Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Масква мусіць заплаціць больш за невыкананьне менскіх пагадненьняў — Байдэн


Віцэ-прэзыдэнт ЗША Джозэф Байдэн (зьлева) і прэм’ер-міністар Украіны Арсені Яцанюк
Віцэ-прэзыдэнт ЗША Джозэф Байдэн (зьлева) і прэм’ер-міністар Украіны Арсені Яцанюк

Віцэ-прэзыдэнт ЗША Джозэф Байдэн заяўляе, што Расея павінна заплаціць яшчэ большую цану ў выпадку невыкананьня менскіх дамоўленасьцяў.

«Расейскі бок не выконвае сваіх абавязацельстваў і дамоўленасьцяў, але вы, са свайго боку, ня можаце не выконваць, інакш у Эўропе скажуць, што яны аднолькавыя», — сказаў Байдэн падчас сустрэчы з прэм’ер-міністрам Украіны Арсеніем Яцанюком у панядзелак увечары ў Кіеве.

Раней у панядзелак на сумеснай з прэзыдэнтам Украіны прэс-канфэрэнцыі Джо Байдэн падкрэсьліў, што Масква павінна спыніць акупацыю Крыму, які зьяўляецца сувэрэннай тэрыторыяй Украіны, а таксама выканаць усе абавязацельствы па пагадненьнях па спыненьні канфлікту на ўсходзе Ўкраіны.

Раней у ЗША заявілі, што адмены санкцыяў супраць Масквы ня будзе да таго часу, пакуль Крым ня вернецца ў склад Украіны.

Расея мінулай вясной анэксавала ўкраінскі Крым; у сьвеце не прызнаюць гэтага кроку. Вярхоўная Рада Ўкраіны афіцыйна абвясьціла пачаткам часовай акупацыі Крыму 20 лютага 2014 году. Расея называе акупацыю і анэксію паўвострава «аднаўленьнем гістарычнай справядлівасьці». Таксама Масква заяўляе, што ня мае ніякіх абавязацельстваў па менскіх пагадненьнях, бо падпісвала іх не як удзельнік, а як «гарант», і ня мае намеру выконваць дасягнутыя дамоўленасьці.

На сумеснай прэс-канфэрэнцыі з Арсеніем Яцанюком Джозэф Байдэн таксама заявіў, што Вашынгтон можа даць Украіне яшчэ 300 000 000 даляраў на разьвіцьцё бясьпекі. Паводле яго слоў, Кангрэс ЗША цяпер працуе над прыняцьцем адпаведнага закона.

«Цяпер ён не прыняты, але спадзяюся, што ён будзе прыняты», — сказаў віцэ-прэзыдэнт ЗША.

Джозэф Байдэн падкрэсьліў, што ўкраінскія кіраўнікі павінны выконваць рэкамэндацыі МВФ і працаваць зь міжнароднай супольнасьцю, «каб працягваўся эканамічны прагрэс ва Ўкраіне».

Арсені Яцанюк, у сваю чаргу, запэўніў, што ўкраінскі ўрад укараніць падатковую і фіскальную рэформы, а таксама будзе змагацца з карупцыяй на мытні.

«З боку ўкраінскага ўраду я магу дакладна запэўніць у нашым пляне адносна далейшых дзеяньняў — у першую чаргу, гэта дэрэгуляцыя, памяншэньне ўплыву ўлады на эканамічныя працэсы. Другое — гэта рэформа ўкраінскай падатковай сыстэмы і фіскальнай службы. Трэцяе — барацьба з карупцыяй на мытні, чацьвёртае — -прыватызацыя », - адзначыў Арсені Яцанюк.

Раней у панядзелак пасьля сустрэчы з прэзыдэнтам Украіны Пятром Парашэнкам Байдэн заявіў, што ЗША дадуць Украіне 190000000 даляраў дапамогі для правядзеньня рэформаў.

Віцэ-прэзыдэнт ЗША прыбыў у Кіеў з рабочым візытам 6 сьнежня. 8 сьнежня ён выступіць са зваротам да парлямэнту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG