Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра «шмон», «прагон», «грев» і «понятия»


Яўген Васьковіч

Камэнтары былога палітвязьня да кнігі Андрэя Саньнікава «Беларуская Амэрыканка ці выбары пры дыктатуры».

Нядаўна ў сеціве зьявіліся вытрымкі з напісанай сп. Саньнікавым кнігі «Беларуская Амэрыканка ці выбары пры дыктатуры». Я абраў найбольш цікавыя для мяне моманты з гэтых урыўкаў і абляпіў іх уласнымі меркаваньнямі.

Вось што атрымалася.

«Шлёмка» як узмацняльнік тэлевізійнага сыгналу

Андрэй Саньнікаў пасьля вызваленьня

Андрэй Саньнікаў пасьля вызваленьня

«А я заслужыў нават шчырую павагу сукамэрнікаў, падказаўшы спосаб, які дапамог вярнуць жыцьцё згасаючаму тэлевізару. Антэну мы зрабілі з акуляраў у жалезнай аправе. У суседа былі запасныя. Зьнялі з дужак плястыкавыя наканечнікі, мэталічную дужку аправы ўваткнулі ў гняздо. І сыгнал сапраўды пачаў прабівацца. Тады ўжо мы ўдасканалілі нашу „антэну“, дадаўшы да яе канца звычайную „шлёмку“ — жалезную турэмную міску. Павярнуўшы яе ў пэўным напрамку, можна было ўжо дамагчыся даволі выразнага сыгналю. Нашая „антэна“ лавіла нават больш каналаў, чым стацыянарная.»

Спадабалася мне, як сп. Андрэй распавёў аб тым, што вынайшаў спосаб, як лавіць сыгнал праз акуляры і шлёмку. Так, ёсьць такое. Шмат чаго можна пабачыць у тых месцах. А калі яшчэ і навучысься, то блага ад таго ня будзе. Як кажуць у народзе, усё можа спатрэбіцца ў жыцьці.

«Дзярмовая кава»

Але, на маю думку, Андрэю Алегавічу не пасуюць выразы накшталт «дзярмовая кава», «дэбілы» і да таго падобнае. Не яго гэта слэнг, не яго імідж. Аўтар — чалавек адукаваны і інтэлігентны, дый я ніколі ня бачыў і ня чуў, каб сп. Саньнікаў дазваляў сабе грубыя выказваньні.

Што такое «шмон» і якія спосабы ўзьдзеяньня на асуджанага існуюць

«Татальны вобшук адбываўся ў бэтонным падвальным памяшканьні. Прымушалі распранацца, голым ставілі да сьцяны ў жудасны холад. Зь нейкай д’ябальскай асалодаю раскідвалі ўсе рэчы па падлозе. Ды яшчэ прымушалі прысядаць на балючую нагу».

Вось адзін момант з жыцьця на «Амэрыканцы». На пэрсанальным «шмоне» сп. Андрэя распраналі дагала і прымушалі стаяць такім чынам ля сьцяны. Для арыштанта гэтае ўяўляецца непрымальным, бо супярэчыць паняткам простай мужчынскай годнасьці. Але палітык мусіць адразу вызначыцца, як ён будзе паводзіць сябе зь «мянтамі», «зэкамі» і, прыняўшы рашэньне — прытрымлівацца гэтых паводзінаў заўжды.

Аднак «шмоны» — не адзіны прыём, з дапамогаю якога спрабавалі ўзьдзейнічаць на сп. Саньнікава. У гэтых рэпрэсіях былі задзейнічаныя й асуджаныя, якія знаходзіліся побач з былым кандыдатам на пасаду прэзыдэнта. Яны пачалі вінаваціць сп. Андрэя ў тым, што ў камэры з-за яго ўзьнікаюць праблемы: шмат увагі з боку «мянтоў», празьмернае зацісканьне рэжыму ўтрыманьня. Хачу тут зьвярнуць увагу, што паводле крымінальных «понятий», ніхто ня мае права казаць, быццам з-за цябе мянты чыняць праблемы астатнім, калі гэта адбываецца з-за тваіх поглядаў, калі гэтага нельга пазьбегчы. Тое, што ты вядзеш барацьбу з рэжымам, ставіць цябе на адзін узровень з правільнымі «зэкамі» (у тым сэнсе, што ты паказваеш прыклад годнага жыцьця). Таму сп. Саньнікаву трэба было адразу пераходзіць у наступ: даказваць сваю правату, нават калі для гэтага трэба выкарыстаць кулакі. Там разумеюць толькі мову сілы.

І яшчэ хацеў бы адзначыць такі момант. Розьніца паміж звычайным арыштантам і палітычным, калі той трапляе ў прэс-хату, заключаецца ў тым, што арыштант не трывае катаваньняў. Наадварот, ён пераходзіць у наступ. Калі арыштант ня можа фізычна ці псыхалягічна ўзьдзейнічаць на тых, хто чыніць гвалт у дачыненьні да яго ці проста мае такі намер, то ён наносіць шкоду сабе, свайму здароўю: часьцей за ўсё — «вскрывается». І ў гэтым заключаецца арыштанцкая моц. Арыштанты заўжды гатовыя да гвалту і несправядлівасьці, для іх няма сяброў і прыяцеляў. Палітычныя ж зьяўляюцца больш адукаванымі й выхаванымі. Таму падобныя дзеяньні, часьцей, нават не прыходзяць ім да галавы.

Аб тым, чым уласны імідж дапамагае асуджанаму

Далей сп. Андрэй распавядае аб тым, як справы падзеяў 19 сьнежня і справу тэрарыстаў стараліся пераплесьці. Выдатны, на маю думку, ідэалягічны ход КДБ: грамадзяне, праглядаючы навіны, маглі падсьвядома параўноўваць гэтыя падзеі і прыходзіць да «правільных» высноваў. Разуменьне гэтага, напэўна, пагоршвала псыхалягічны стан. Жорстка, але — як ёсьць. Мяркую, ніколі ня трэба забываць аб катаваньнях і думаць пра тое ўвесь час, нават знаходзячыся на волі, у адносна добрых умовах.

Яўген Васьковіч у Празе, лістапад 2015

Яўген Васьковіч у Празе, лістапад 2015

Я ўзяў сабе за правіла: заўжды, хоць раз на дзень, прадумваць ва ўсіх падрабязнасьцях катаваньні мяне, нават самыя неверагодныя. Гэта дазваляе хоць неяк падрыхтавацца. Я стараўся ня марыць аб нейкім паляпшэньні (шчыра кажучы, было цяжка), каб псыхалягічна вытрымліваць усё, што адбывалася са мной.

Таксама важна стварыць свой імідж: як для «мянтоў», так і для «зэкаў». Для гэтага, як ні цяжка, трэба гнуць сваю лінію, прытрымлівацца пэўных мадэляў паводзінаў доўгі час. Толькі калі будзе створанае вонкавае аблічча, толькі тады можна ўплятаць у яго «ўдакладненьні», то бок — рабіць яго пашыраным. Гэта дазваляе пазьбегчы шматлікіх катаваньняў і спробаў замаху. Чаму трэба ствараць імідж доўгі час? Бо адразу да чалавека прыглядаюцца, выпрабоўваюць яго, вывучаюць спосабы ўзьдзеяньня. Дасьведчаны арыштант заўжды будзе вывучаць сваё атачэньне, аналізаваць падзеі, людзей, прадумваць спосабы наступу і абароны для кожнага чалавека. І тое ня значыць, што ён днямі й начамі сядзіць ды думае. Не, ён жыве сваім звычайным жыцьцём, але ўжо неўсьвядомлена прымае найлепшыя для сябе рашэньні. Яшчэ перавага арыштанта над палітычным заключаецца ў тым, што першы не сумняваецца ў правільнасьці сваіх дзеяньняў. Напэўна, гэта ад таго, што арыштант наогул менш адукаваны, не «сапсаваны» адукацыяй і ведамі, а таму можа лепш чуць свой нюх. Мне асабіста было цяжка прыслухоўвацца да сваёй падсьвядомасьці. Гэтая якасьць выгартоўвалася цягам месяцаў, асабліва калі знаходзіўся ў штрафным ізалятары.

Для таго, каб выпрацаваць у сабе ўсё вышэйапісанае, трэба ўлівацца ў жыцьцё таго асяродзьдзя, у якім знаходзісься. Але, па ўсім бачна, што сп. Саньнікаў не зьбіраўся жыць тым розумам, што бліжэйшыя гады ён, хутчэй за ўсё, правядзе ў зьняволеньні. На маю думку, гэта пайшло яму на шкоду. Толькі ўсьвядоміўшы сябе жыхаром (а ў душы нават гаспадаром) тых месцаў, можна выпрацаваць найлепшую стратэгію і тактыку супраціву тым, хто табе шкодзіць. Я мяркую, што трэба абстрагавацца ад непрыемных думак і ўражаньняў, нібыта ты — не крымінальнік. Што лягчэй абараняць: уласны дом ці чужыя, няродныя мясьціны? Думаю — уласны дом.

Трэба ведаць, каб не нашкодзіць

Добра, калі хтосьці на волі ведае, як працуе сыстэма знутры, некаторыя асаблівыя акалічнасьці знаходжаньня ў «зоне». Такім прыкладам у кнізе Саньнікава можа служыць жонка сп. Бандарэнкі Вольга, якая прапанавала сп. Ірыне Халіп прызначыць спатканьне са сваімі мужамі на «Валадарцы» ў адзін час. Так і зрабілі. Дзякуючы гэтаму два палітычныя маглі паразмаўляць амаль сам-насам па дарозе на спатканьне. Калі хтосьці на волі ведае асаблівасьці жыцьця ў турме, тое вельмі дапамагае пазьбегчы шматлікіх недакладнасьцяў і непаразуменьняў.

Адказнасьць за сябе і іншых павінна заўжды стрымліваць

«У 2011 годзе, калі ўжо скончыўся суд, я зьвярнуўся з турмы з патрабаваньнем правесьці другі тур выбараў... Заяву я перасылаў у „малявах“ і ў лістах.»

Знаходзячыся на «Валадарцы», сп. Андрэй выгнаў на волю так званыя «малявы» з тэкстам-заклікам да грамадзянаў Беларусі, сваіх паплечнікаў і міжнароднай грамадзкасьці. Гэтыя маленечкія лісты меліся быць апублікаванымі ў прэсе. Але я мяркую, што калі б кандыдаты ў прэзыдэнты 2010 году, якія знаходзіліся на волі, і падтрымалі б прапанову сп. Саньнікава аб правядзеньні другога туру выбараў, выніку ўсё адно тое не дало б. Да таго, на маю думку, вельмі неабачліва было рабіць гэты крок. Тым больш Андрэй Алегавіч сам заўважыў, што: «Гэта быў рызыкоўны крок для майго далейшага турэмнага лёсу...». Мая асабістая пазыцыя такая, што калі нейкае дзеяньне не прыносіць канкрэтных і дакладных вынікаў, яго ня варта рабіць. Заявы ж сп. Андрэя далі падставы для супрацоўнікаў адміністрацыі і КДБ узмацніць рэпрэсіі ў дачыненьні да — цытата — «галоўнага ворага» Лукашэнкі.
Але «выганяць» на волю «малявы» з паведамленьнямі для прэсы (не бярэм выпадкі, якія датычаць небясьпекі для ўласнага жыцьця, годнасьці і да таго падобнае), на маю думку, ня варта. Бо гэтыя рэчы могуць пашкодзіць ня толькі асабіста таму, хто іх «выганяў», але й атачэньню гэтага чалавека, астатнім асуджаным.

А баяцца Лукашэнку было чаго. Варта толькі прыгадаць асабістыя сувязі аўтара кнігі, пра ўрыўкі зь якой я пішу. Напрыклад, Ян Новак-Езяраньскі, былы раднік чатырох прэзыдэнтаў ЗША, ці сп. Зьбігнеў Бжэзінскі, былы дарадца прэзыдэнта ЗША па нацыянальнай бясьпецы. Гэта ўплывовыя людзі, аўтарытэт якіх адчыняе дзьверы ў высокія кабінэты. Вось і баяліся ўлады заяваў сп. Саньнікава. Але страх драпежніка адрозьніваецца ад такога ж пачуцьця ў траваедных. Менавіта таму любая ўлада на постсавецкай прасторы ратуе сябе праз напад у адказ. На Андрэя Алегавіча пачалося паляваньне. І пераезд у «зону» пасьля ягонай публікацыі быў сыгналам таму.

Хачу заўважыць, што ўсе цытаты з маімі выказваньнямі, якія публікаваліся ў прэсе падчас адбываньня мною тэрміну, былі ўзятыя з маіх афіцыйных лістоў на волю. Калі б камусьці з КДБ штосьці не спадабалася ў гэтых выказваньнях, то я мог зь лёгкасьцю сказаць: «Я пісаў гэта ў звычайным лісьце, яго прапусьціла ваша адміністрацыя; пытайцеся ў іх — чаму».

«Ідзець этап...»
(зь песьні аднаго з расейскіх «шансанье», Міхаіла Круга)

«Рушыў цягнік. Канваіры выклікаюць на „шмон“ па адным у асобнае купэ. Потым разьмяркоўваюць нанова, паводле нейкай уласнай лёгікі.»

У «сталыпіне» асуджаных сартуюць паводле наступных прыкметаў: упершыню ці не асуджаны знаходзіцца ва ўстановах пазбаўленьня волі, то бок паводле рэжымаў; паводле полу і ўзросту (жанчына, мужчына, малалетні); асуджаных да пажыцьцёвага тэрміну, як і да вышэйшай меры, вязуць асобна; ВІЧ, СНІД, сухоты і некаторыя іншыя захворваньні, якія перадаюцца адносна лёгкім чынам, таксама ўплываюць на разьмяшчэньне асуджанага ў іншай камэры «сталыпіна». (Дарэчы, хворыя на сухоты маюць насіць рэсьпіратар (звычайна — марлевая павязка).)

Але я ўпершыню пачуў, каб «шмон» адбываўся ў «сталыпіне». Звычайна, вобшук рэчаў асуджанага і яго самога праводзяць перад тым, як вывезьці з установы. Часьцей за ўсё гэта робяць два разы: першы — супрацоўнікі ўстановы, зь якой асуджаны адбывае на этап; другі — канваіры. Гэта дазваляе не марнаваць час у момант перавозкі і да таго дае гарантыі бясьпекі, што ніхто не ўцячэ падчас перавозкі да «сталыпіна».
Этап у Віцебскую вобласьць зь Менску і асабліва з Гомелю ці Берасьця або Гародні зьяўляецца самым вялікім. Асуджаныя называюць яго яшчэ «кругасьветкаю».

Як варта разумець ахвяру

«У карантынным атрадзе, куды новыя „зэкі“ накіроўваюцца як мінімум на два тыдні, я адразу атрымаў ад іншых зьняволеных газэты. А таксама „грев“ — цыгарэты, гарбату й харчы, якія перадаваліся патаемна зь іншых атрадаў. У мяне ўсяго свайго пакуль было яшчэ дастаткова. Аднак адмовіцца — гэта адрынуць шчырую дапамогу таварышаў па няшчасьці. Некаторыя дэманстратыўна перадавалі гарбату, цыгарэты празь сетку ў „лякальцы“ — адгароджанай тэрыторыі перад кожным атрадам. За гэткія ўчынкі звычайна парушальнікаў адпраўляюць у ШІЗА — відэакамэра нездарма ж скіраваная наўпрост на карантын. Пасьля некалькіх гэткіх выпадкаў я да той сеткі нават не набліжаўся, каб не падстаўляць іншых.»

Мяне вельмі закранула тэма салідарнасьці паміж асуджанымі, якую апісвае ў сваіх урыўках сп. Андрэй. Але гэтымі расповедамі ён псуе сытуацыю з гэтай зьяваю. Напрыклад, адміністрацыя ўстановаў можа скарыстацца дадзенымі нататкамі каб «заціснуць на корані» небясьпечную салідарнасьць. Аб чым такім распавядае Андрэй Алегавіч? Напрыклад, аб тым, што «зэкі» перадавалі яму «грева». За такія рэчы ў нашай пэнітэнцыярнай сыстэме прадугледжана шмат пакараньняў. У свой час дзеяньні палітзьняволеных, падобныя да расповеду сп. Андрэя, прыводзілі да варожага стаўленьня арыштантаў да палітычных. Цяпер таксама ўлада, калі ў Беларусі зьявяцца новыя палітычныя, можа падбухторваць арыштантаў як мінімум не давяраць і не сябраваць з палітычнымі. А як максымум... Думаю, разумееце.

Потым сп. Саньнікаў прыгадвае, што яму ўпотай падарылі радыёпрыёмнік і ён мог слухаць Радыё Свабода ў патайным закутку, які зладзілі спэцыяльна для яго (мяркую, гэта зрабілі «зэкі»). Далей яшчэ болей. Андрэй Алегавіч распавядае, як ягоны стрыечны брат дамовіўся зь іншым асуджаным калёніі (напэўна, праз волю) зрабіць перадачу для сп. Саньнікава праз гэтага чалавека. І яшчэ шмат чаго іншага было распаведзена сп. Андрэем.

Мяркую, што сп. Саньнікаву лепей было б крыху асьцярожней падбіраць рэчы, аб якіх можна гаварыць. Рэжым яшчэ ня зрынуты. Таму варта задумацца ня толькі аб тым, як давядзецца сядзець самому, але й аб тым, як будуць адчуваць сябе ў «зонах» іншыя палітычныя. Практычна гэтаму ж вучыць і мараль крымінальнага сьвету: не рабі такога, што можа нашкодзіць агульнаму руху і іншым паплечнікам. Але адказнасьць за парушэньне гэтага прынцыпу адрозьніваецца ў палітычных і арыштантаў.
Ахвяраваць сабой можна. Але лепш, на маю думку, рабіць гэта зь меншымі стратамі.

Што такое «бумаги» і для чаго іх прыдумалі

«Я меркаваў, што начальнік калёніі запатрабуе неадкладна падпісаць усе тыя „бумаги“, якія раней падпісваць адмаўляўся. Гэткага подпісу патрабуюць звычайна ад усіх, акрамя хіба тых, хто „в отказе“. Аднак гэтую праблему ён нібыта вынес за дужкі размовы.»

Сп. Андрэй кажа, што яго не разьмясьцілі ў штрафны ізалятар за непадпісаньне «бумаг». На звычайнай практыцы штрафны ізалятар (ШІЗА) выкарыстоўваюць як інструмэнт для падпарадкаваньня вязьня адміністрацыі. Паводле меркаваньня міліцыянтаў, чалавек без «бумаг» — пагроза для іх. Гэты крок — паставіць свой подпіс пад заявай не парушаць закон — зьяўляецца непрымальным для крымінальнікаў. І вось, ведаючы гэтыя абставіны, улады на пачатку 2000-х пачалі бароцца зь «безбумажниками». Выкарыстоўвалі любыя мэтады, зьбіцьцё, рэпрэсіі, катаваньні. Паралельна з гэтым асуджаных разьмяркоўвалі паводле іх рэжымаў, што не дазваляла «пачаткоўцам» адукавацца паводле турэмных «понятий».

Цяпер за непадпісаньне «бумаг» ня б’юць (ва ўсялякім выпадку, я пра такое ня чуў). Цяперашняя адміністрацыя пэнітэнцыярных установаў стараецца ўплываць на асуджаных перш за ўсё псыхалягічна. І першы захад — разьмяшчэньне ў ШІЗА.

Неразьмяшчэньне ж у штрафны ізалятар за непадпісаньне «бумаг» адбываецца па некалькіх прычынах. Вось яны: чалавек непісьменны і не прадстаўляе небясьпекі для адміністрацыі; супрацоўнічае з адміністрацыяй; пратэстуе супраць прысуду, але выконвае ўсе абавязкі асуджанага і не парушае рэжым утрыманьня; бываюць так званыя «апэратыўныя меркаваньні», паводле якіх праводзяць высьвятленьне таго, якім чынам узьдзейнічаць на гэтага асуджанага (калі тое, зноўку ж, не нясе небясьпекі для адміністрацыі). У сытуацыі сп. Саньнікава першыя два пункты можна адкінуць адразу. А вось пратэст у дачыненьні да прысуду і «апэратыўныя меркаваньні» сюды вельмі ўпісваюцца, на маю думку. Але я б дадаў яшчэ такі момант, што напачатку адседкі палітвязьня адміністрацыя наконт усяго раіцца зь «верхам» (у дадзеным выпадку — КДБ). Толькі пасьля таго, як міне пэўны тэрмін і будзе складзены больш-менш поўны псыхалягічны партрэт асуджанага (вось дзеля чаго патрэбныя ўсялякія псыхалягічныя тэсты, размовы з псыхолягамі, апэратыўнікамі, сочка з боку падуладных асуджанымі, размовы аб дадзеным аб’екце назіраньня зь непадуладнымі, дробныя правакацыі і парушэньне правоў асуджанага), адміністрацыя можа ня раіцца зь «вярхамі» наконт сваіх дзеяньняў.

Слоўнік турэмнага жаргону, выкарыстанага ў тэксьце

Шлёмка — алюмініевая міска аднолькавага ўзору ва ўсіх установах пэнітэнцыярнай сыстэмы.

Шмон — вобшук асуджанага. Яго падзяляюць на два віды: поўны і няпоўны. Няпоўны вобшук прадугледжвае, што асуджаны стаіць ля сьцяны тварам да яе, паставіўшы ногі на шырыні плячэй, дакранаючыся рукамі да сьцяны тыльным бокам далоняў^; чалавека абшукваюць па версе вопраткі. Поўны вобшук прадугледжвае агляд асабістых рэчаў асуджанага, а таксама ягонае разьдзяваньне і агляд адзеньня. Часта «шмон» можа суправаджацца некарэктным стаўленьнем да рэчаў асуджанага і да яго самога. Такім чынам супрацоўнікі адміністрацыі правяраюць баязьлівасьць чалавека і ягонае пачуцьцё гонару.

Понятия — крымінальны лад жыцьця, які ахоплівае ўсе сфэры як на волі, гэтак і ў пэнітэнцыярнай сыстэме. Паходзіць ад слова «поніманіе» (разуменьне), што адлюстроўвае сам сэнс крымінальнага кодэксу гонару. «Да ўсяго трэба падыходзіць з разуменьнем, кожная сытуацыя мае свае асаблівасьці і ніколі не паўтараецца» — кажуць там. Дзякуючы гэтаму расейская мадэль крымінальнага сьвету, нягледзячы на сваю жорсткую кансэрватыўнасьць, зьяўляецца вельмі гнуткай, і для чалавека, незнаёмага зь ёй, вельмі непрадказальнай.

Вскрываться — чыніць сабе шкоду шляхам разразаньня свайго цела: венаў, жывата, шыі і да таго падобнага. Зьяўляецца, як і галадоўка, надзвычайным захадам. То бок, калі чалавек робіць такія рэчы беспадстаўна, яго могуць пабіць за тое арыштанты (пра тое, што гэта надзвычайныя захады, трэба тлумачыць загадзя). Разразаньне чыняць у адказ на «беспредел» міліцыянтаў альбо іншых асуджаных. За «беспредел» паводле крымінальнага кодэксу гонару як мінімум зьбіваюць, а ў некаторых выпадках — забіваюць.

ШІЗА (штрафны ізалятар, на жаргоне «кича») — памяшканьне, у якое зьмяшчаюць парушальнікаў рэжыму ўтрыманьня пэнітэнцыярнай установы. Звычайна, гэта невялікая камэра, у якой дазваляецца мець толькі кавалак мыла, зубныя шчотку й пасту, вафэльны ручнік, алюмініевы кубачак (бяз ручкі), паперу для прыбіральні (часам не дазваляюць пакідаць рулён цалкам). На дзень «нара» (які хаця ложак паводле турэмнага жаргону) прымацоўваецца да сьцяны. Якая хаця літаратура, нататкі, ежа, цыгарэты, гарбата і да таго падобнае — забароненыя. Прыбіральня й мыйнік знаходзяцца ў камэры. Прыбіральня ня мае дзьвярэй і часам нават перагародкі.

Малява — маленькі лісток, на якім пішуць паведамленьні і перадаюць іх забароненым чынам (на волю ці ў іншую камэру, калі ў турме, альбо з ШІЗА ў «зону» і да таго падобнае). «Малявы» забароненыя. У свой час, каб за гэта не зьбівалі і не забівалі міліцыянты, арыштанты вымушаныя былі адстойваць гэта ўласным здароўем і нават жыцьцём. Таму, за згубу альбо перадачу «малявы» мянтам, а таксама чытаньне яе, калі ты не адрасат, чалавека караюць: зьбіцьцём, забойствам ці «апускаюць» (калі вышэй абазначаныя рэчы датычацца сур’ёзных момантаў, такіх як «прагон»).

Прагон — некаторыя пастановы найвышэйшай касты расейскага крымінальнага сьвету — «вароў», — якія маюць моц закону. То бок тое, што напісана ў «прагоне», абавязкова для выкананьня ўсімі, хто знаходзіцца ў пэнітэнцыярнай сыстэме. За непадпарадкаваньне напісанаму альбо перакручваньне яго прадугледжана пакараньне адным (альбо ўсімі адразу) спосабамі, пералічанымі вышэй.

Сталыпін — вагон для перавозкі асуджаных з адной установы ў другу. Мае падзел на камэры, дзе разьмяшчаюць «зэкаў» паводле рэжымаў, полу і ўзросту. Звычайна, прычапляецца да цягніка, які ідзе ў патрэбны бок.

Грев — тое, што зьбіраюць асуджаныя ў знак сваёй салідарнасьці да тых, хто толькі прыехаў ва ўстанову, знаходзіцца ў шпіталі пры «зоне» альбо сядзіць у ШІЗА ці толькі выйшаў зь яго. У «зоне» «сьвятымі месцамі» зьяўляюцца «кіча», «бальнічка» (шпіталь) і карантын.

Бумаги — абавязаньне, у якім гаворыцца, што асуджаны ня будзе парушаць рэжым утрыманьня ва ўстанове і будзе выконваць законныя патрабаваньні супрацоўнікаў адміністрацыі; сярод асуджаных лічыцца, што падпісаўшы іх, чалавек аўтаматычна прызнае сваю віну па крымінальнай справе за якую сядзіць.

XS
SM
MD
LG