Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская мова мабілізуе


Падпісныя лісты ў трубе
Падпісныя лісты ў трубе

Жыхары вёсак ля Магілёва прыцягваюць увагу да сваёй праблемы з дапамогай беларускай мовы.

Незвычайным спосабам сабралі больш за 200 подпісаў пад зваротам да ўладаў, каб адрамантавалі дарогу, жыхары прыгарадных магілёўскіх пасёлкаў Малая Бароўка і Дары.

Пры дарозе яны ўкапалі слуп, да яго прымацавалі беларускамоўны плякат з трубою, у якую паклалі падпісныя лісты. Па хатах ніхто не хадзіў, ля слупа ніхто не стаяў.

Тут зьбіраюць подпісы, каб адрамантавалі дарогу
Тут зьбіраюць подпісы, каб адрамантавалі дарогу

«Каму патрэбная гэтая дарога, той падпішацца. Навошта назаляць людзям, ходзячы па хатах, мо ім яна і не патрэбная — даводзяць сваю пазыцыю ініцыятары збору подпісаў. На пытаньне, чаму на беларускай мове плякат, адказваюць каротка: «Яна прыцягвае больш увагі».

На плякаце надпіс: «Увага. Тут збор подпісаў у райвыканкам на будаўніцтва гэтай дарогі. Разам мы сіла!!!»

Многія з тых, хто падпісваўся, заўважалі беларускую мову толькі пасьля пытаньня журналіста. Некаторыя рэагавалі, што нічога дзіўнага ў беларускамоўным закліку ня бачаць. «Дарога патрэбная ўсім і беларускамоўным і расейскамоўным»,— рэагавалі падпісанты.

Зварот да ўладаў
Зварот да ўладаў

«Я 54 гады жыву ў гэтай вёсцы. І ўсе гэтыя гады пакутуем, ідучы і едучы гэтай дарогай. Мае бацькі таксама хадзілі ёю і таксама пакутавалі. Дарогу заасфальтавалі ў Бароўцы, дзе начальства жыве. Аўтобус пусьцілі да таго месца, дзе канчаецца асфальт. Дык там людзі, а тут ня людзі, выходзіць», — абураецца адна з падпісантак.

Большая частка дарогі выглядае гэтак
Большая частка дарогі выглядае гэтак

Амаль трохкілямэтровы адцінак дарогі між дзьвюма вёскамі — некалі быў Чавускім шляхам. Тутэйшыя яго дагэтуль называюць Старачавускім. З тых даўніх часоў дзе-нідзе на дарозе захаваўся брук. Выбрукаваныя ўчасткі дарогі ня маюць выбоінаў.

Брук трымаецца
Брук трымаецца

Між Дарамі і Бароўкай — могілкі. «Як весьці па гэтай разьбітай дарозе нябожчыка? Гэта ж амаль горад, а не аддаленая ў чарнобыльскай зоне вёска, дый там асфальт ляжыць. А тут хоць падраўнавалі б палатно», — абураецца яшчэ адна падпісантка.

Вёска Дары паволі абрастае дачамі. Дыхтоўныя катэджы замяняюць вясковыя хаты. У некаторых дварах стаіць будаўнічая тэхніка. На пытаньне, ці не маглі б самі людзі сабраць грошы, наняць працоўных ды адрамантаваць дарогу, падпісанты адказваюць, што з гэтай задумы нічога ня выйдзе.

Дарога ў выбоінах. Захаваліся рэшкі асфальту
Дарога ў выбоінах. Захаваліся рэшкі асфальту

«Тут ня шмат людзей, якія маглі б даць грошы на рамонт дарогі. Без падтрымкі ўлады не абысьціся. Калі прыедуць службоўцы і скажуць: «Вось гэтую частку дарогі аплачваеце вы, а гэтую — за дзяржаўныя сродкі, то, можа людзі тады і зьбяруць. Мы неяк зьбіралі грошы, каб свае вуліцы адрамантаваць, але ня ўсе здолелі знайсьці сродкі. Калі ня ўсе ўкладаюцца, то вялікая грашовая нагрузка кладзецца на тых, хто здае», — выказваюцца падпісанты.

Паміж горадам з асфальтам і вясковай рэальнасьцю без асфальта
Паміж горадам з асфальтам і вясковай рэальнасьцю без асфальта

Былі меркаваньні ў падпісантаў, што колькі не зьбірай подпісаў, усё роўна на іх улада ня зьверне ўвагу.

«Вы ж ведаеце, дзе мы жывем, — кажа адзін зь вяскоўцаў. — Тут зьбяры мільён подпісаў і на іх ніхто не адрэагуе. Гэта чыноўнікам не патрэбна. Мы жывем у Беларусі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG