Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Казакі спалілі Erdogan і пайшлі правяраць Auchan


Сяргей Астраўцоў

Сяргей Астраўцоў

Кубанскія казакі на сваім майдане ў горадзе Цямрук патапталі турэцкі і амэрыканскі сьцягі і спалілі іх разам з пудзіламі прэзыдэнтаў Турцыі і ЗША.

Ну й канечне казацкі мітынг усяляк праслаўляў прэзыдэнта Пуціна як змагара з тэрарызмам. Казакі атрымліваюць грошы з бюджэту, так што ўсё лягічна. Пагатоў з патрыятызмам у іх заўсёды яшчэ лепей, чым у астатняй часткі «90 працэнтаў за Пуціна».

Апошнім часам казакі асабліва чуйна трымаюць нос па ветру. Два гады назад ім удалося навязаць сябе маскоўскаму начальству: яно згадзілася, што гарадзкія рынкі разам з паліцэйскімі будуць правяраць казакі на правах дружыньнікаў. Ім нават прыдумалі ганаровую функцыю: выступаць у якасьці панятых і сьведак, калі будуць складацца пратаколы. А пратаколы, бывае, складаюцца ў такіх месцах на кожным кроку. Нарэшце казакі прыдаліся дзяржаве па-сапраўднаму! – думалася з радасьцю ім.

Ім і ня сьнілася, якое поле дзейнасьці чакае наперадзе. У наступным годзе прэзыдэнт Пуцін пачаў змагацца з Захадам: усю ежу адправіў назад, ешце самі! А пры чым тут казакі? Ну, як жа пры чым? А хто кантраляваць будзе, хто правяраць? Лепшых добраахвотных памочнікаў цяжка ўявіць!

Харчовая вайна з замежнымі краінамі стала завастрацца. І яна рэкрутуе ўсё больш казацкіх сілаў. Асабліва сёньня. Пачаў дзейнічаць новы ўказ Пуціна, згодна якому прадукты павінны зьнішчацца проста на мяжы, калі будуць паступаць, напрыклад, праз Беларусь. У прэзыдэнцкім сьпісе мяса, каўбасы, усялякая рыба, само сабой, садавіна-гародніна, а таксама, безумоўна, сыры і астатняя малочная прадукцыя.

Паколькі памежных дружын пакуль ня створана, казакі знайшлі выдатнае выйсьце, перш за ўсё камфортнае для сябе. Першымі сталі землякі прэзыдэнта. Атаман «праваслаўнага саюзу казакоў» з Піцера вырашыў не чапаць сваіх. Ён заявіў, што ягонае войска будзе правяраць замежныя гандлёвыя сеткі, што не належаць расейскім уладальнікам. А таксама казакі пойдуць па рынках. Асабліва іх зацікавіў вядомы «Ашан». Маленькія крамкі чапаць ня будзем, лагодна паабяцаў атаман, яны «вялікай шкоды эканоміцы не наносяць».

Як толькі ўбачым забароненыя харчы, адразу будзем выклікаць паліцыю ды ўсе астатнія службы: у іх сіл не хапае, і мы дапаможам выкрыць ашуканцаў, пашкадаваў дзяржаўныя службы казацкі атаман. Ён патлумачыў: «Палітыку дзяржавы і нашага прэзыдэнта трэба падтрымаць. Гэта адназначна». І паведаміў аб першых выніках падтрымкі: знойдзены «жахлівыя парушэньні» – «этыкеткі на многіх таварах не трымаюцца, іх літаральна на днях наклеілі на заходнія прадукты», лічыць атаман. І запэўніў, што казакі будуць рашуча наводзіць парадкі, не пакладаючы рук праводзіць гандлёвыя рэйды па выяўленьні на паліцах рыбы, каўбасы, сыру нерасейскага паходжаньня.

Але ня ўсе такія хуткія на пад’ём. Кубанскія казакі, яны натхніліся самай сьвежай ініцыятывай Пуціна змагацца з турэцкімі памідорамі і цытрусавымі. Вось і пудзіла Эрдагана спалілі, каб засьведчыць свой патрыятызм. А што датычыць Сібіры, «Енісейскага казацкага войска», там яшчэ толькі чухаюць патыліцу. Аб рэйдах у «Ашане» ды іншых супэрмаркетах чулі, але самі «пакуль не плянавалі падобныя рэйды. Але калі задача будзе пастаўлена, то праверкі з нашага боку магчымыя. Хаця, па вялікім рахунку, нашым статутам такія рэчы не прадугледжаныя».

Цікава, што пад паведамленьнямі аб казацкай вайне супраць буржуйскіх сыроў і каўбас звычайна пазначаныя тэгі: «Казакі, патрулі, санкцыі, прадукты, зьнішчэньне».

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

XS
SM
MD
LG