Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Армэнія вызначаецца адносна мэтазгоднасьці парлямэнцкай формы кіраваньня


У Армэніі стартаваў агульнанацыянальны рэфэрэндум на ўнясеньне зьменаў у Канстытуцыю. Раніцай па ўсёй краіне адкрыліся амаль 2 тысячы ўчасткаў, галасаваньне завершыцца а 20-й вечара.

Канстытуцыйныя папраўкі прадугледжваюць пераход ад дзейнай напаўпрэзыдэнцкай да парлямэнцкай формы кіраваньня.

У рэгістар выбарцаў, паводле афіцыйных дадзеных, уключаныя 2 мільёны 550 тысяч 323 чалавекі. Вынесены на рэферэндум праект будзе лічыцца прынятым, калі за яго прагаласуе больш за палову ўдзельнікаў, але ня менш чым адна чвэрць грамадзянаў, уключаных у выбарчыя сьпісы.

Згодна з праектам, прэзыдэнт Армэніі, паўнамоцтвы якога будуць істотна «абрэзаныя», абіраецца тэрмінам на сем гадоў (замест цяперашніх пяці) не агульнанацыянальным галасаваньнем, а парлямэнтам. Адзін і той жа чалавек можа быць абраны кіраўніком дзяржавы ўсяго адзін раз.

Прадугледжваецца, што ў першым туры прэзыдэнт павінен быць абраны ¾ галасамі дэпутатаў, а калі гэтага зрабіць не атрымаецца, то плянка апускаецца да 3/5. Калі і ў гэтым выпадку выбары будуць безвыніковымі, прэзыдэнт будзе абраны большасьцю ад агульнай колькасьці дэпутатаў.

Згодна з дакумэнтам, вышэйшым органам выканаўчай улады абвяшчаецца ўрад, які распрацоўвае і ажыцьцяўляе ўнутраную і зьнешнюю палітыку на аснове сваёй праграмы. На ўрад ўскладзена таксама агульнае кіраўніцтва сыстэмай дзяржаўнага кіраваньня. Новы праект абавязвае прэзыдэнта прызначаць прэм’ер-міністрам кандыдата ад партыі ці партыйнага блёку, які перамог на парлямэнцкіх выбарах.

За ходам галасаваньня сочаць звыш ста міжнародных і некалькі тысяч мясцовых назіральнікаў.

За тыдзень да народнага волевыяўленьня ў Армэніі выбухнулі масавыя пратэсты. Хоць сама па сабе ідэя пераходу да парлямэнцкай рэспублікі прагрэсіўная, але армянская апазіцыя перакананая ў зусім іншых мэтах, якія перасьледуе цяперашні прэзыдэнт Серж Сарксян. На думку апанэнтаў рэжыму, ён хоча змяніць Канстытуцыю, каб пасьля заканчэньня сваёй кадэнцыі ў 2018 годзе застацца ва ўладзе пажыццёва. І ўжо ня так важна, на якой прасадзе: прэм’ер-міністра, старшыні парлямэнту ці проста кіраўніка партыі ўлады.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG