Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У менскім мэтро можна чытаць Алексіевіч і клясыкаў беларускай літаратуры


У менскім мэтро пачала працу «Мабільная бібліятэка МТС», дзякуючы якой можна бясплатна азнаёміцца з выбітнымі творамі літаратуры.

У бібліятэцы прадстаўленыя таксама творы Нобэлеўскай ляўрэаткі Сьвятланы Алексіевіч і на беларускай мове — клясыкаў беларускай літаратуры.

Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведамілі ў прэсс-службе МТС, менавіта гэты апэратар зьяўляецца арганізатарам праекту.

«Што тычыцца кніг на беларускай мове, гэта ў асноўным клясыка. Да прыкладу, такія творы як «Новая зямля» Коласа, «Сэрца на далоні» Шамякіна, «Адна ноч» Быкава. Таксама ёсьць пераклад замежных аўтараў на беларускую мову. Напрыклад, «Майстар і Маргарыта» Булгакава, «Маленькі прынц» Антуана дэ Сэнт-Экзюпэры. То бок, твораў на беларускай мове даволі многа. Зразумела, што ўсе іх пералічыць немагчыма. Калі казаць пра творы Сьвятланы Алексіевіч, то яе творчасьць прадстаўленая такімі творамі як «Час сэканд-хэнд», «У вайны не жаночае аблічча», «Цынкавыя хлопчыкі», «Чарнобыльская малітва», «Апошнія сьведкі».

Цягам паўгода ў менскай падземцы будуць працаваць дзесяць вагонаў-бібліятэк, дзе можна будзе пачытаць кнігі дзіцячай літаратуры, клясыку, бэстсэлеры, а таксама дэтэктыўныя, містычныя і фантастычныя творы, кнігі для добрага настрою.

Бібліятэка, даступная ўсім пасажырам, створаная на базе вагонаў, стылізаваных пад пакоі з кніжнымі паліцамі.

Унутры кожнага з вагонаў МТС зьмясьцілі амаль па 50 урыўкаў з папулярных кніг. Пасажыры знойдуць тут інструкцыі па бясплатным доступе больш чым да 500 тысяч разнастайных твораў на 9 мовах сьвету.

Паводле дырэктара па маркетынгу МТС Дзяніса Цярэшчанкі, многія з твораў «Мабільнай бібліятэкі» як мінімум праблематычна, а то і немагчыма бясплатна спампаваць у інтэрнэце. Увесь кантэнт у Bookmate, які прадстаўляе праект, абсалютна легальны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG