія мае аднаклясьнікі хадзілі і папросту кралі харчы, бо былі галодныя. А ўжо пазьней зьявіліся доўгія валасы, нагавіцы клёш, зьявіўся нейкі новы пратэст. Цяпер гэтага нічога няма і хуліганскай рамантыкі не засталося.

XS
SM
MD
LG