Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пад Віцебскам бунтуюць дачнікі


Сход у «Суднабудаўніку»

Сход у «Суднабудаўніку»

Рэпартаж Свабоды з садовага таварыства пад Віцебскам, якое мае быць затопленае пры пабудове ГЭС.

Людзі, якія маюць лецішчы ў раёне будоўлі Віцебскай ГЭС, не спыняюць сваіх пратэстаў. У садаводчым таварыстве «Суднабудаўнік» правялі сход нязгодных з памерам кампэнсацый за зьнішчэньне маёмасьці.

«Суднабудаўнік» месьціцца ля вёскі Цяцёркі Віцебскага раёну. Яшчэ ў траўні ўладальнікі лецішчаў атрымалі афіцыйнае папярэджаньне аб заплянаваным падтапленьні іхных участкаў у выніку працы ГЭС, каб яны рыхтаваліся да зносу.

За зьнішчаную маёмасьць гаспадарам прапануюць грашовую кампэнсацыю. Але яе памер людзей не задавальняе: гэта грошы занадта малыя, каб набыць лецішча ў падобным месцы — недалёка ад гораду і на беразе вадаёму. Да ўсяго, у «Суднабудаўніку» ведаюць пра сумны досьвед суседняга садаводчага таварыства «Крыніца» — там ужо пазносілі лецішчы. А гаспадарам налічылі кампэнсацыі ў даляравым эквіваленце — але не па цяперашнім курсе валюты, а па тым, які ён быў на момант ацэнкі.

Такія дыхтоўныя хаткі «утылізуюць» — разбураць

Такія дыхтоўныя хаткі «утылізуюць» — разбураць

Свае прэтэнзіі ўладальнікі лецішчаў спрабавалі выкласьці на сходзе, куды былі вымушаныя прыехаць прадстаўнікі Віцебскага райвыканкаму, РУП «Віцебскэнэрга», праектнага інстытуту «Белгіпразем» ды іншых службаў. Але на ўсе пытаньні афіцыйныя асобы адказаць так і ня здолелі. Высьветлілася, што яшчэ няма канчатковага праекту, як мусіць быць уладкаваная тэрыторыя, вызваленая ад лецішчаў. І тэрмін зносу не акрэсьлены — «дзе-небудзь у лютым-сакавіку». Уладальнікі лецішчаў ня ведаюць нават, ці будуць зьнесеныя ўсе пабудовы на іхных участках, ці толькі часткова. І вельмі незадаволеныя памерам кампэнсацыяў.

Адна зь незадаволеных, Валянціна Ўладзіміраўна

Адна зь незадаволеных, Валянціна Ўладзіміраўна

«Чаму вы ўвесь час гаворыце пра нейкі „продаж“ нашай маёмасьці? Мы нічога не прадаем! Прадаваць мы маглі б і год, і два, і тры, пакуль не дамовімся на добры кошт. А, можа, увогуле падарылі б лецішча бясплатна каму-небудзь! Нашы лецішчы забіраюць гвалтам — які тут продаж? Дык чаму не прызначаюць цану, якая задаволіла б нас, гаспадароў?» — абураецца прадстаўніца «Суднабудаўніка» Валянціна Ўладзіміраўна.

Спадарыня зьвяртае ўвагу на грубасьць службовых асобаў, якія не хацелі абмяркоўваць зь ёй гэтую праблему ў службовых кабінэтах. Ёй нават давялося пачуць пагрозы: «Калі будзеце скардзіцца — такой цаны не атрымаеце!»

Прысутных спрабуе супакоіць намесьнік старшыні райвыканкаму

Прысутных спрабуе супакоіць намесьнік старшыні райвыканкаму

Апрача цэнаў у «Суднабудаўніку» занепакоеныя тым, ці будзе ўлічвацца дэвальвацыя валюты. Кошт лецішча на дзень ацэнкі і на момант выплаты можа істотна адрозьнівацца, як паказвае рэчаіснасьць. Ці будзе гэта ўлічана, адказныя асобы ня могуць сказаць з поўнай упэўненасьцю. І падмацаваць свае абяцаньні нейкім дакумэнтам адмаўляюцца таксама. Таму гаспадары лецішчаў адкрыта кажуць:

«З нас гвалтам робяць спонсараў будаўніцтва ГЭС, зьніжаючы кошт маёмасьці, за якую трэба плаціць зь бюджэту».

«З нас гвалтам робяць спонсараў будаўніцтва ГЭС!»

«З нас гвалтам робяць спонсараў будаўніцтва ГЭС!»

Увогуле прэтэнзіяў да тых, хто прадстаўляе «бок зносу», ва ўладальнікаў лецішчаў набраўся цэлы сьпіс. Аднак адказваць перад людзьмі на сходзе афіцыйныя асобы не захацелі. Пачуўшы шмат няўхвальных словаў, намесьнік старшыні Віцебскага райвыканкаму Павал Шыкшнян прапанаваў размаўляць індывідуальна: каб адмыслоўцы хадзілі па ўчастках, а гаспадары задавалі пытаньні прыватна.

Абход участкаў

Абход участкаў

Шмат пытаньняў тычылася мэтаду ацэнкі дамоў. Ён быў параўнальны: вызначаліся цэны, арыентаваныя на цэны іншых лецішчаў, збудаваных далёка не ў такіх зручных для адпачынку месцах.

Аляксандар Гулеў кажа, што адмаўляў пакупнікам, якія прапаноўвалі яму 9 тысяч даляраў, а цяпер дзяржава забірае ягоную хату зь іншымі пабудовамі за 6 тысяч зь нечым:

Аляксандар Гулеў каля свайго лецішча

Аляксандар Гулеў каля свайго лецішча

«Я дужа незадаволены зносам! Вы ж бачыце, якое гэта месца! Яно і нажытае — мы тут 40 гадоў жылі, бацькі нашыя пахаваныя на мясцовых могілках. А цяпер вось атрымалі расцэнкі. І мяне ўражвае, што мой участак ацэнены ў параўнаньні з участкамі таварыства ў пасёлках Акцябрскі ці Сялюты. Як гэта можна параўнаць? Параўнайце з участкамі на Дняпры, на Сожы, на возеры Лосьвіда! Чаму народ не перасяліць, выдаўшы ўчасткі ў аналягічным месцы, чаму не адбудаваць нам новыя дамы за гэтыя кошты, якія яны вызначылі? У нас жа сацыяльна-арыентаваная дзяржава? А зносяць нас — нібыта кулакоў нейкіх раскулачваюць. Вядома, дзяржаве патрэбная электраэнэргія, і нам яна патрэбная. Але чаму ж так несправядліва? Усе незадаволеныя, і незразумела, ці будзе нават прывязка да даляру. Мы змагаемся, каб сума была па курсе даляру на момант выплаты. Але ніхто нічога не абяцае, ніякіх дакумэнтаў няма. А што, хіба чыноўнікі ня могуць усе гэта загадзя прадумаць? Нас чарговым разам могуць проста кінуць!»

Уладальнікі гатовыя змагацца за кожны мэтар тэрыторыі

Уладальнікі гатовыя змагацца за кожны мэтар тэрыторыі

Уладальнікі лецішчаў змагаюцца за кожны мэтар участка: калі месца на беразе вышэйшае, то можна ня зносіць, а пераставіць хату. Адстойваюць кожнае дрэва на сваёй тэрыторыі. Дыскутуюць, ужываючы спэцыяльную тэрміналёгію — такое ўражаньне, што яны падрыхтаваныя да сходу куды лепей за чыноўнікаў і адмыслоўцаў.

Лецішча Глеба Гарбоўскага

Лецішча Глеба Гарбоўскага

У «Суднабудаўніку» ёсьць мясцовая адметнасьць: тут знаходзіцца лецішча Глеба Гарбоўскага — расейскага паэта, аўтара вядомых савецкіх шлягераў «Розовый слон» і «Папа, подари мне куклу». Ягоны спадкаемца, пляменьнік Адрыян Фамін запрапанаваў арыгінальны спосаб захаваць пабудову як культурніцкі аб’ект, прычым за ўласныя сродкі:

«Калі будзе прынятае рашэньне пра знос і выплату кампэнсацыі, просім разгледзець магчымасьць пераносу дома на часовае захаваньне — за нашыя сродкі. Каб потым перамясьціць і ўсталяваць яго на пантоне на Дзьвіне, за нашыя ж грошы».

Каб увасобіць гэта, ужо знайшліся спонсары. Але чыноўнікі і прадстаўнікі ўладаў проста разгубіліся, ня ведаючы, што сказаць.

Лідар пратэстоўцаў Уладзімер Гушчанка (у цэнтры)

Лідар пратэстоўцаў Уладзімер Гушчанка (у цэнтры)

Канструктыўнага было сказана ўвогуле вельмі няшмат, лічыць мясцовы лідэр грамадзянаў, нязгодных са зносам, Уладзімер Гушчанка. Ён заўважае, што да вырашэньня галоўнага пытаньня — пра прывязку кошту да даляру з улікам дэвальвацыі на момант выплаты — сход так і не прывёў:

«Сход — не, не прывёў. Вусна, на словах ні райвыканкаму, ні спэцыялістам верыць нельга. Таму падаем у суд. Там будзе пісьмовае рашэньне — як належыць выплачваць кампэнсацыю. А то мы ўжо з траўня гаворым пра гэта, а нам адказваюць раз — так, раз — інакш: то мы маем рацыю, то мы ня маем рацыі... Пакуль ня будзе дакумэнтаў, мы будзем трымаць гэта на кантролі. А калі гэта яшчэ й ня будзе выконвацца, то людзі проста ня выедуць з дамоў. Старыя, жанчыны, людзі сярэдняга ўзросту, моладзь, якая пісала Лукашэнку, — усе яны гатовыя ў лютым нават жыць у гэтых дамах, каб кантраляваць сытуацыю».

Адно зь лецішчаў на беразе

Адно зь лецішчаў на беразе

На супрацьлеглым ад «Суднабудаўніка» беразе Дзьвіны таксама ёсьць пратэстоўцы — жыхары вёскі Барвін Перавоз. Тут да зносу «асуджана» большасьць хат, а «зямельныя ўчасткі адымаюцца дзеля дзяржаўных патрэбаў», як сфармулявана ў дакумэнтах. На гэтым месцы РУП «Віцебскэнэрга» зьбіраецца зрабіць пляж і зону адпачынку каля штучнага вадаёму, што ўтворыцца пасьля пабудовы ГЭС. Але застанецца некранутай «віцебская Рублёўка» — пасёлак з дарагіх катэджаў.

На супроцьлеглым беразе таксама чакаюць зносу

На супроцьлеглым беразе таксама чакаюць зносу

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG