Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускую малочную прадукцыю ў Расеі забракуюць з-за кансэрвантаў і лекаў


Фэдэральная служба Расеі па вэтэрынарным і фітасанітарным наглядзе (Рассельгаснагляд) паінфармавала, што з 7 сьнежня ўводзіць часовыя абмежаваньні на пастаўку ў краіну прадукцыі пяці беларускіх малочных прадпрыемстваў: «Смаргонскія малочныя прадукты» філіял ААТ «Лідзкі малочна-кансэрвавы камбінат», ААТ «Слуцкі сыраробчы камбінат», ААТ «Мілкавіта», «Рагачоўскі МКК» і ААТ «Малочная кампанія „Наваградзкія дары“».

Тым часам напрыканцы мінулага тыдня прадстаўнік Мінсельгасхарчу Аляксей Багданаў паведаміў, што пастаўкі прыпыненыя ня будуць, прынамсі канчатковае рашэньне прымуць пасьля заканчэньня 8 сьнежня перамоваў у Маскве з Рассельгаснаглядам.

Рагачоўскі малочна-кансэрвавы камбінат вядомы за межамі Беларусі найперш як буйное прадпрыемства па вытворчасьці малочных кансэрваў, а таксама сьметанковага масла, цэльнамалочнай прадукцыі, дзіцячых прадуктаў харчаваньня, цьвёрдых і плаўленых сыроў.

На пачатку году на міжнароднай выставе «Продэкспо» ў Маскве рагачоўская згушчонка атрымала срэбны медаль, а цьвёрдыя сыры «Кастрамскі» й «Расейскі» былі ўганараваныя залатым мэдалём. Але менавіта за цьвёрды сыр, праўда, пад назваю «Тыльзіцкі», камбінат трапіў цяпер пад санкцыі Рассельгаснагляду. Бранская міжабласная вэтэрынарная лябараторыя — рэфэрэнтны цэнтар Рассельгаснагляду — зафіксавала ў ім «падвойнае перавышэньне масавай долі кансэрванту (натрыю азотнакіслага Е251).

Адзін з кіраўнікоў Рагачоўскі МКК так камэнтуе прэтэнзіі расейскай службы вэтэрынарнага і фітасанітарнага нагляду:

«На дадзены момант, наколькі я ведаю, вядуцца перамовы нашай вэтслужбы і Рассельгаснагляду. Нейкіх абмежаваньняў паставак прадукцыі ў Расейскую Фэдэрацыю ў нас няма. Тыя машыны, якія заплянаваны дастаўляць сыры, сухое малако, малочныя кансэрвы, спакойна праходзяць мяжу. Адзінае, што ёсьць — гэта ўзмоцнены адбор пробаў. Пробы бяруць, але мы да гэтага ставімся спакойна, бо ўпэўненыя ў якасьці сваёй прадукцыі. Я б не сказаў, што сытуацыя досыць напружаная — яна працоўная. І ў працоўным рытме, скажам так, вырашаецца».

Пробы бяруць, але мы да гэтага ставімся спакойна, бо ўпэўненыя ў якасьці сваёй прадукцыі

Як і чаму ў сыр трапіла падвоеная колькасьць кансэрванту, прадстаўнік камбінату не патлумачыў.

Ня даў тлумачэньня наконт падобных прэтэнзіяў Рассельгаснагляду да сыроў «Pesto green» з базілікам і часнаком і кіраўнік ААТ «Малочная кампанія «Наваградзкія дары» Сяргей Юрчык:

«Камэнтаваць ня буду. Былі неадпаведнасьці, якія выяўленыя Рассельгаснаглядам. Мы іх апэратыўна ліквідавалі.Усе зьвесткі перадалі ў Мінсельгасхарч. Там цяпер размаўляюць з расейскім бокам».

Кіраўнік малочнага прадпрыемства заявіў, што да гэтага часу адгрузка ў Расею вялася, як і звычайна. Зараз няма пакуль чаго адгружаць. На прадпрыемстве чакаюць, чым скончацца перамовы ў Менску паміж вэтэрынарнай службай Мінсельгасхарчу і Рассельгаснаглядам.

Адмаўляюцца камэнтаваць прэтэнзіі расейскага боку і ў ААТ «Мілкавіта».

«Цяпер завод працуе ў звычайным рэжыме. На ўсе астатнія пытаньні адкажам на пісьмовы запыт — праз наўпроставы зварот на завод», — заяўляюць на прадпрыемстве.

Гомельскае малочнае прадпрыемства «Мілкавіта» са сваёй прадукцыяй даволі часта фігуруе ў распараджэньнях расейскай службы вэтэрынарнага нагляду. Асабліва гэта датычыць вырабу сухога малака, ў якім расейскія спэцыялісты адзначаюць неадпаведнасьць бясьпецы праз ўтрыманьне метранізадолу — лекавага прэпарату супраць узбуджальнікаў інфэкцый і бактэрый.

Прэтэнзіі вытворцам харчовых тавараў Рассельгаснагляд абгрунтоўвае наперш ігнараваньнем патрабаваньняў тэхнічных рэглямэнтаў Мытнага саюзу.

Зрэшты, у апошні час, апрача малочнай прадукцыі ды мясной прадукцыі, Рассельгаснагляд даволі часта вяртае ў Беларусь гародніну і фрукты, якія паходзяць з трэціх краінаў і на ўвоз якіх Расея ўвяла забарону — у адказ на санкцыі Эўразьвязу і ў зьвязку з асабістымі ўзаемадачыненьнямі з некаторымі краінамі. У прыватнасьці, днямі на пункце транспартнай інспэкцыі «Чырвоны Камень» на аўтадарозе «Гомель — Бранск» спэцыялісты ўправы Рассельгаснагляду па Бранскай і Смаленскай абласьцях завярнулі 11 тон таматаў турэцкага паходжаньня. Было заяўлена, што таматы заражаны каранцінным шкодным арганізмам — заходнім (каліфарнійскім) кветкавым трыпсам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG