Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Ціхан Чарнякевіч

Прафуканы Нобэль


Ціхан Чарнякевіч

Ціхан Чарнякевіч

Пакуль пераможна крочыць па стужках навінаў нобэлеўскі тыдзень Сьвятланы Алексіевіч, які ўжо раз у невымернай скрусе думаю пра недзеяздольнасьць беларускага кніжнага рынку.

Відавочна, што беларускамоўная супольнасьць нават пасьля такой «гетаразбуральнай» падзеі, як прысуджэньне літаратурнага Нобэля, не зьбіраецца вылазіць з вульляў і гнёздаў сваіх.

Сёлетняя восень і зіма стануцца выключным пэрыядам працы для беларускіх кнігарняў усіх гарадоў і абласьцёў – людзі старанна прыходзяць і пытаюцца кнігі сваёй суайчыньніцы, грамадзянкі Беларусі Сьвятланы Алексіевіч. Кнігі расьсейваюцца ўмомант, сыплюцца замовы на новыя, але – у Маскву. Менавіта сталіца Расейскай Фэдэрацыі ў асобе выдавецтва «Время» шчыльнаю трубаправоднаю плыньню атрымоўвае грошы беларускага чытача. Фантастычна гучыць, але Беларусь не зарабляе на беларускім Нобэлі і, па ўсім відаць, не зьбіраецца гэтага рабіць.

Пяцітамовік Алексіевіч каштуе ў інтэрнэт-кнігарні мільён рублёў з гакам. Можна не сумнявацца, што за апошнія месяцы і ў наступныя паўгода камплектаў такіх разыдзецца вялікая колькасьць. Нобэлеўская прэмія па літаратуры, як і «Оскар» для кіно, перш за ўсё ўплывае на пакупніцкую цікавасьць, ператварае культурны прадукт у раскручаны брэнд. Іншая справа, як хто з гэтым брэндам працуе. У нядаўняй размове з журналістам Швэдзкага Радыё, які прыехаў у Менск рабіць гутарку з Алексіевіч, даведаўся, што ў Стакгольме шумна абмяркоўваецца джэк-пот невялічкага выдавецтва, якое выдала нядаўна кнігі Алексіевіч. З ягоных словаў, выдавецтва можа прыкладна пяць гадоў ня думаць пра тое, дзе ўзяць хлеб надзённы.

Канечне, у размовах пра Алексіевіч адразу ўсплывае пытаньне мовы. Кнігі яе напісаныя па-руску, і аўтарскімі правамі на выданьне рускамоўных кніг валодае згаданае вышэй выдавецтва «Время». Нягледзячы на поўную юрыдычную яснасьць, дырэктар выдавецтва Барыс Пастарнак адзначаў, што для выданьня той ці іншай кнігі Алексіевіч у Беларусі на рускай мове дастаткова просьбы, афіцыйнага ліста. Тым ня менш, зразумела, што гаворка ідзе не аб прамысловым маштабе выданьня. «Лягічна было б выдаваць у Беларусі па-беларуску, тым больш што пераклады існуюць» – разважаў Барыс Пастарнак, мімаходзь трапляючы ў самую балючую кропку.

Пераклады сапраўды існуюць, і правы на іх выданьне належаць менавіта што не Маскве, а Менску – уласна кажучы, валодае імі сама Алексіевіч. Прычым пераствораныя на беларускай мове ўсе пяць ейных кніг. Вядома, большасьць перакладаў рабілася яшчэ ў савецкія часы, перш за ўсё Міколам Гілём (што вельмі добра адбілася на мове). Аднак з часоў 1980-х Алексіевіч рэдагавала і дапаўняла свае кнігі, у тым ліку фрагмэнтамі, выкінутымі цэнзурай. Гэта азначае, што беларускія пераклады патэнцыйна могуць быць перавыдадзеныя – пры ўмове рэдагаваньня і аўтарызацыі. Больш за тое, электроннае выданьне беларускамоўнага пяцітамовіка «Галасы Ўтопіі» магло б зьявіцца яшчэ сёлета.

Прыкра толькі, што пра гэта нават гаворкі не ўзьнікае. Незалежная кніжная мярэжа цалкам задаволеная «Часам сэканд-хэнд», выдадзеным па-беларуску ў сэрыі «Кнігарня пісьменніка». Ён сапраўды нядрэнна прадаецца ў менскіх крамах – балазе, каштуе ў два разы таньней за расейскамоўны арыгінал.

Але пяцітамовіка беларускамоўнай Алексіевіч, хутчэй за ўсё, ня ўбачыць нам яшчэ вельмі доўга. Гадоў дваццаць піша крытыка пра айчыннага чытача, які хаваецца ў бульбе і круціць носам перад кніжкай «на мове», і вось жа – момант, калі ён той кнігі прагне і нават гатовы аддаць капу грошай дзеля гэтага – а «беларускі аазіс» курыць бамбук і чакае калядных сьвятаў.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG