Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анатоля Белага няма, але ягоны музэй у Старых Дарогах працуе і папаўняецца


Помнік на магіле Анатоля Белага ў Старых Дарогах

Помнік на магіле Анатоля Белага ў Старых Дарогах

10 сьнежня споўнілася б 76 гадоў рупліўцу беларушчыны, кіраўніку клюбу «Спадчына», стваральніку прыватнага музэю беларускага выяўленчага мастацтва ў Старых Дарогах Анатолю Беламу.

Вокладка кнігі ўспамінаў пра Анатоля Белага «Жыцьцё ў імя Бацькаўшчыны»

Вокладка кнігі ўспамінаў пра Анатоля Белага «Жыцьцё ў імя Бацькаўшчыны»

У лістападзе гэтага году выйшла кніга ўспамінаў пра Анатоля Белага «Жыцьцё ў імя Бацькаўшчыны». Кнігу надрукаваў прыватны выдавец Віктар Хурсік, яна складаецца з трох частак. Першая — артыкулы, прысьвечаныя Анатолю Беламу і яго музэю ў Старых Дарогах, якія друкаваліся цягам апошніх 20 гадоў. Другая частка называецца «Музэй: і памяць, і помнік» і ўтрымлівае водгукі наведнікаў музэю. Трэцяя частка — успаміны пра Анатоля Белага, вершы, прысьвечаныя яму Рыгорам Барадуліным, Віктарам Шніпам, Яўгенам Гучком.

Дачка Анатоля Белага Сьвятлана апавяла Свабодзе, што музэй Анатоля Белага працягвае сваю працу ў Старых Дарогах:

«Каб наведаць музэй, трэба патэлефанаваць, і ў той жа дзень для наведнікаў будзе праведзеная экскурсія. Музэй пастаянна наведваюць — школьнікі, настаўнікі, студэнты, замежнікі».

Анатоль Белы каля музэю

Анатоль Белы каля музэю

Музэй у Старых Дарогах папаўняецца новымі творамі. У прыватнасьці на прэзэнтацыі кнігі пра Анатоля Белага мастак Аляксандар Зіменка падарыў музэю мэдаль Францішка Скарыны, а Уладзімер Мелехаў — дошку, прысьвечаную Ларысе Геніюш, якую ў 2010 годзе не ўдалося павесіць у Ваўкавыску, на доме, дзе жыла паэтэса.

Гэтай восеньню ў музэі Анатоля Белага ў Старых Дарогах быў створаны новы разьдзел, прысьвечаны Старадароскаму раёну, дзе сярод іншых экспанатаў вісіць старажытная мапа Старадарожчыны 18-га стагодзьдзя. У сям’і Анатоля Белага зазначаюць, што апошнім часам вырасла цікавасьць да музэю з боку мясцовых жыхароў, менчукоў, гасьцей зь іншых рэгіёнаў. Толькі нядаўна тут была вялікая група настаўнікаў гісторыі са школаў Старадароскага раёну, тыдзень таму музэй наведала 40 школьнікаў Старадароскай сярэдняй школы нумар 2.

Экспазыцыя музэю

Экспазыцыя музэю

Куток Васіля Быкава ў Старадароскім музэі Анатоля Белага

Куток Васіля Быкава ў Старадароскім музэі Анатоля Белага

Экспазыцыя Барыса Кіта ў музэі

Экспазыцыя Барыса Кіта ў музэі

Партрэт Кастуся Каліноўскага ў музэі Белага. Аўтар Мікалай Апіёк

Партрэт Кастуся Каліноўскага ў музэі Белага. Аўтар Мікалай Апіёк

Анатоль Белы — вядомы навуковец і калекцыянэр, заснавальнік Менскага гарадзкога культурна-асьветніцкага клюбу «Спадчына» і Старадароскага музэю выяўленчага мастацтва.

Анатоль Белы. Партрэт

Анатоль Белы. Партрэт

Анатоль Белы нарадзіўся 10 сьнежня 1939 году ў Старых Дарогах (Менская вобласьць). У 1967 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт. Быў сябрам Саюзу мастакоў Беларусі, Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, удзельнікам устаноўчых зьездаў БНФ і Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны.

Сабраў вялікую калекцыю твораў жывапісу, графікі, мэдальернага і дэкаратыўнага мастацтва (каля трох тысяч адзінак). На аснове сваёй калекцыі ў 1990 годзе заснаваў, а ў 1999-м адкрыў у сваёй сядзібе ў Старых Дарогах прыватны музэй выяўленчага мастацтва. Сёньня ў музэі чатыры будынкі і восем заляў, у якіх экспануецца каля 1.700 твораў.

Дзякуючы намаганьням Белага ў дворыку БДУ ўстаноўлены шэраг помнікаў выбітным дзеячам нацыянальнай культуры — Эўфрасіньні Полацкай, Кірылу Тураўскаму, Міколу Гусоўскаму, Францыску Скарыну, Сымону Буднаму і Васілю Цяпінскаму.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG