Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чыноўнікі прапануюць ініцыятарам пэтыцыі далучыцца да вырашэньня праблемы


Інтэрнэт-пляцоўка petitions.by, пры дапамозе якой жыхарам Беларусі прапануецца больш актыўна рэалізоўваць сваё права на ўдзел у кіраваньні сваёй мясцовасьцю праз звароты ў дзяржаўныя органы, вымушае чыноўнікаў усё больш актыўна лічыцца з меркаваньнем грамадзянаў.

Днямі ініцыятары звароту ў прадпрыемства «Мінсктранс» і дзяржаўную ўстанову «Сталічны транспарт і сувязь» атрымалі разгорнуты адказ на пералік прэтэнзіяў да арганізацыі транспартных зносінаў. У пэтыцыі падпісанты зьвярталі ўвагу на наступныя праблемы:

«Транспартная сыстэма Менска не адпавядае прынцыпу інтэрмадальнасьці — насуперак неаднаразова заяўленым спэцыялістамі транспартнай галіны курсу на стварэньне менавіта такой мадэлі. Гараджане часта сутыкаюцца з такой сытуацыяй: на прыпынку спыняецца некалькі аўтобусаў, кожны зь якіх едзе па зьвілістым маршруце, умоўна кажучы, праз паўгорада. Едзе доўга і ходзіць рэдка. Людзі вымушаныя карыстацца такімі маршрутамі для далёкіх дыяметральных і колавых паездак з-за аддаленых магістральных маршрутаў — такіх, як лініі мэтро. Гэта пазбаўляе сыстэмнасьці транспартную сетку горада.

Недахоп магістральных ліній зносінаў, аддаленасьць хуткага і зручнага транспарту выклікае перагружанасьць ліній мэтро, прымушае гараджанаў адмаўляцца ад грамадзкага транспарту на карысьць асабістага аўтамабіля, што выклікае зьвязаныя з аўтамабілізацыяй ня толькі транспартныя, але і сацыяльныя, экалягічныя праблемы.

Інтэрмадальная сыстэма мае на ўвазе наяўнасьць магістральных, экспрэсных маршрутаў з кароткім інтэрвалам руху (блізкім да інтэрвалу мэтро), якія пралягаюць, улічваючы спэцыфіку Менска, па дыямэтральных (або радыяльных) і колавых маршрутах. Прыпынкі такіх маршрутаў павінны стаць перасадачнымі вузламі, аналягічнымі прыпынкам мэтро».

Ініцыятары звароту ў дзяржаўныя інстанцыі перакананыя: дапаўненьне існуючых ліній мэтро сеткай наземнага хуткаснага транспарту ажывіць транспартную сыстэму сталіцы, паслужыць фактарам, які дэстымулюе аўтамабілекарыстаньне, што аблегчыць рашэньне шэрагу спадарожных праблемаў. З улікам акрэсьленай праблемы перамяшчэньня па колавых напрамках і немагчымасьць цалкам забясьпечыць патрэбы горада магутнасьцямі мэтрапалітэну, бачыцца актуальным стварэньне колавога экспрэснага аўтобуснага маршруту па другім транспартным кальцы з кароткімі інтэрваламі і рэдкімі прыпынкамі на ўсім працягу паездкі. Гэтаксама яны лічаць, што наспела неабходнасьць стварэньня такога ж маршруту на адрэзках першага і трэцяга транспартных кольцаў Менскай кальцавой дарогі ў мікрараёны Сухарава, Серабранка, Лошыца і іншых.

«Неабходна адзначыць, што ў разьвітых краінах гэтую функцыю пасьпяхова выконвае лёгкі рэйкавы транспарт ці трамвай, прыведзены ў адпаведнасьць да сучасных патрабаваньняў. У нашым выпадку з прычыны сыстэмных праблемаў з гэтым відам транспарту і, мяркуючы па ўсім, недастатковага фінансаваньня, першым крокам бачыцца стварэньне менавіта аўтобусных маршрутаў. Пры такім раскладзе інвэстыцыі мінімальныя, а ініцыятыва і адміністрацыйнае рашэньне зьяўляюцца самым важкім фактарам».

У лісьце, атрыманым зь дзяржаўнай установы «Сталічны транспарт і сувязь» за подпісам дырэктара Валерыя Шкуратава, ініцыятараў запэўніваюць: ад 2016 году плянуецца арганізаваць працу экспрэсных аўтобусных маршрутаў у якасьці экспэрымэнту. Пры гэтым заяўнікам прапануецца прыняць актыўны ўдзел у рэалізацыі праекту, прадставіўшы канкрэтныя прапановы па арганізацыі названых маршрутаў. Тэкст адказу прыкладаецца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG