Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Па гэтай лекцыі можна сачыненьні пісаць» — Людміла Рублеўская пра Нобэлеўскую прамову Алексіевіч


Людміла Рублеўская

Людміла Рублеўская

На думку пісьменьніцы, Сьвятлана Алексіевіч захавала ў прамове тую канцэнтрацыю пачуцьцяў, што перадае ў сваіх кнігах.

За Нобэлеўскай лекцыяй Сьвятланы Алексіевіч многія сачылі праз інтэрнэт, у Twitter Алексіевіч выбілася ў галоўныя тэмы і па Беларусі, і нават па Расеі. Сярод тых, хто слухаў прамову, была вядомая беларуская пісьменьніца і літаратурны крытык Людміла Рублеўская. Яна падзялілася са Свабодай сваімі ўражаньнямі:

«Я адразу пабачыла, што Сьвятлана хвалюецца. Але гэта надало таму, што яна казала, афарбоўку такой камэрнасьці. Яе было відаць як чалавека, што яна прамаўляла на эмоцыях, што голас зрываўся. Гэта, мне здаецца, куды лепей, чым калі б яна прагаварыла без эмоцыяў, як лектар.

Па гэтай лекцыі можна нават сачыненьні пісаць! Бо ў ёй была акрэсьленая цэлая эпоха, і гістарычная, і літаратурная, а ня толькі творчасьць уласна Сьвятланы. Абазначаныя ўсе трагічныя этапы непасрэдна беларускай гісторыі. Мне асабіста было вельмі сымпатычна, што Сьвятлана згадала свайго настаўніка, Алеся Адамовіча. Гэта тое, што найбольш мяне кранула зь яе прамовы.

Гэтая лекцыя выглядае як літаратурны твор. Трохі было нечакана для мяне, калі пачаліся ўрыўкі зь яе твораў. Было нечакана, што ўсе этапы прыгадала, ажно для сучаснасьці. Для нас гэта гучыць як проста дайджэст яе творчасьці, але заходнія чытачы, наколькі я магла сачыць па тварах тых, хто прысутнічаў, былі ўзрушаныя. Бо творчасьць Сьвятланы гэта канцэнтрацыя пачуцьцяў, канцэнтрацыя перажываньняў — і ў сваёй прамове яна гэтую канцэнтрацыю захоўвае.

Цікава, што яна ўвесь час у прамове гаворыць, што яна „пісьменьніца вуха“. Мне здаецца, гэтая фраза стане вызначальнай. І тое, што яна ўжывала ў гэтай лекцыі галасы: яна ня проста казала, што ўвесь час чуе галасы, працуе з галасамі — яна гэтыя галасы агучыла ў сваёй лекцыі, дала слова таму, пра каго піша. Мне здаецца, гэта моцны ход».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG