Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Новая Армэнія» не прызнае вынікаў канстытуцыйнага рэфэрэндуму


Пратэст апазыцыі супраць вынікаў рэфэрэндуму. Ерэван, 7.12.2015

Пратэст апазыцыі супраць вынікаў рэфэрэндуму. Ерэван, 7.12.2015

Апазыцыйны Фронт нацыянальнага выратаваньня «Новая Армэнія» сёньня правядзе мітынг пратэсту ў Ерэване супраць афіцыйна абвешчаных вынікаў канстытуцыйнага рэфэрэндуму, які прайшоў у Армэніі 6 сьнежня.

Мінулай ноччу «Новая Армэнія» некалькі гадзін запар праводзіла шэсьце ў цэнтры Ерэвану, якое скончылася на плошчы Свабоды. Жырайр Сэфілян, кіраўнік «Адзінага штабу апазыцыі», заявіў, што барацьба працягваецца. «Мы працягваем нашу кругласутачную бестэрміновую забастоўку» — сказаў Сэфілян.

Сябры «Новай Армэніі» не прызнаюць вынікаў рэфэрэндуму. Дэпутат ад партыі «Спадчына» Заруі Пастанджан упэўненая, што яны сфальсыфікаваныя: «Усе інструмэнты былі выкарыстаныя для фальсыфікацыі выбараў, усе інструмэнты — без выключэньня. Аж да зьбіцьця на выбарчым участку сябра камісіі», — сказала Пастанджан нашаму радыё.

«Новая Армэнія» не адмаўляецца ад плянаў зьмены ўлады. На думку Пастанджан, акрамя мітынгаў, трэба таксама паўсюдна праводзіць акцыі грамадзянскага непадпарадкаваньня. «Грамадзкасьць згуртавана сказала „не“. Гэтае „не“ адносіцца ня толькі да фальшывых дакумэнтаў, гэтае „не“ адносіцца і да Сэржа Саргсяна. Гэтае „не“ павінна стаць паўсюдным. Мы павінны выкарыстоўваць усе плятформы, каб гэтае „не“ стала рэчаіснасьцю», — дадала дэпутат.

Паводле Цэнтральнай выбарчай камісіі Армэніі, больш за 63% выбарцаў падтрымалі зьмены ў канстытуцыю краіны, якія прадугледжваюць пераход да парлямэнцкай формы кіраваньня. Яўка на рэфэрэндуме, паводле ЦВК, перавысіла 50%, што робіць рэфэрэндум легітымным.

На думку апазыцыянэраў, пераход да парлямэнцкай рэспублікі выгадны ў першую чаргу прэзыдэнту краіны Сэржу Саргсяну, які ня зможа балятавацца на новы тэрмін у 2018 годзе. Зьмена канстытуцыі дазволіць яму застацца ва ўладзе ў якасьці прэм’ер-міністра, які фактычна стане першай асобай у дзяржаве. Паўнамоцтвы прэзыдэнта цяпер будуць істотна абмежаваныя.

XS
SM
MD
LG