Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Віцебскія актывісты ўсталявалі мэмарыяльны крыж каля вёскі Бараўляны


Крыж каля вёскі Бараўляны

Крыж каля вёскі Бараўляны

Паводле мясцовых жыхароў, у часе Вялікай Айчыннай вайны фашысты расстрэльвалі тут мірных жыхароў. Але ў пасьляваенны час гэтае месца так і не было ні адзначана, ні ўшанавана.

Сябар Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Ян Дзяржаўцаў расказаў, адкуль яму стала вядома пра тагачасныя падзеі:

«Месца расстрэлу — за 200 мэтраў ад аўтобуснага прыпынку на шашы, якая вядзе на Гарадок — мне паказала мясцовыя жыхарка Лідзія Сухадольская. Цяпер яна жыве ў вёсцы Мазалава, а ў ваенным часе жыла ў Бараўлянах. Яна паказала старую бярозу каля вясковых могілак, за мэтраў 15 ад якой і адбываліся расстрэлы. Я лічу, што памяць бязьвінна забітых і закатаваных трэба ўшаноўваць абавязкова! Мы паставілі там крыж з надпісам «На гэтым месцы нямецка-фашысцкія захопнікі расстрэльвалі ваеннапалонных, партызан і мірных грамадзян падчас Другой сусьветнай вайны. Вечная памяць і павага загінуўшым».

На гэтым месца фашысты расстрэльвалі мірных жыхароў у 1942-43 гадах

На гэтым месца фашысты расстрэльвалі мірных жыхароў у 1942-43 гадах

Шыльда на мэмарыяльным крыжы

Шыльда на мэмарыяльным крыжы

Крыж каля вёскі Бараўляны разам зь Янам Дзяржаўцавым усталявалі сябры грамадзянскай ініцыятывы «Хайсы» — сябры КХП БНФ і Партыі БНФ. Ініцыятыва была ўтворана дзеля высьвятленьня акалічнасьцяў, зьвязаных са «сталінскімі» расстрэламі каля бліжэйшай да Бараўлянаў вёскі Хайсы. Старажылы гэтай вёскі згадваюць пра расстрэлы менавіта ў 1930-я гады, тлумачыць Ян Дзяржаўцаў:

«У лесе каля Хайсоў былі знойдзены чалавечыя парэшткі, у тым ліку чарапы з кулявымі адтулінамі. Жыхары вёскі згадваюць, што тут былі „сталінскія“ Расстрэлы. Аднак, калі мы ўзьнялі гэтае пытаньне — што ў лесе ляжаць непахаваныя чалавечы парэшткі — мясцовыя ўлады з Мазалаўскага сельсавету выказалі сваю вэрсію: маўляў, гэта парэшткі ахвяраў фашызму, расстраляных падчас вайны. Я працягваў апытаньні жыхароў бліжэйшых вёсак. І яны, у тым ліку Юлія Ісачэнка і Лідзія Сухадольская, бачылі і чулі пра расстрэлы ў 1942-43 гадах зусім у іншых месцах — не каля Хайсоў, а каля вёсак Бараўляны і Чысьцік. Цяпер у Бараўлянах мы і ўшанавалі памяць гэтых забітых людзей»

Каля новага крыжа. Ян Дзяржаўцаў (зьлева) і ўдзельнікі ініцыятывы "Хайсы"

Каля новага крыжа. Ян Дзяржаўцаў (зьлева) і ўдзельнікі ініцыятывы "Хайсы"

Мэмарыяльныя крыжы актывісты грамадскай ініцыятывы ставілі і каля Хайсоў. Пяць крыжоў з самаробнага мэмарыялу ў пачатку кастрычніка былі скрадзены невядомымі асобамі, якіх райадзьдзел міліцыі так і не знайшоў. Некалькі крыжоў Ян Дзяржаўцаў і ягоныя сябры ўжо аднавілі. Сёньня яны адмыслова заяжджалі на тое месца і пераканаліся — крыжы на месцы.

Месяц таму знойдзеныя ў вялікіх ямах чалавечыя парэшткі эксгумаваў адмысловы пошукавы батальён. Куды павезьлі некалькі дзясяткаў мяхоў чалавечых костак — невядома. Ці будзе рабіцца экспэртыза парэшткаў — невядома таксама. Актывісты ініцыятывы «Хайсы» рыхтуюць зварот да мясцовых уладаў, у сьледчы камітэт і райвыканкам, каб ім паведамілі пра далейшы лёс парэшткаў і пра вынікі досьледаў, калі такія праводзіліся. Таксама ў Мазалаўскі сельсавет Ян Дзяржаўцаў мяркуе адправіць заяву з пісьмовымі сьведчаньнямі мясцовых жыхароў, якія памятаюць, дзе мірных людзей зьнішчалі фашысты, а дзе — кáты НКВД.

XS
SM
MD
LG