Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У сацыяльных сетках запушчаны флэшмоб «Святкуем Нобэля разам»! (#нобельразам!)


Сьвятлана Алексіевіч

Сьвятлана Алексіевіч

Белтэлерадыёкампанія, тэлеканалы АНТ, СТВ ня будуць трансьляваць ані Нобэлеўскую мэмарыяльную лекцыю, ані ўрачыстую цырымонію ўручэньня Нобэлеўскай прэміі Сьвятлане Алексіевіч. Але альтэрнатыва ёсьць.

7 сьнежня ў 19.30 па беларускім часе на сайце нобэлеўскага камітэту пачнецца жывая трансьляцыя са Швэдзкай Акадэміі Нобэлеўскай лекцыі па літаратуры, якую будзе прамаўляць беларуская аўтарка Сьвятлана Алексіевіч.

Як паведамляе афіцыйны сайт Нобэлеўскага камітэту, «лекцыя будзе на расейскай мове і будзе трансьлявацца ў жывым эфіры на Nobelprize.org. Стэнаграма расейскага тэксту, а таксама пераклады на нямецкую, францускую, ангельскую і швэдзкую мовы будуць апублікаваныя на сайце 7 сьнежня. Відэа лекцыі таксама будзе даступнае тут празь некалькі дзён». Пазьней тэксты лекцыяў усіх сёлетніх ляўрэатаў Нобэлеўскі фонд апублікуе ў адмысловым томе.

Акрамя рэтрансьляцыі на сайтах, у Беларусі будуць ладзіцца калектыўныя прагляды лекцыі і цырымоніі з удзелам Святланы Алексіевіч.

У сацыяльных сетках запушчаны флэшмоб «Святкуем Нобеля разам»! (#нобельразам!)

Блогер Антон Матолька зьвярнуўся да кіраўнікоў, адміністратараў папулярных клюбаў, кавярняў з просьбай арганізаваць на вялікіх экранах прагляд Нобэлеўскай лекцыі і ўзнагароджаньня Сьвятланы Алексіевіч:

«Я пісаў уладальнікам, гаспадарам, кіраўнікам установаў, клюбаў з прапановай запусьціць у пэўны час трансьляцыю Нобэлеўскіх урачыстасьцяў, яны адказвалі: „Так, мы згодныя, мы хочам, мы ня супраць“. Практычна ўсе, да каго я зьвяртаўся, казалі, што падключацца. Некалькі чалавек адказалі, што „мы з задавальненьнем, але паспрабуем удакладніць, як гэта зрабіць тэхнічна“. Толькі два чалавекі сказалі, што паспрабуем разабрацца, як гэта магчыма, але пакуль мне не адказалі, не пацьвердзілі канчаткова. Адміністратарка „Атэлье“ нават прапанавала за кошт установы пачаставаць келіхам шампанскага тым, хто прыйдзе паглядзець трансьляцыю. Барам, клюбам гэта выгадна і эканамічна, і яны самі з задавальненьнем паглядзяць. Грамадзтва даўно ўжо гатовае да такіх рэчаў. Тое, што людзі так прыязна рэагавалі і пагаджаліся — гэта таксама паказчык».

Сьпіс і мапа сталічных клюбаў і бараў, дзе можна будзе паглядзець Нобэлеўскія імпрэзы:

Менск

1.Ў бар / Y bar

2. Арт Сядзіба

3. Phood4you

4. Кавярня Утопия60

5. Beetlejuice Cafe

6. Кавярня «Атэлье» — cafe Atelier

7. Imaguru: Бізнэс-Клуб/Startup Hub (толькі Нобэлеўская лекцыя 7 сьнежня)

8. EventSpace.by

9. Свабодная прастора «Хто такі Джон Голт?»

10) ЦЭХ (толькі Нобэлеўская лекцыя 7 сьнежня)

11) Кнігарня «Галіяфы»

12) Бар «Бяссоньне»

Берасьце

Прастора КХ

Dzedzich

Korova

Бабруйск

Антыкафэ «1387» (Бабруйск)

Горадня

Cudounia

Магілёў

Цэнтар «Кола»

Відэатрансьляцыю выступу Сьвятланы Алексіевіч можна будзе глядзець на сайце Свабоды, а таксама чытаць асноўныя тэзы яе выступу і камэнтары да іх вядомых у Беларусі людзей.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG