Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыхільнікі энэргаблякады Крыму дазволілі запусьціць адну ЛЭП


Рэфат Чубараў
Рэфат Чубараў

Актывісты блякады анэксаванага Расеяй Крыму дазволілі пачаць эксплёатацыю адноўленай лініі электраперадачы 220 кВ «Кахоўская — Тытан». Пра гэта паведаміў кіраўнік Мэджлісу крымскататарскага народу, дэпутат Вярхоўнай Рады ад фракцыі «Блёк Пятра Парашэнкі» Рэфат Чубараў на брыфінгу ў нядзелю.

Чубараў распавёў, што 5 сьнежня лідэры крымскіх татараў мелі размову з прэзыдэнтам Пятром Парашэнкам. Было вырашана запусьціць адну з чатырох ЛЭП, якія падаюць электраэнэргію на паўвостраў. «Удзельнікі блякады прыходзяць да таго, што па лініі „Кахоўская — Тытан“ можа быць адноўлена электразабесьпячэньне», — заявіў Чубараў. Ён адзначыў, што максымальная магутнасьць на гэтай лініі складае 220-250 МВт. Гэта дазволіць забясьпечваць электраэнэргіяй сацыяльныя аб’екты ў Крыме.

Паводле Чубарава, праблемы з электразабесьпячэньнем Крыму выявілі «поўную нікчэмнасьць» расейскіх уладаў. Ён спадзяецца, што гэты жэст добрай волі з боку Ўкраіны прывядзе да вызваленьня арыштаваных у Крыме крымскататарскіх актывістаў. Пры гэтым кіраўнік Мэджлісу папярэджвае, што аднаўленьне энэргазабесьпячэньня па адной ЛЭП можа быць спынена ў канцы сьнежня ў выпадку невыкананьня шэрагу ўмоваў.

Акрамя таго, Чубараў паведаміў, што актывісты блякады Крыму спыняць праверкі аўтатранспарту на адміністрацыйнай мяжы з паўвостравам пасьля ўступленьня ў сілу рашэньня Кабінэту міністраў аб забароне грузаперавозак у Крым.

У ноч з 21 на 22 лістапада ў выніку падрыву апор ліній электраперадач ў Хэрсонскай вобласьці Крым быў адключаны ад энэргасыстэмы Ўкраіны, з тых часоў анэксаваны паўвостраў перажываў жорсткі дэфіцыт электраэнэргіі і веерныя адключэньні сьвятла. У сераду ўвечары была запушчаная першая чарга энэргамаста, які злучае Крым з Кубаньню.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG