Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Брусэль дасылае ў Менск сваіх экспэртаў


Эўрапейская служба зьнешніх дзеяньняў у Брусэлі

Эўрапейская служба зьнешніх дзеяньняў у Брусэлі

Дэлегацыя Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў і Генэральнага дырэктарату Эўрапейскай камісіі па палітыцы суседзтва наведае Менск 9-10 сьнежня.

Гэта першы візыт эўрапейскіх чыноўнікаў такога высокага роўню пасьля завяршэньня чарговай прэзыдэнцкай кампаніі ў Беларусі.

У склад дэлегацыі ўваходзяць намесьнікі кіраўнікоў дзьвюх згаданых структураў — Гунар Віганд і Катарына Матэрнава. Разам зь імі прыбывае і прадстаўнік Генэральнага дырэктарату Эўрапейскай камісіі ў справах гандлю.

Як паведамілі Свабодзе ў прадстаўніцтве Эўрапейскага Зьвязу ў Беларусі, «Дэлегацыя сустрэнецца з прадстаўнікамі беларускіх уладаў, грамадзянскай супольнасьці, апазыцыйных партыяў, а таксама з кіраўнікамі місіяў краін Эўразьвязу і прадстаўнікамі міжнародных арганізацыяў, каб ацаніць стан дачыненьняў паміж Эўразьвязам і Беларусьсю і абмеркаваць далейшыя крокі».

Кіраўнік менскага Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў сказаў Свабодзе:

Андрэй Ягораў

Андрэй Ягораў

«Адметнасьць гэтага візыту найперш у тым, што гэта першы прыезд у Беларусь чыноўнікаў Эўразьвязу пасьля таго, як санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў часова зьнятыя. Тыя людзі, якія прыяжджаюць з Брусэлю, хочуць высьветліць, ці Беларусь сапраўды зьбіраецца рухацца шляхам рэформаў, шляхам зьменаў, ці сытуацыя застаецца закансэрваванай.

Першае, патрэбна вызначыцца з правамі чалавека. Далей — разьбірацца з пытаньнямі, якія стаяць на парадку дня ў дачыненьнях з Эўрапейскім Зьвязам: Усясьветная гандлёвая арганізацыя, Балёнскі працэс, візавая фасілітацыя, мабільнае партнэрства, якое, магчыма, будзе ўведзенае з Беларусьсю, а таксама фінансавая дапамога Беларусі ў выглядзе розных праграмаў».

На сустрэчы з прадстаўнікамі апазыцыйных палітычных партыяў ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі будзе прысутнічаць намесьнік партыйнага старшыні Леў Марголін:

Леў Марголін

Леў Марголін

«Да гэтага яны будуць размаўляць з уладамі. Я думаю, што гэта важна. У Беларусі ёсьць пэўная адліга. Я гэта кажу на прыкладзе старшыні нашай партыі Анатоля Лябедзькі, які за апошнія паўгода ніводнага разу не сядзеў у пастарунку. Бо, калі б у яго летась была такая актыўнасьць, то ён ужо б абавязкова атрымаў свае 15 сутак.

Важна і тое, што чыноўнікі Эўразьвязу не ігнаруюць апазыцыю, а цікавяцца і нашымі думкамі. Бо калі б такіх сустрэч не было, то яны атрымалі б скажоную інфармацыю з боку ўладаў.

Ёсьць адна тэма, якую мы ніколі не забываем. Гэта — свабодныя выбары. Нядаўна скончылі адну кампанію і ўступаем плаўна ў другую — кампанію парлямэнцкіх выбараў.

Ёсьць пэўны час да лютага наступнага году, калі зноў будзе разглядацца пытаньне пра кропкавыя санкцыі. Бо мала, што ёсьць адліга, калі ўлады нечага брутальнага не робяць. Трэба, каб улады зрабілі і нешта пазытыўнае».

У прадстаўніцтве Эўразьвязу ў Беларусі таксама паведамілі, што 7-9 сьнежня у Менску працуе іншая дэлегацыя з Брусэлю. Яна рыхтуе штогадовую праграму дзеяньняў Эўрапейскага Зьвязу для Рэспублікі Беларусь. То бок, гэта праграма супрацы зь Беларусьсю на 2016 год пры фінансавай падтрымцы Эўразьвязу. Дэлегацыю ўзначальвае Мацье Бускэ з Генэральнага дырэктарату Эўрапейскай камісіі па палітыцы суседзтва і перамовах аб пашырэньні.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG