Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія тараканы: 29. Расейская мова


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі

Расейская мова ў Беларусі – дзіця, народжанае ад гвалтаўніка.

Толькі так я магу патлумачыць, чаму тэма прымусовай русіфікацыі ніколі не ўзьнікала ў якасьці шырокай грамадзкай дыскусіі: з дакумэнтамі, сацыялягічнымі выкладкамі, камэнтарамі дасьледчыкаў і сьведчаньнямі пацярпелых. Споведзямі траўмаваных.

Расеізацыя Беларусі ніколі не разглядалася з пункту гледжаньня міжнароднага права і правоў чалавека. Унутры краіны прававы статус беларускай мовы дэ-факта неакрэсьлены. Што значыць «кожны мае права гаварыць на адной зь дзьвюх дзяржаўных»? Ды гавары хоць на адной зь некалькіх тысяч, што існуюць на зямлі. Ці зразумеюць цябе?

Гаворка не пра «права на гаварыць», а «абавязак цябе разумець». Ну што ты ў войску адкажаш камандзіру на расейскамоўны загад, што не разумееш ягоную расейскую мову? А калі трэба раптам выклікаць пажарную каманду, а на тым канцы не зразумеюць нейкае з тваіх беларускіх словаў? Расейская мова ў Беларусі сёньня – прагматыка, беларуская – эмоцыя.

А расейская мова ў Беларусі існуе без эмоцый. Гэта выключна тэхнічная рэч, кшталту прыстасаваньня ў смартфоне. Пра расейскую мову ня пішуць вершы, як пра вялікую і магутную, жыцьцядайную, якую трэба вывучыць толькі за тое і за гэтае. Яе немагчыма назваць «мовай продкаў», бо гэта відавочнае глупства.

З гледзішча беларускіх «прагматыкаў» беларуская мова – гэта такі дадатак, як валізка бяз ручкі: нязручна несьці, але трэба, хоць і не зразумела навошта, «дзенах с этава не заробіш». У школах дзяцей вучаць беларускай мове праз словы, якія стваральнікам падручнікаў былі вядомыя зь вясковага дзяцінства, і якія ня кожны беларускамоўны гарадзкі зразумее. Звычайна гаворка пра сельскую гаспадарку. Здавалася б: ды зрабіце вы штосьці сучаснае. «Навошта? Гэта ж усё бяз сэнсу».

Ты вырас і жывеш у расейскамоўным асяродзьдзі, табе ляніва займацца беларускай мовай, якую бачыш як фальклёрную, неабавязковую для выкананьня? «Вучыце лепш ангельскую, ёю карыстаецца ўвесь сьвет!» Гэтыя рацыяналісты сустрэнуцца дзе заўгодна ў немалых колькасьцях. Людзі-робаты? Не. Яны таксама маюць эмоцыі, пачуцьці, перажываньні. Але старанна хаваюцца, як толькі гаворка заходзіць пра беларускую мову.

Бо тэма беларускай мовы цягне за сабою купу іншых: пра падман ідэолягамі, пра самападман, пра страх рэпрэсій, пра прыніжэньне панаехалымі пасьля вайны з Расеі «гарадзкімі», зьдзекі ў савецкай арміі за «сьмешны» акцэнт, ды па вялікім рахунку – тэму гвалту над псыхікай чалавека на ўсіх этапах дарасьленьня. Сэнс – абнуліць грамадзтва, і зьляпіць зь яго сваіх «коников».

Як вынік: якая-кольвек мова ў Беларусі ня ёсьць прадметам гонару і шанаваньня. Расейская відавочна прышлая, а беларускую ня надта ведаюць. Палітыка культываваньня «цёмнага нібы крот» вобразу дала свой плён.

Што можна зрабіць сёньня без грунтоўных траўмаў? Найперш уважліва перачытаць вынікі перапісу насельніцтва і розных сацыялягічных дасьледаваньняў. У суме прыблізны расклад такі: траціна за разьвіцьцё беларускай мовы, траціна за статус кво, траціна за разьвіцьцё пры ўмове, што непасрэдна іх зьмены датычыць ня будуць.

Галоўны прадмет спэкуляцыі па тэме – у панятку роднасьці мовы. Ключавое слова для разгадкі квэсту – «эмоцыя». Родная мова – гэта не альгарытм, гэта эмацыйнае вызначэньне, за якім далей можа быць штосьці канкрэтнае. Напрыклад, калі ў Цэнтральным раёне Менску 25% абітальнікаў назвалі беларускую мову роднай, значыць там усё мусіць быць па-беларуску ў межах 25%: садкі, школы, ВНУ, працаўладкаваньне.

Я разумею, чаго баяцца прыўладныя людзі. Калі пасьлядоўна рэалізоўваць дзьвюхмоўе, у краіне можа ўтварыцца асобная моўная супольнасьць. Дзе анклявамі, а дзе і вялікімі кавалкамі тэрыторыі. Толькі калі зь беларускага боку будуць шчыраваць за ідэю, то з расейскамоўнага... Нічога ня будзе. Ня будзе супольнасьці. А значыць, беларускі бок будзе паступова заваёўваць лідэрскія пазыцыі.

Фантастыка? У свабодных грамадзкіх умовах беларускамоўныя адукацыйныя і культурныя праекты будуць актыўна падтрымлівацца часткай бізнэсу і многімі грамадзкімі фундацыямі. Нават калі дзяржава проста застанецца нэўтральнай. Падтрымка бізнэсу і фундацый была ў першай палове 1990-х. Пасьля пачаліся рэпрэсіі супраць бізнэсу і фундацый з боку дзяржавы. Цяпер мы зноў бачым асьцярожныя крокі ў падтрымку беларусацэнтрычнасьці наагул. Навошта гэтыя крокі?

Нават калі адкінуць аспэкт эмацыйнай прывязкі да свайго, ёсьць і прагматычны сэнс у пашырэньні беларускай мовы, і шырэй – беларускага сьветагляду. Беларускасьць – прэвэнтыўная абарона ад паглынаньня агрэсіўным суседам.

Сёньня шмат гавораць пра «час чырвонага чалавека». Пра драмы, якія ён і перажыў, і сам спарадзіў. Пра несправядлівасьці ў розных сытуацыях: ад вайны да тэхнагеннай катастрофы. Думаю, першай у новым часе катастрофай было выкраданьне душы чалавека, а сьледам – усе астатнія. Бо без сваёй мовы і культуры душа робіцца нямоглай.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG