Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трусаў: Алексіевіч далёкая ад нашых беларускіх праблем, пісьменьніца імпартнага характару


Алег Трусаў
Алег Трусаў

Пра Нобэлеўскую прамову пісьменьніцы Сьвятланы Алексіевіч выказаўся старшыня ТБМ Алег Трусаў.

«Я нічога не чакаў ад гэтага выступу. Сьмешна, калі Нобэлеўская прэмія ператвараецца ў спартыўнае спаборніцтва. І я задаволены тым, што пачуў. Разумная жанчына, яна, вядома, далёкая ад нашых беларускіх праблем, яна хварэе ўсясьветнымі праблемамі. Выказалася яна нармальна. Але, каб ад гэтага зьмянілася нешта ў нашай беларускай рэчаіснасьці, то наўрад ці зьменіцца. Яна чалавек, пісьменьнік, імпартнага характару. Мы з вамі цудоўна ведаем, хто такі савецкі чалавек, а на Захадзе ня ведаюць — і яна раскрыла ім вочы, таму і Нобэля атрымала. І за гэта мы рады, што яна Нобэлеўская ляўрэатка. Ну але для нашых унутраных момантаў нічога ня зьменіцца, калі мы самі ня будзем беларускую справу рабіць. Алексіевіч ня будзе рабіць беларускую справу. Не рабіла раней і ня будзе рабіць зараз», — сказаў у інтэрвію карэспандэнту Свабоды Алег Трусаў.

Камэнтуючы тое, што ў прамове пісьменьніцы зь Беларусі не прагучала ніводнага слова на беларускай мове, Алег Трусаў сказаў:

«Гэтага трэба было і чакаць. Бо гэты чалавек напалову ўкраінец, напалову беларус, але яна ніколі прынцыпова не гаварыла ні па-беларуску, ні па-ўкраінску. Хаця працавала журналісткай у беларускамоўнай газэце, вырасла на беларускім Палесьсі. Проста яна чалавек той мэнтальнасьці, пра якіх і піша. Чаму яна так добра і піша пра гэтых людзей, бо яна сама з гэтага кола рускамоўных, постсавецкіх людзей. Яна самая таленавітая з усіх гэтых постсавецкіх людзей, за што і Нобэля атрымала і я як палітык вельмі рады. А як старшыня ТБМ стаўлюся нэўтральна, бо шкоды ніякай няма, але карысьці я ня бачу».

Той факт, што ў сваёй прамове Алексіевіч згадала Алеся Адамовіча, Алег Трусаў пракамэнтаваў так:

«Сьмешна атрымоўваецца: калі ты вучаніца, чаму ты не пішаш па беларуску? І Быкаў, і Адамовіч цудоўна валодалі рускай мовай, але ж пісалі яны і па-беларуску. Быкаў наогул прынцыпова пісаў спачатку па беларуску, а потым свае творы перакладаў на рускую мову. Але ж яна так ня робіць. Чаму, цікава? Раз ты так іхняя вучаніца, чаму ты здраджваеш сваім настаўнікам?! Таму наконт вучаніцтва — гэта ўсё перабольшваньне. Ня веру я ў гэта. Ну, здольная журналістка, вядома, працавалі разам, Быкаў падтрымліваў, Адамовіч падтрымліваў сотні такіх журналістаў. Не сказаць, што яна разам зь ім абмяркоўвала праблемы беларускай нацыянальнай культуры ці мовы. Наўрад ці яна калі пра гэта нават думала.Таму я нічога ад яе не чакаў у гэтым рэчышчы. Нічога дзіўнага для мяне ў гэтым няма».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG