Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зь сямідзесяці кіляграмаў шакаляду зрабілі статую Пуціна. Піцерскія кандытары вырашылі падсаладзіць земляку складанае прэзыдэнцкае жыцьцё яго гаркава-салодкай копіяй.

Прэзыдэнта Расеі і сабаку каля ног паказалі на шакаляднай выставе. Хацелася забіць двух зайцоў: паведаміць у кнігу рэкордаў Гінэса і падараваць копію «арыгіналу». Што яму зь ёй рабіць? Ягоная справа. Можа прэмію выпіша аўтарам. Хаця можа, наадварот, не зразумець гумару. Усё будзе залежаць ад настрою, а ён на такой адказнай пасадзе бывае вельмі няроўны. Як паказвае апошні час асабліва. Напрыклад: ці ня прыйдзе на думку прэзыдэнту зрабіць праверку – адкуль семдзесят кг шакаляду на яго самога і яшчэ дзесяць ці пятнаццаць на сабаку? Нават школьніку вядома, што какава не расьце ў Расеі, а значыць прадукт, якім карыстаўся «кандытар-скульптар», можа быць кантрабандным, забароненым для ўвозу на тэрыторыю Расейскай Фэдэрацыі! Прычым забаронены яго прэзыдэнцкім указам.

Аўтар скульптуры, аднак, хацеў спадабацца невысокаму Пуціну тым, што публічна паведаміў аб вышыні статуі — 172 сантымэтры. На сёньняшні дзень гэта — кананічны рост прэзыдэнта Расеі. Хаця ў ранейшых крыніцах можна знайсьці крыху іншыя зьвесткі: Пуцін — 170, Мядзьведзеў — 168. Як вядома, цяперашняе кіраўніцтва Расеі мае сьціплы рост. Аднак пытаньне ў тым, што яшчэ раней называліся зусім іншыя лічбы: Мядзьведзеву давалі 162-164, Пуціну — 168.

Тым больш дзіўна, што на некаторых здымках яны абсалютна аднолькавага росту! Колькі гэта выклікае весялосьці ў расейскім інтэрнэце! І зьедлівасьці таксама, само сабой.

Зрэшты, агульнавядома, што існуюць фірмы, што шыюць абутак для нізкарослых мужчын, які купляюць, у прыватнасьці, палітыкі, публічныя асобы. Але рост чалавеку даецца кожнаму свой, чаго тут камплексаваць? Жарты выклікаюць спробы заблытаць, павялічыць рост кіраўнікоў Расеі.

Пішуць нават, што на сустрэчы з высокім Шварцэнэгерам Мядзьведзеў калісьці зусім не выглядаў нізенькім.

Сёньня сьцьвярджаюць, што крамлёўскае кіраўніцтва заўсёды было нізкарослым. Ленін быццам бы – 164 см, Сталін – 162, Хрушчоў – 165. Дый паплечнікі правадыроў не вылучаліся сярод іх: Калінін і Бухарын усяго па 155, Кіраў, Радэк і Пятакоў яшчэ менш –154. Варашылаў – 157. А наркаму НКВД Яжову ў даведніках даюць толькі 151-152. Праверыць цяпер не праверыш, але агульнавядома, што той быў напраўду зусім нізенькі.

Так што напэўна ня варта камплексаваць Пуціну з Мядзьведзевым – іхні рост для Расеі апошніх ста гадоў – кананічны. І калі задумацца, то й палітыка ў іх усіх была даволі падобнай часамі.

Між іншым, піцерскі кандытар, перш чым вылепіць Пуціна, зрабіў шакаляднага Сталіна.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG