Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Зьняволеная прыёмная маці з Клімавічаў Ірына Моцная даслала каардынатарцы аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя» па Магілёўскай вобласьці Таісіі Кабанчук ліст, у якім дзякуе за дапамогу, паведамляе сайт БХД.

«Спрабую скараціць свой тэрмін. Год зьнялі. Хутка ў мяне замена рэжыму, але на яе не спадзяюся, тут гэта амаль не практыкуюць. Наперадзе УДВ. Там ня ведаю... Працую на фабрыцы, але ёсьць свае цяжкасьці. У лісьце не магу...», — адзначае яна.

«Тут ратуюць толькі лісты. Устаю і кладуся з болем. Жыцьцё прайшло дарэмна!.. Але калі зусім у гэта верыць пачынаю, думаю пра дзяцей... Гэта тое, дзеля чаго трэба жыць! І я жыву, бо люблю! Дзеля памяці пра Сашу! І дзеля блізкіх!» — гаворыцца ў лісьце.

Былая прыёмная сям'я Моцных (архіўнае фта)

Былая прыёмная сям'я Моцных (архіўнае фта)


«Ратуюся лістамі і чытаньнем. Шмат чытаю духоўнай літаратуры. Вельмі была рада лістам з падтрымкай. Вялікі дзякуй усім перадай! Тут гэта неацэннае багацьце! І наогул, да тых, каму шмат пішуць, тут лепш ставяцца. Закон такі! Тут! Але я выжыву, усё вытрываю і перажыву! Жыцьцё свае, нават калі давядзецца пачынаць спачатку, я не разьмяняю на сьлёзы і забіваньне сябе! Буду шчасьлівай на злосьць ворагам і на радасьць сябрам, родным і тым, хто мяне любіць!» — заключае Ірына Моцная.

19 сьнежня 2014 года суд у Клімавічах, які праходзіў у закрытым рэжыме, прызнаў былую выхавацельку дзіцячага дому сямейнага тыпу Моцную вінаватай ў злоўжываньні правамі апекуна і прысудзіў да чатырох гадоў пазбаўленьня волі. Ірына Моцная сваёй віны не прызнала. Прыёмная сям’я Моцных была створана ў 2002 годзе першай у Клімавіцкім раёне. На працягу дзесяці гадоў лічылася адной зь лепшых. Пасьля таго, як у маці-выхавацелькі забралі шасьцярых прыёмных дзяцей, прытулак быў расфармаваны. У чэрвені сёлета былы прыёмны сын Моцнай Саша, які вучыўся ў радыётэхнічным каледжы і жыў у інтэрнаце, скончыў жыцьцё самагубствам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG