Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ветлівы, заўжды вітаўся»: былыя суседзі пра баевіка «Ісламскай дзяржавы» з Гародні


Мужчына, які ваяваў на баку ІДзІЛ і быў забіты ў Сырыі, рос пад Гародняй. Суседзям ён запомніўся ветлівасьцю і сваім матацыклам.

Мужчына, які ваяваў на баку ІДзІЛ і быў забіты ў Сырыі, рос пад Гародняй. Суседзям ён запомніўся ветлівасьцю і сваім матацыклам.

Забіты ў Сырыі баявік «Ісламскай дзяржавы» Дзяніс Васільеў, фота дакумэнтаў якога апублікавала Kurdish Daily News, сапраўды нарадзіўся ў Гародні. «Камсамольская праўда» знайшла яго былых суседзяў і клясную кіраўніцу.

Васільеў даўно ня жыў у Беларусі, меў аформлены афіцыйны выезд на пастаяннае месца жыхарства ў Аўстрыю. Тым ня менш, ён прыяжджаў у Гародню ў 2011 годзе — і тады ўжо запомніўся стэрэатыпнай «барадой ісламіста».

Як прыгадвае былая клясная кіраўніца Васільева Вера Іванаўна, у якой ён навучаўся ў мястэчку пад Гародняй з 6 кляса, Дзяніс добра вучыўся і любіў мову і літаратуру:

«Зь дзецьмі сябраваў, нармальны хлопчык. Але сям’я няшчасная — маці выпівала, пра бацьку нічога ня ведаю, згадвае Вера Іванаўна. — Ведаю, што ён паехаў досыць даўно на Захад. Я бачыла яго фота на фоне гор. На школьныя сустрэчы ніколі не прыходзіў. Хлопчыкі казалі, што падарожнічае, за мяжой. І маці казала гэтак жа. Чула, што добра ўладкаваўся, дасылаў маці грошы. Нічога дрэннага пра яго не скажу».

Васільева хутка пазналі паводле апісаньня ягоныя былыя суседзі па «хрушчоўцы», дзе ён жыў на здымнай кватэры некалькі год з дзяўчынай. Дзяцей ня меў, канчаткова зьехаў у кастрычніку 2014 году. Васільеў запомніўся ім барадой і матацыклам, на якім езьдзіў побач з домам:

«Быў ветлівым, добразычлівым, заўсёды вітаўся, — кажа сусед пра яго. — Калі трэба было нешта дапамагчы, ніколі не адмаўляўся. Тут жа ў пад’ездзе шмат старых жыве — ім пастаянна патрэбная нейкая дапамога».

У гарадзенскай мусульманскай суполцы пра Васільева ня чулі, хоць сьцьвярджаюць, што мусульманаў у Гародні няшмат і практычна ўсе адзін аднога ведаюць. Там дапускаюць, што мужчына прыняў іслам ужо за мяжой.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG