Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінцы падключылі адну з трох падарваных ЛЭП у Крым


Украіна, Херсонская вобласць: лініі ЛЭП, якія вядуць у Крым

Украіна, Херсонская вобласць: лініі ЛЭП, якія вядуць у Крым

Самаабвешчаныя ўлады анэксаванага Крыму заяўляюць, што хочуць наагул адмовіцца прымаць украінскую электрычнасьць.

Рамонтнікі кампаніі «Ўкрэнэрга» завяршылі работы па падключэньні лініі электраперадач, што яднала Крым з астатняй Украінай і была падарваная невядомымі 22 лістапада, паведамляе УНІАН.

З дазволу актывістаў, якія выступаюць за энэргетычную блякаду Крыму, падключаная толькі адна з трох падарваных ЛЭП, што дазволіць нармальна засілкаваць два раёны Хэрсонскай вобласьці — раней тыя сілкаваліся па рэзэрвовай схеме, што прыводзіла да аварыйных адключэньняў. Дзьве іншыя пашкоджаныя ЛЭП, кажа выканаўчы абавязкі старшыні Чаплінскай раённай дзяржадміністрацыі Віталь Сьпіжоў, застаюцца пад аховай актывістаў.

6 сьнежня прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка выказаў спадзеў на тое, што ў найбліжэйшы час атрымаецца аднавіць пастаўкі электраэнэргіі ў акупаваны Крым.

Тым часам прызначаны Крамлём кіраўнік Крыму Сяргей Аксёнаў сьцьвярджае, што крымчукі просяць урад рэспублікі адмовіцца ад магчымага аднаўленьня паставак электрычнасьці з Украіны — і што менавіта такі намер маюць мясцовыя ўлады. Ён сьцьвярджае, што ўжо ў сьнежні, пасьля ўводу другой ніткі першай чаргі расейскага энэргамосту, Крым будзе пакрываць 80% сваіх патрэбаў у электраэнэргіі. Але, кажа Аксёнаў, канчатковае рашэньне пра адмову ад украінскай электрычнасьці прыме Пуцін.

XS
SM
MD
LG