Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка павіншаваў Турэцкага, які гатовы адмовіцца ад уласнага прозьвішча


Аляксандар Лукашэнка накіраваў асабістае прывітаньне народнаму артысту Расеі Міхаілу Турэцкаму, павіншаваўшы яго і салістаў аднайменнай арт-групы з 25-годзьдзем ад дня заснаваньня калектыву. Пра гэта паведамілі ў прэзыдэнцкай прэсавай службе.

«Вось ужо чвэрць стагодзьдзя вы даеце вялікай колькасьці аматараў вашай творчасьці магчымасць акунуцца ў непаўторны сьвет высокага эстраднага мастацтва. Вялікая разнастайнасьць выкананых твораў — ад лепшых узораў рускай і замежнай клясыкі да сучасных кампазыцый — дапамагае вам знайсьці дарогу да сэрца кожнага слухача», — напісаў Лукашэнка, адзначыўшы, што творчасьць калектыву, напоўненай непадробнай шчырасьцю і душэўнасьцю, добра ведаюць і высока цэняць у Беларусі.

Сам жа Міхаіл Турэцкі нядаўна адзначыўся тым, што выказаў гатовасьць зьмяніць назву калектыва і ўласнае прозьвішча на знак несяброўскага стаўленьня ўладаў Турэччыны да Расеі. Пры канцы лістападу турэцкія вайскоўцы зьбілі расейскі зьнішчальнік Су-24 пасьля таго, як той некалькі разоў парушыў дзяржаўную мяжу краіны. Масква адказала маштабнымі санкцыямі, уключна з забаронай расейцам адпачываць у гэтай краіне, а этнічныя туркі кажуць пра пачатак кампаніі цкаваньня ў Расеі.

Неўзабаве пасьля інцыдэнту ў інтэрвію радыёстанцыі «Русская служба новостей» Міхаіл Турэцкі заявіў, што яго калектыў можа зьмяніць назву, а сам ён задумваецца над зьменай прозьвішча — хоць яно і ня мае ніякага дачыненьня да Турэччыны: «Прозьвішча пайшло ад назвы польскага паселішча Тэрэц, што з Турэччынай ніяк не зьвязана».

Міхаіл Турэцкі сказаў, што пасьпешлівых рашэньняў у такім важным пытаньні прымаць ня будзе, але такога варыянту разьвіцьця падзеяў не выключае: «Назву калектыву памяняць нескладана. Зрэшты, як і прозьвішча — прозьвішча жонкі, можа, вазьму», — сказаў музыка ў гутарцы з журналістамі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG