Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Польшчы загаварылі пра разьмяшчэньне ядзернай зброі


Намесьнік міністра абароны Польшчы Томаш Шаткоўскі заявіў у cуботнім інтэрвію прыватнаму тэлеканалу Polsat, што яго ведамства разглядае магчымасьць звароту да НАТО з просьбай аб разьмяшчэньні на тэрыторыі Польшчы ядзернай зброі.

Паводле Шаткоўскага, у міністэрстве абмяркоўваюць, ці варта зьвяртацца да НАТО з просьбай аб удзеле ў праграме ядзернага стрымліваньня для ўзмацненьня абараназдольнасьці Польшчы. Камэнтар Шаткоўскага стаў першай заявай афіцыйнай асобы аб жаданьні Польшчы ўдзельнічаць у гэтай праграме.

Пазьней з растлумачэньнем выступіла прэс-служба Міністэрства абароны Польшчы: «Выказваньне намесьніка міністра варта трактаваць у кантэксьце камэнтароў сур’ёзных аналітычных цэнтраў на Захадзе, якія паказваюць на дэфіцыт магчымасьцяў ядзернага застрашваньня НАТО на ўсходнім флянгу». У міністэрстве абароны таксама адзначылі, што Польшча ўдзельнічае ў Дамове аб нераспаўсюджваньні ядзернай зброі, таму «ва ўрада няма плянаў атрыманьня такой зброі». У міністэрстве лічаць, што магчымая форма ўдзелу Польшчы ў праграме НАТО павінна быць узгодненая на палітычным узроўні як унутры краіны, так і з саюзьнікамі.

Сярод 28 краін-чальцоў НАТО ядзернай зброяй валодаюць ЗША, Францыя і Вялікабрытанія. Але толькі ЗША могуць паставіць свае ядзерныя ўзбраеньня іншым партнэрам па альянсу. У рамках праграмы ядзернага стрымліваньня такія ўзбраеньні разьмешчаныя на тэрыторыі Бэльгіі, Нямеччыны, Італіі, Галяндыі і Турцыі. У агульнай колькасьці ў краінах ЭЗ і Турцыі знаходзяцца да 240 амэрыканскіх ядзерных бомбаў B61 на шасьці ваенных базах.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG