Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзьмітры Плакс: Праз паказ спэцыфічнай савецкай мэнтальнасьці Алексіевіч распавядае пра чалавека як такога


Сьвятлана Алексіевіч
Сьвятлана Алексіевіч

Пра Сьвятлану Алексіевіч, яе вядомасьць у Швэцыі, выданьні яе кніг, сустрэчы з чытачамі Свабода пагаварыла з супрацоўнікам Швэдзкага радыё, беларускім пісьменьнікам і перакладчыкам, які жыве ў Стакгольме, Дзьмітрыем Плаксам.

Радыё Свабода: Нядаўна давялося прачытаць, што Сьвятлана Алексіевіч дзевяць гадоў пісала сваю калёнку ў швэдзкай газэце, у Гётэборгу. Большасьць яе чытачоў у Беларусі, як падаецца, пра гэта і ня ведала. Вы чыталі гэтыя тэксты? Пра што яна пісала?

Плакс: Я ўсе тэксты, думаю, не чытаў, толькі некаторыя. Яна пісала па актуальных тэмах, якія ў той час дыскутаваліся і мелі нейкае дачыненьне да былога Савецкага Саюзу. «Гётэборгс-постэн» — рэгіянальная газэта, тэксты Сьвятланы зьяўляліся там, як памятаю, нерэгулярна, з канкрэтных нагодаў. Актыўней яна пісала ў газэту тыя пару год, што яна жыла ў Гётэборгу.

Радыё Свабода: Наколькі па-вашаму гэтая газэтная актыўнасьць дапамагла Алексіевіч паказаць сябе ў Швэцыі і «павялічыць свае шанцы на нобэля»?

Плакс: Ні наколькі. Яе ў Швэцыі ўспрымаюць, натуральна, не як журналістку, а як вядомую пісьменьніцу. Яе публіцыстычныя тэксты ў газэце былі выказваньнямі вядомай асобы і менавіта ў якасьці такіх былі цікавыя. Так што гэта ніяк не паўплывала на яе вядомасьць і на шанцы атрымаць Нобэлеўскую прэмію. Наадварот — яе вядомасьць спрыяла чытаньню гэтых тэкстаў.

Радыё Свабода: Які розгалас мелі гэтыя тэксты?

Дзьмітры Плакс
Дзьмітры Плакс

Плакс: Агульнашвэдзкі розгалас. Рэч у тым, што швэдзкія рэгіянальныя газэты па сваёй, так скажам, важнасьці не саступаюць «цэнтральным» — тут прывычнай для Беларусі газэтнай герархіі няма. Бывае так, што вядомы і паважаны аўтар друкуецца ў мясцовай газэце, і яго будуць чытаць усе, каму цікава.

Радыё Свабода: Скажыце пару словаў пра выдавецтва «Ersatz», у якім выходзілі кнігі Алексіевіч у швэдзкім перакладзе. Гэта, як выглядае, малое, даволі элітарнае выдавецтва? У кожным разе — яны не выдаюць мэйнстрымавую літаратуру...

Плакс: Першыя кніжкі Алексіевіч выйшлі ў іншым выдавецтве — «Ordfront», гэта нашмат буйнейшае выдавецтва. Але пасьля выданьнем яе кніг занялося выдавецтва «Ersatz» — гэта выдавецтва «якаснай» літаратуры, яно спэцыялізуецца на літаратуры, якая шырока ў Швэцыі не прадстаўленая. Сярод іншага яно арыентуецца на літаратуру краінаў былога Савецкага Саюзу, зь беларускіх пісьменьнікаў яны таксама выдалі, напрыклад, «Горад сонца» Артура Клінава, «Вольныя вершы» Андрэя Хадановіча, там выйшла і мая найноўшая кніжка...

Радыё Свабода: Калі Алексіевіч жыла ў Швэцыі, вы зь ёю сустракаліся?

Плакс: Ну, ня так часта, бо яна жыла ў Гётэборгу, а я ў Стакгольме, але кантакты меў. Тады яшчэ існавала Беларуская служба Швэдзкага радыё, дзе я працаваў, і мы, вядома ж, зьвярталіся да яе па камэнтары па тых або іншых пытаньнях. Памятаю адну імпрэзу з удзелам Сьвятланы і Барыса Пятровіча ў цэнтральнай бібліятэцы гораду Мальмё, я там таксама быў у якасьці перакладчыка твораў Барыса. Раз яна таксама падарожнічала па Поўначы краіны на запрашэньне Марыі Сёдэрбэрг.

Радыё Свабода: Алексіевіч папулярная ў швэдзкіх фэмінісцкіх колах. Як яна здабыла гэтую папулярнасьць?

Плакс: Гэтак, вядома ж, сталася дзякуючы кнізе «У вайны не жаночае аблічча». Гэта ўнікальная кніга ў тым сэнсе, што вайна там падаецца з жаночай пэрспэктывы — наколькі мне вядома, такога ў сусьветнай літаратуры да яе ніхто не рабіў. Акрамя таго, што гэта моцны літаратурны твор, гэта яшчэ вельмі цікавы матэрыял як для гендэрных дасьледаваньняў, так і для фэміністычнага руху наагул.

Радыё Свабода: У букмэйкераў Алексіевіч трапіла ў фаварыты кандыдатаў на Нобэля гады тры-чатыры таму. Калі ў Швэцыі адчулі, што Сьвятлана Алексіевіч — гэта рэальная кандыдатка?

Кніга «Час second-hand» праліла новае сьвятло на ўсё, што яна дагэтуль напісала, яна надае зваротную пэрспэктыву


Плакс: Для мяне стала абсалютна відавочным, калі я два гады таму прачытаў яе апошнюю кнігу — «Час second-hand». Я адчуў, што, па-першае, гэта літаратура відавочна вартая Нобэлеўскай прэміі, і, па-другое, што Алексіевіч безумоўна яе атрымае. Але я ня думаў, што яна атрымае яе так хутка. Кніга «Час second-hand» праліла новае сьвятло на ўсё, што яна дагэтуль напісала, яна надае зваротную пэрспэктыву і выбудоўвае з усіх папярэдніх кніжак адзіны «opus magnum». Гэтая кніга мела ў Швэцыі вельмі добрыя рэцэнзіі і нават уваходзіла ў сьпісы бэстсэлераў, што нячаста здараецца зь «цяжкай» літаратурай.

Радыё Свабода: Вы прысутнічалі на аўтарскіх сустрэчах Алексіевіч са швэдзкімі чытачамі? Як яе ўспрымалі швэды?

Плакс: У Швэцыі фармат сустрэчаў зь пісьменьнікамі іншы, чым той, да якога прызвычаіліся ў Беларусі. Тут ня так, што публіка прысылае паперкі з пытаньнямі і пісьменьнік на іх адказвае ў інтэрактыўным рэжыме. Тут звычайна на сцэне сядзіць пісьменьнік і чалавек, які задае яму пытаньні ў фармаце інтэрвію. Публіка проста слухае і актыўна ў размове ня ўдзельнічае. Але на тых сустрэчах, дзе быў я, свабодных месцаў не было. Пасьля сустрэчаў, як тут прынята, пісьменьнік падпісвае свае кнігі. Да Сьвятланы заўсёды стаялі доўгія-доўгія чэргі, яна зь вялікай адказнасьцю заставалася і падпісвала кнігі ўсім ахвочым хоць часам гэта займала і цэлую гадзіну.

Радыё Свабода: Вы працуеце рэжысэрам і драматургам радыётэатру Швэдзкага нацыянальнага радыё. Ставіце п’есы па кнігах Алексіевіч? Што пра іх кажуць акторы?

У Швэцыі пачалі ўжываць замест Vitryssland назву Belarus — гэта сьведчаньне таго, што да Беларусі пачалі ставіцца з большай павагай, і гэта — дзякуючы "нобэлю" Алексіевіч.

Плакс: Пакуль што я паставіў толькі адзін спэктакль — па кнізе «Час second-hand». Фармат спэктаклю — 55 хвілін, гэта каля 40 старонак тэксту, а ў кнізе — каля 700... Чым кнігі Алексіевіч цікавыя — і асабліва гэтая найноўшая — дык гэта менавіта тым, што яна праз паказ спэцыфічнай савецкай мэнтальнасьці распавядае нешта пра чалавека як такога, пра нешта ўнівэрсальнае, што ўласьціва чалавеку як біялягічнаму віду. І я ня думаю, што гэтая спэцыфіка «homo sovieticus’а» нейкім чынам замінае зразумець агульначалавечае вымярэньне. Наадварот. У «Часе second-hand» паказана вельмі добра, што месца і час уплываюць на тое, як паводзіць сябе чалавек, і любы чалавек у пэўных абставінах, напэўна, можа паводзіць сябе па-рознаму — у тым ліку і як той самы савецкі чалавек.

Радыё Свабода: Наколькі прысуджэньне прэміі беларускай пісьменьніцы зьмяніла ўспрыманьне Беларусі ў Швэцыі?

Плакс: Па-першае, наагул зьявілася хоць нейкае ўспрыманьне. Дагэтуль ведалі хіба што пра Лукашэнку, пэрыядычную паліцэйскую брутальнасьць падчас выбараў. А тут — ужо адно тое, што найбуйнейшая швэдзкая газэта Dagens Nyheter, а таксама рэдакцыя культуры Швэдзкага радыё пачалі ўжываць замест Vitryssland (Белая Расея) назву Belarus — гэта сьведчаньне таго, што да Беларусі пачалі ставіцца з большай увагай, з большай павагай, і гэта не ў апошнюю, а, можа, і ў першую чаргу — дзякуючы гэтай падзеі.

Заўважна павялічылася колькасьць артыкулаў і рэпартажаў пра Беларусь, хоць звычайна ў Беларусі адбываецца, з мэдыяльнага пункту гледжаньня, няшмат. Пару дзён назад, напрыклад, мне пазванілі з швэдзкага тэлеграфнага агенцтва TT і спрабавалі высьветліць, ці прадаюцца кніжкі Алексіевіч у менскіх кнігарнях. Яшчэ тры месяцы таму такое было немагчыма сабе ўявіць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG