Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея абвясьціла Хадаркоўскага ў фэдэральны вышук


Міхал Хадаркоўскі
Міхал Хадаркоўскі

Бізнэсоўца выклікалі на допыт па справе 1998 году аб забойстве мэра Нефцеюганска.

Расейскія праваахоўнікі абвясьцілі Міхала Хадаркоўскага ў фэдэральны вышук пасьля няўдалай спробы выклікаць бізнэсоўца на допыт, паведамляе «Інтэрфакс». Крыніца выданьня не выключае наступных спробаў абвясьціць Хадаркоўскага ў міжнародны вышук. У 2013 годзе Хадаркоўскі пакінуў Расею.

Хадаркоўскаму 8 сьнежня завочна прад’явілі абвінавачаньне па справе 1998 году аб забойстве мэра горада Нефцеюганска і выклікалі яго на допыт, уручыўшы позву бацьку бізнэсоўца, які жыве ў Маскве. Юрысты кажуць аб немагчымасьці прыцягненьня Хадаркоўскага да адказнасьці праз заканчэньне тэрміну даўніны ў 15 год.

У Нефцеюганску «Юкас» Хадаркоўскага быў горадаўтваральным прадпрыемствам, ды мэр, як сьцьвярджаецца, меў канфлікт з кампаніяй праз падаткі ў мясцовы бюджэт і патрабаваў распачаць крымінальную справу. За арганізацыю яго забойства быў асуджаны да пажыцьцёвага зьняволеньня кіраўнік службы бясьпекі «Юкаса» Аляксей Пічугін. Эўрапейскі суд па правах чалавека пастанавіў, што Расея парушыла яго права на свабоду, бясьпеку і справядлівы судовы разгляд справы.

Крымінальная справа была адноўленая ўлетку 2015 году ў сувязі з «выкрыцьцём новых абставінаў». Тады Хадаркоўскі так пракамэнтаваў яе аднаўленьне на Facebook:

«Вы можаце зноў распачынаць і выдумляць новыя крымінальныя справы, марнаваць шалёныя грошы на прэзэнтацыі тупых кнігаў пра мяне, фатажабіць мае фота і вывешваць іх на Новым Арбаце, пагражаць маім прыхільнікам, нацкоўваць на мяне фабрыкі троляў. Вы можаце вынайсьці яшчэ мільён спосабаў ціску. Я НЕ. СПЫНЮСЯ. Так і ведайце».

Прэс-сакратар Хадаркоўскага заявіла, што і цяпер ён ня мае намеру зьвязвацца са Сьледчым камітэтам і ўдзельнічаць у сьледчых дзеяньнях нават завочна. Хадаркоўскі правёў за кратамі 10 зь лішнім год пасьля таго, як у 2003 годзе быў арыштаваны паводле абвінавачаньня ў раскраданьні і нясплаце падаткаў, пазьней прызнаны вінаватым у махлярстве і іншых злачынствах. Адной з магчымых прычынаў перасьледу называлася тое, што акцыянэры «Юкаса» Хадаркоўскага фінансавалі апазыцыйныя партыі «без дазволу Крамля», пазьней арбітражны суд у Гаазе прызнаў прысуды ўшчамленьнем правоў зьвязаных зь «Юкасам» бізнэсоўцаў. У сьнежні 2013 году Пуцін памілаваў Хадаркоўскага, бізнэсовец адразу пакінуў краіну і пасяліўся ў Швайцарыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG