Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША: удары па сырыйскай арміі нанесьлі расейскія самалёты


Ілюстрацыйнае фота. Сырыйскія вайскоўцы

Прадстаўнік Пэнтагону заявіў аб тым, што ўдары па лягеры сырыйскай арміі былі нанесеныя расейскімі бамбавікамі.

Сілы кааліцыі дзейнічалі ў дзясятках кілямэтраў ад горада Дайра-Эз-Завур.

Пэнтагон «упэўнены» ў тым, што бомбавыя ўдары па лягеры сырыйскай арміі ў горадзе Дайра-Эз-Завур, у выніку якіх загінулі трое сырыйскіх вайскоўцаў і былі параненыя трынаццаць, былі нанесеныя расейскімі бамбавікамі. Пра гэта заявіў высокапастаўлены прадстаўнік Міністэрства абароны ЗША.

У панядзелак афіцыйны Дамаск накіраваў ліст у ААН, у якім ён абвінаваціў кааліцыю, якую ўзначальвае ЗША, у зьдзяйсьненьні налёту на ваенны лягер у нядзелю ўначы. Паводле сырыйскіх зьвестак, у нападзе прынялі ўдзел чатыры самалёты.

ЗША адпрэчылі абвінавачваньні, заявіўшы аб тым, што самалёты кааліцыі нанесьлі чатыры паветраныя ўдары па нафтавых радовішчах, якія знаходзяцца пад кантролем групоўкі ІДзІЛ. Гэтыя радовішчы разьмешчаныя ў 55 кілямэтрах ад вайсковага лягеру.

«У нас няма ніякіх указаньняў на тое, што сырыйскія салдаты знаходзіліся побач з зонай, дзе наносіліся ўдары», — сказана ў афіцыйнай заяве кааліцыйных сіл.

Крыніца ў Пэнтагоне паведаміла, што, згодна з паказаньнямі радараў, удары былі нанесеныя расейскімі бамбавікамі Ту-22, якія базуюцца на базе ў Маздоку. Яны зрабілі налёты на мэты ў трох гарадах, у тым ліку, і ў Дайра-Эз-Завуры. Большая частка гэтага горада знаходзіцца пад кантролем ісламскіх радыкальных баевікоў, і расейскія самалёты, хутчэй за ўсё, ударылі па лягеры сырыйскай арміі памылкова.

Амэрыканскія вайскоўцы неаднаразова крытыкавалі Расею за выкарыстаньне некіраваных бомбаў і ракет падчас паветраных нападаў у Сырыі, у выніку якіх гіне мірнае насельніцтва.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG