Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трэці рэйх, СССР, М’янма, — якія краіны ігнаравалі сваіх Нобэлеўскіх ляўрэятаў


Уганараваньне Сьвятланы Алексіевіч нобэлеўскай прэміяй не заўважанае дзяржаўнымі мэдыямі Беларусі, Аляксандар Лукашэнка так і не накіраваў ёй сваё віншаваньне. Свабода высьветліла, якіх яшчэ нобэлеўскіх ляўрэатаў больш шанавалі за мяжой, чым на радзіме.

Нацысцкая Нямеччына

У Трэцім рэйху ня проста не шанавалі ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі, але і забаранілі ўсім нямецкім навукоўцам атрымоўваць яе. Адбылося гэта пасьля таго, як у 1936 годзе нобэлеўскую прэмію міру атрымаў Карл фон Асэцкі, вядомы антыфашыст і пацыфіст. На гэты момант ён ужо знаходзіўся ў канцэнтрацыйным лягеры. Гэта моцна раззлавала нацысцкія ўлады і яны запатрабавалі ад Нарвэгіі адмяніць узнагароду, а мясцовай прэсе забаранілі пісаць на гэтую тэму. Ляўрэату забаранілі наведаць Осла для атрыманьня ўзнагароды, хоць публічна Трэці рэйх настойваў на тым, што фон Асэцкі сам адмовіўся ад паездкі. Прэмію ён так і не атрымаў асабіста, памёршы ў шпіталі ў 1938-м, дзе знаходзіўся пад вартай сакрэтных службаў.

Больш за тое, калі Нямеччына акупавала Нарвэгію ў 1940-м, датычныя да рашэньня аб прысуджэньні прэміі сябры камітэту былі рэпрэсаваныя.

Пад ціскам нацысцкіх уладаў ад прэміі адмовіліся Р.Кун (1938 г., хімія), А. Бутэнандт (1939 г., хімія) і Г. Домагк (1939 г., мэдыцына). Яны атрымалі свае ўзнагароды пасьля сканчэньня Другой сусьветнай вайны.

СССР

Барыс Пастэрнак

Барыс Пастэрнак

У 1958-м годзе Барыс Пастэрнак атрымаў прэмію па літаратуры за раман «Доктар Жывага». У той жа дзень Прэзыдыюм ЦК КПСС прыняў пастанову, дзе твор пісьменьніка назвалі «хлусьлівым», а ўручэньне прэміі «чарговай спробай уцягваньня СССР у халодную вайну»

У прэсе зьявіўся шэраг публікацый, дзе Пастэрнака называлі ў тым ліку «пустазельлем, паршывай авечкай, нажыўкай». Сяргей Міхалкоў быў сярод іншых дзеячаў культуры, якія выступілі зь ініцыятывай пазбавіць Пастэрнака савецкага грамадзянства, ён таксама быў выключаны з Саюзу пісьменьнікаў. Па ўсёй краіне былі арганізаваныя народныя сходы, дзе грамадзяне «крытыкавалі» творчасьць нобэлеўскага ляўрэата. Менавіта тады зьявіўся выраз «не чытаў, але асуджаю»

Цікава, што ўручэньне прэміі Пастэрнаку супала з нобэлеўскай узнагародай савецкіх фізыкаў і ў прэсе пісалася, што навукоўцаў адзначылі аб’ектыўна, а вось рашэньне па літаратуры прадыктавана палітычнымі гульнямі.

Аляксандар Салжаніцын

Аляксандар Салжаніцын

У 1970 годзе прэмія па літаратуры была прысуджаная Аляксандру Салжаніцыну. У савецкіх газэтах была арганізавана магутная прапагандысцкая кампанія супраць Салжаніцына, аж да публікацыі ў савецкай прэсе «адкрытага ліста Салжаніцыну» Дзіна Рыда. Савецкія ўлады прапаноўвалі Салжаніцыну зьехаць з краіны, але ён адмовіўся. На ўручэньні ўзнагароды пісьменьнік не прысутнічаў, бо баяўся, што ўлады ня пусьцяць яго назад.

Іосіф Бродзкі

Іосіф Бродзкі

У 1987 годзе прэмію атрымаў Іосіф Бродзкі, але паэт-антысаветчык атрымаў яе як амэрыканец. Бродзкі быў вымушаны пакінуць краіну яшчэ перад Нобэлем — у СССР яго як паэта вінавацілі ў «дармаедзтве».

Адзіны савецкі пісьменьнік, якога не крытыкавалі савецкія ўлады за атрыманьня нобэлеўскай літаратурнай прэміі — Міхаіл Шолахаў. Ён атрымаў узнагароду ў 1965 годзе.

КНР

Далай Лама

Далай Лама

Кітайскія ўлады холадна ўспрынялі прысуджэньне Нобэлеўскай прэміі міру Далай Ламе ў 1989 годзе. Атрымаў ён яе за «пастаяннае супрацьдзеяньне прымяненьню гвалту ў барацьбе за вызваленьне Тыбэту ад кітайскай акупацыі». Але тагачасная рэакцыя была больш мяккай, чым у 2010-м, калі прэмію атрымаў дысыдэнт Лю Сяабо.

Спачатку Пэкін разгарнуў шырокую кампанію з мэтаю сарваць цырымонію ўручэньня прэміі. Ад удзелу ў цырымоніі адмовіліся амбасадары Кубы, Іраку, Казахстану, Марока, Расеі, Сэрбіі, Украіны, Пакістану і Аўганістану.

Пасьля Кітай уручыў афіцыйны пратэст нарвэскаму паслу і патрабаваў прабачэньняў. Лю Сяабо стаў адзін ляўрэатам прэміі, якому ня толькі не дазволілі асабіста прысутнічаць на цырымоніі, але і адмовілі ў гэтым яго сваякам і блізкім.

Пустое крэсла з дыплёмам і медалём, якія павінны былі ўручыць Лю Сяабо, у гарадзкой ратушы Осла, 10 сьнежня 2010 году

Пустое крэсла з дыплёмам і медалём, якія павінны былі ўручыць Лю Сяабо, у гарадзкой ратушы Осла, 10 сьнежня 2010 году

Таксама кітайскія ўлады ў 2010-м абвясьцілі пра стварэньне прэміі Канфуцыя як альтэрнатыву прэміі міру. У 2015-м яе атрымаў дыктатар Робэрт Мугабэ. А раней Ўладзімір Пуцін і Фідэль Кастра.

М’янма

Аун Сан Чу Чжы

Аун Сан Чу Чжы

Аун Сан Чу Чжы атрымала прэмію міру ў 1991-м годзе, на той момант яна трэці год знаходзілася пад хатнім арыштам. Лідэрка апазыцыі была зьмешчана туды, нягледзячы на перамогу на парлямэнцкіх выбарах — партыя Сан Чу Чжы набрала 82% галасоў, але ваенная хунта адмовілася аддаць уладу. На цырымоніі ў Осла прысутнічалі яе сыны. З-пад хатняга арышту яе выпусьцілі толькі ў 1995-м, але зноў вярнулі пад арышт у 2000-м. Канчаткова вызвалілі яе толькі ў 2010-м, у 2012-м яна стала дэпутатам парлямэнту, у 2015 яе партыя перамагла на выбарах, але Сан Чу Чжы ня можа стаць прэзыдэнтам, бо яе муж грамадзянін іншай краіны.

Нобэлеўскую прэмію Аун Сан Чу Чжы атрымала асабіста ў 2012 годзе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG