Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская мова й футбол — праграмісты-энтузіясты ствараюць новую онлайн-гульню


MovaCup.by — так называецца онлайн-пляцоўка, на якой у хуткім часе зьявяцца некалькі гульняў. Для гульні ў онлайн-футбол і «веру — ня веру» спатрэбяцца веды па беларускай мове й гісторыі. Як тры сябры-праграмісты вырашылі спалучыць у адным праекце сучасныя тэхналёгіі, спартовы азарт і беларускую мову, высьветліла Свабода.

Сярод праграмістаў больш за ўсё людзей, зацікаўленых у беларускай мове

Зьмітру Ключко — 26 год. Тры гады як ён скончыў БДУІР і ад таго часу працуе вэб-распрацоўшчыкам у Менску. Яшчэ са студэнцкіх часоў ён разам зь сябрамі задумваў стварыць онлайн-гульню, у якой быў бы і футбол, і беларуская мова.

«Калі я студэнтам езьдзіў да бацькоў у Баранавічы, па дарозе я меў шмат часу на свае думкі, — кажа Зьміцер. — Як і большасьць маіх творчых ідэй таго часу, гульню пра футбол і беларускую мову я таксама прыдумаў у цягніку».

Хлопец хадзіў у беларускамоўны дзіцячы садок і меў добрую выкладчыцу беларускай мовы ў школе. Таксама зь дзяцінства захапляўся футболам. Свае інтарэсы спалучыў з сучаснымі тэхналёгіямі — ІТ.

«Сярод праграмістаў шмат людзей, зацікаўленых у беларускай мове й нацыянальных ідэях. Думаю, больш, чым сярод іншых прафэсіяў.

«Сярод праграмістаў шмат людзей, зацікаўленых у беларускай мове й нацыянальных ідэях, — кажа Зьміцер. — Думаю, больш, чым сярод іншых прафэсіяў. Нават у карпаратыўнай сетцы маёй кампаніі ёсьць суполка, дзе выкладваюцца пасты зь мерапрыемствамі, скіраванымі на папулярызацыю беларускай мовы».

Дарэчы, онлайн-гульня MovaCup ня мае нічога агульнага зь першым нацыянальным спартовым фэстывалем Mova Cup, які прайшоў летась.

«Сваё дамэннае імя movacup.by мы зарэгістравалі яшчэ два гады таму, да спартовага фэстывалю, — кажа Зьміцер. — Калі даведаліся пра аднайменны фэстываль, вырашылі ўсё адно не адмаўляцца ад свайго».

Робім тое, што нам падабаецца: спорт і мова

Над моўна-спартовым онлайн-праектам Зьміцер працуе з двума сябрамі-праграмістамі, зь якімі разам гуляе ў аматарскай футбольнай камандзе ў Менскай лізе міні-футболу — IOS-распрацоўшчыкам Юрыем Найбічам і тэставальнікам Дзянісам Пархамчуком.

Ідэю хлопцы выношваюць яшчэ са старэйшых курсаў унівэрсытэту.

Невядома, ці ўзяліся б яны за MovaCup сур’ёзна, калі бы ня конкурс сацыяльна значных праектаў для Беларусі Social Weekend. Пераможцы конкурсу атрымліваюць грашовы прыз на рэалізацыю свайго праекту, а таксама мэнтарскую дапамогу.

Першы раз MovaCup выстаўлялася на Social Weekend летась. Тады праект прайшоў незаўважаным. Аднак сёлета яго падтрымала журы, і онлайн-гульня трапіла ў фінал, дзе атрымала 20-мільённы прыз і бясплатны хостынг ад Hoster.by.

«Раней мы не хацелі рабіць нешта маштабнае, бо ў нас не было ніякай падтрымкі, — кажа Зьміцер. — Дзякуючы Social Weekend мы пачалі рэалізоўваць нашу ідэю».

Усе мы валянтэры, і праект не задумваецца як камэрцыйны. Мы зыходзілі са сваіх інтарэсаў, а не з таго, што прыносіць грошы.

Выйграныя грошы і тое, што яны яшчэ зьбяруць на краўдфандынгавай пляцоўцы «Улей», хлопцы накіруюць на дызайн праграмы для Android. Калі ж яны знойдуць дызайнэра, атрыманыя 20 мільёнаў пойдуць на маркетынг і раскрутку гульні. Акрамя дызайнэра ім сёньня бракуе яшчэ андроід-распрацоўшчыка.

«Усе мы валянтэры, і праект не задумваецца як камэрцыйны, — кажа Зьміцер. — Мы зыходзілі са сваіх інтарэсаў, а не з таго, што прыносіць грошы, што цяпер у трэндзе».

Перакладаеш словы на беларускую — забіваеш гол

Пакуль гульня ў распрацоўцы, Зьміцер можа толькі на словах патлумачыць, як гэта будзе выглядаць. Агульны сэнс у тым, што чалавек адкрывае онлайн-дадатак ці сайт, дзе трапляе на віртуальнае футбольнае поле. Каб наблізіцца да брамы суперніка (ім можа быць кампутар ці іншы карыстальнік), трэба правільна перакласьці слова з расейскай мовы на беларускую. Складанасьць словаў будзе залежаць ад абранага ўзроўню.

Цягнецца гульня 5 хвілін, на адказ даецца 10 сэкундаў. Калі гулец адказвае на чатыры пытаньні (праходзіць тры лініі абароны й брамніка), ён забівае гол. Калі не адказвае на некалькі пытаньняў запар, прапускае ў сваю браму. У залежнасьці ад выніку матчу гулец зарабляе свой рэйтынг.

У далейшых плянах стваральнікаў MovaCup — онлайн-турніры. У абмежаваны час тады будуць праводзіцца гульні паміж карыстальнікамі ў турнірным парадку з узнагародамі для пераможцаў.

Пакуль у камандзе толькі тэхнары. Таму, каб напоўніць гульню словамі, хлопцы ўжо зьвяртаюцца да офлайн-курсаў.

«Каб карыстальніку не траплялася адно слова двойчы, трэба закласьці ў праграму вельмі шмат слоў», — кажа Зьміцер.

Акрамя футболу, на MovaCup будзе адпачатку прынамсі яшчэ адзін модуль — гістарычная гульня «Веру — ня веру». Гэтую ідэю падказалі ў журы Social Weekend. Адно за адным там будуць усплываць гістарычныя пытаньні, і гульцу, каб прайсьці далей, трэба будзе вызначыць, ці праўда гэта.

Не адукацыйныя курсы, а альтэрнатыва Youtube у перапынках на працы

На каго ўвогуле разьлічана такая гульня? Зьміцер кажа, што гэта не адукацыйныя курсы, а выключна сродак бавіць час на працы ці ў грамадзкім транспарце.

«Ні раней, ні цяпер такіх рэсурсаў у інтэрнэце няма. Калі чалавек сядзіць на працоўным месцы й мае пяць вольных хвілін, ён можа зайсьці на MovaCup ды патыкаць у гульню, а не глядзець Youtube».

Пакуль хлопцы задумалі толькі футбольную гульню й гістарычны модуль. У будучым яны б з радасьцю распрацавалі й іншыя формы моўных гульняў.

Магчыма, мы зацікавім мовай аматараў футболу.

«На першым этапе разьлічваем на тых, хто ўжо цікавіцца беларускай мовай, — кажа Зьміцер. — Магчыма, мы зацікавім мовай аматараў футболу».

На сайце movacup.by ідзе адваротны адлік да запуску онлайн-гульні. Пакуль задумваецца запусьціць яе 1 сакавіка 2016 году.

«Гэта досыць амбітны плян, — кажа Зьміцер. — Але, як і зь любым праграмным прадуктам, запуск пажадана не адкладаць. Таму хацелася б хутчэй запусьціць і сабраць першы фідбэк ад карыстальнікаў».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG