Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пад выбары разьлічыліся, а цяпер кінулі бяз грошай


Сёньня Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі прывёў дадзеныя аб пратэрмінаванай запазычанасьці па заробках у краіне па стане на 1 сьнежня 2015 году.

Паводле афіцыйных крыніцаў, беларусам ня выплацілі 241,4 мільярда рублёў на 405 прадпрыемствах. Гэтыя лічбы асабліва ўражваюць, калі параўнаць іх з адпаведнымі паказьнікамі месячнай даўніны. Тады не змаглі своечасова выплаціць 52,3 мільярда на 111 прадпрыемствах. А па стану на 1 кастрычніка было 27,9 мільярда запазычанасьці на 13 прадпрыемствах.

Кіраўнік фонду Мізэса Яраслаў Раманчук параўнаў сёньняшнія дадзеныя з датай правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў і адзначыў у размове са Свабодай, што за гэты час запазычанасьць вырасла ў 8,7 разы:

Замест таго, каб рэфармаваць эканоміку, мы робім падабенства рэформаў, завальваем прадпрыемствы, якія дрэнна працуюць, грашыма падаткаплацельшчыкаў

«Тады далі крэдыты, сплацілі даўгі. І гэта было часткай палітычнай кампаніі пад назовам „прэзыдэнцкія выбары“. Але ж прадпрыемствы не пачалі працаваць лепей. Гэта звычайны папулізм, звычайная хітрасьць, якія цяпер бокам вылазяць і прадпрыемствам, і банкам, якія іх крэдытавалі. Замест таго, каб рэфармаваць эканоміку, мы робім падабенства рэформаў, завальваем прадпрыемствы, якія дрэнна працуюць, грашыма падаткаплацельшчыкаў.

Я думаю, гэты паказьнік будзе павялічвацца і нарастаць. На жаль, ён паказвае, колькі ў Беларусі ўжо „мёртвых“ прадпрыемстваў. Трэба пазбаўляцца ад таго, што перашкаджае жыць і ісьці далей».

Найгоршая сытуацыя са своечасовай выплатай заробкаў у сельскай гаспадарцы, прамысловасьці і будаўніцтве.

XS
SM
MD
LG