Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачынаючы ад 1950 году кожнага 10 сьнежня паводле прапановы Генэральнай Асамблеі ААН сьвяткуецца як Дзень правоў чалавека. Наша сёньняшняя праграма — пра тых, хто абараняе гэтыя правы.

Хто такі праваабаронца? Апазыцыянэр, палітык, грамадзкі дзеяч, чалавек пэўнай адукацыі і ведаў, ці любы чалавек, які імкнецца бараніць іншага? Чым адрозьніваюцца цяперашнія праваабаронцы ад савецкіх дысыдэнтаў? Наколькі дзейсная іх дапамога сёньня? Як гэтыя людзі трапляюць за краты? Гэтыя ды іншыя пытаньні ў нашай праграме абмяркоўваюць людзі, якія ў той або іншай ступені займаюцца праваабарончай дзейнасьцю, а таксама мінакі на магілёўскіх вуліцах.

Удзельніца вулічнага апытаньня: «Чым яны займаюцца — ня ведаю? Напэўна, абараняюць нашы правы. Хутчэй за ўсё ад улады...»

Як менскі журналіст мог паспрыяць вызваленьню палонных у Данецку?

З нагоды Ўсясьветнага дня правоў чалавека прадстаўнікі беларускіх грамадзкіх арганізацыяў па традыцыі штогод на пачатку сьнежня вызначаюць найлепшага журналіста ды праваабаронцу году. Сёлетняе ганараваньне ляўрэатаў адбудзецца ў панядзелак, 7 сьнежня. У намінацыі «СМІ» сярод іншых прэтэндэнтаў прадстаўлены Зьміцер Лукашук з Эўрапейскага Радыё. Зьміцер пэрыядычна зьвяртаецца да тэмаў, якія тычацца правоў чалавека, а таксама свабоды сумленьня, свабоды слова, дзейнасьці праваабаронцаў. Апошнім часам Зьміцер змагаўся за лёс ваеннапалонных у зоне ўкраінска-расейскага канфлікту і дапамог вызваліць восем вайскоўцаў украінскай арміі з палону сэпаратыстаў у Данецку.

Як гэта здарылася?

Зьміцер Лукашук бярэ інтэрвію ў Аляксандра Захарчанкі ("ДНР")

Зьміцер Лукашук бярэ інтэрвію ў Аляксандра Захарчанкі ("ДНР")

​«Нечакана, — распавядае Зьміцер. — Мы не займаліся гэтым спэцыяльна, ня ставілі сабе такую мэту. Атрымалася гэта выпадкова, стала вынікам шэрагу інтэрвію, якія я рабіў з украінскімі салдатамі, добраахвотнікамі, валянтэрамі, сьвятарамі-капэлянамі. У той жа час было ў мяне інтэрвію з так званым прэм’ер-міністрам ДНР Аляксандрам Захарчанкам. І людзі з таго боку ўбачылі гэтае інтэрвію, і самі праваабаронцы ўкраінскія зьвярнуліся да мяне з такой прапановай: калі ты ўжо зь ім на сувязі, то ці не паспрабаваць табе закінуць яму такую прапанову? Ёсьць сьпіс людзей, якіх мы ніяк ня можам дамагчыся, каб вызвалілі. Можа, ты на кантакце зь ім зможаш паспрыяць вызваленьню? Асабліва з улікам таго, што на той момант толькі пачаліся перамовы кантактнай групы ў Менску. І паказаць сябе з добрага боку трэба было ўсім. Мы гэтую ідэю падтрымалі, патэлефанавалі яшчэ раз туды ў Данецк. Цягам двух тыдняў адбываліся „сазвонкі“, „нагадкі“ пра дамоўленасьць і абяцаньне. І вынік такі быў. З адным з хлопцаў з батальёну „Данбас“ у нас потым было інтэрвію: пра палон і вызваленьне».

Зьміцер Лукашук адзначае, што ў сваёй працы часта мае дачыненьне з праваабаронцамі. Хто яны, што за людзі? Якія ў яго склаліся ўражаньні?

«Гэта людзі абсалютна розныя. Ёсьць тыя, хто ўваходзіць у сур’ёзныя праваабарончыя структуры, як той самы БХК, праваабарончы цэнтар „Вясна“, людзі, вядомыя тым, што дапамагаюць затрыманым ці пакараным за ўдзел у нейкіх несанкцыянаваных акцыях. Прафэсійныя праваабаронцы, якія мэтай сваёй дзейнасьці маюць змагацца за правы чалавека, за права голасу і гэтак далей».

Але існуюць і непрафэсіяналы, якія займаюцца зусім іншым, кажа Зьміцер:

«Гэтыя людзі сябе праваабаронцамі ня лічаць, але дапамагаюць складаць скаргі ва ўстановы на дзеяньні чыноўнікаў, адстойваюць правы сваіх суседзяў, суграмадзянаў па чыста бытавых пытаньнях. Напрыклад, права зялёную зону побач з домам. Вось у Менску ёсьць абаронцы Севастопальскага парку. Такія людзі займаюцца праваабарончай тэмай у вольны час, яны маюць працу, ходзяць ва ўстанову ці на завод. Аднак першых і другіх яднае абвостранае пачуцьцё справядлівасьці. Яны лічаць, што ўсё павінна быць па праўдзе, па законе і па сумленьні. І яны гатовыя траціць свой час, каб гэтага дабіцца. Гатовыя несьці страты фінансавыя, маральныя, а часам нават і фізычныя. Нярэдка можна пачуць ад грамадзкасьці, маўляў, чаго гэтыя праваабаронцы дабіліся. Мушу сказаць, што насамрэч яны робяць вельмі шмат».

«Мой грамадзянскі абавязак — ісьці да дна разам з гэтым караблём»

З часу свайго зараджэньня ў 1960–1970-я гады ў СССР праваабарончая супольнасьць перажыла некалькі этапаў. Першы — савецкі праваабарончы рух, калі кожны, хто супрацьстаяў сыстэме, па сутнасьці сваёй быў праваабаронцам. Андрэй Сахараў, Аляксандар Салжаніцын, Уладзімер Букоўскі, Людміла Аляксеева, Валерыя Навадворская і многія іншыя. Зброяй савецкіх дысыдэнтаў было слова. Інфармацыя аб парушэньнях законаў распаўсюджвалася ўсімі магчымымі шляхамі: ад інтэрвію замежным выданьням да самвыдату. Прадстаўнікоў руху перасьледавалі паводле крымінальнага артыкула «За антысавецкую дзейнасьць і прапаганду», іх кідалі ў лягеры ды вар’ятні...

Валерыя Навадворская

Валерыя Навадворская

Пасьля распаду СССР праваабарончая супольнасьць пачала дзейнічаць у новым кантэксьце. Ад арганізацыяў і асобаў, якія пазыцыянавалі сябе як праваабаронцы, чакалі ня толькі крытыкі ўладаў на словах, але і рэальнай дапамогі пацярпелым. Адносна падыходаў да праваабарончай дзейнасьці вяліся і працягваюць весьціся розныя дыскусіі... Тая самая Валерыя Навадворская ў апошнія гады свайго жыцьця лічыла сябе больш публіцыстам, грамадзкай дзяячкай, бо, паводле яе меркаваньня, для таго, каб у сучасных умовах прафэсійна абараняць правы чалавека ёй бракавала юрыдычных ведаў. «Але калі ты можаш гаварыць праўду, — казала яна, — па хаця б за працэнтаў 10 насельніцтва, якім няма куды бегчы з сваёй краіны, гэта ўжо суцяшае...»

«Я не ўхваляю эміграцыі, — казала яна незадоўга да сьмерці ў інтэрвію праграме „Эхо Москвы“. — Расея ў бядотным становішчы, але, увогуле, я ніколі адсюль не паеду. Трэба ісьці да дна разам з гэтым караблём, як на „Тытаніку“. Гэта грамадзянскі абавязак. Але кожны мае права ратавацца — карабель тоне».

«Дзейнічаць, прызнаючы ўнівэрсальнасьць правоў чалавека»

Паводле кіраўніцы зарэгістраванага ў Вільні Беларускага дому правоў чалавека імя Барыса Звоскава Тацяны Равякі, дакладнае азначэньне праваабаронцы даецца ў адпаведных міжнародных дакумэнтах — Дэклярацыі аб праваабаронцах Генасамблеі ААН (1998) і дакумэнце АБСЭ "Кіроўныя прынцыпы па абароне праваабаронцаў"(2014). Тацяна Равяка падкрэсьлівае, што «праваабаронца — гэта не прафэсія, бо нельга пайсьці ва ўнівэрсытэт і атрымаць адпаведную спэцыяльнасьць, «праваабаронца — гэта асоба, якая садзейнічае выкананьню правоў чалавека, імкнецца абараняць іх і ажыцьцяўляць і пры гэтым прызнае ўнівэрсальнасьць гэтых правоў».

Што гэта азначае?

Тацяна Равяка

Тацяна Равяка

Равяка: «Мы ведаем, што існуюць грамадзянскія, палітычныя, сацыяльныя, культурныя правы. Калі, напрыклад, чалавек займаецца маніторынгам месцаў зьняволеньня, каб палепшыць становішча зьняволеных, але пры гэтым падтрымлівае сьмяротнае пакараньне — і, значыць, не прызнае ўнівэрсальнасьці правоў чалавека, фактычна адмаўляе права на жыцьцё, — цяжка казаць, што гэта праваабаронца. Я б казала, што гэта кіраўнік маніторынгавай групы пэнітэнцыярнай сыстэмы.

Або іншы займаецца пытаньнямі палітвязьняў, дапамогі ім. Але лічыць, што прадстаўнікі ЛГБТ не павінны браць удзел у публічных мерапрыемствах, таму што яны не такія, як мы. Гэта азначае адмаўленьне ўнівэрсальнасьці правоў чалавека: што правы належаць ня ўсім і ня ў роўнай колькасьці. Я думаю, што гэтыя людзі — актывісты, у дзейнасьці якіх ёсьць праваабарончая кампанэнта, але вельмі цяжка іх будзе назваць праваабаронцамі.

І трэці крытэр — гэта тое, што праваабаронцы дзейнічаюць мірнымі сродкамі. Нельга змагацца за вызваленьне, напрыклад, палітвязьняў, прыйшоўшы ў турму, узарваўшы дзьверы, зрабіўшы гвалтоўны напад. Гэта будзе не праваабарончы мэтад».

Выснова: галоўнае — ня тое, хто гэтыя людзі па прафэсіі, а тое, як яны дзейнічаюць, як адстойваюць свае мэты. Толькі празь дзеяньні, каштоўнасьці і мэтады мы вызначаем — хто такія праваабаронцы, кажа Тацяна Равяка.

«Канчатковае рашэньне па Жамчужным прафэсійная праваабарончая супольнасьць агучыць 7 сьнежня. Ёсьць падставы сьцьвярджаць, што была правакацыя»

Сёньня ў Беларусі знаходзяцца за кратамі людзі, якія займаліся праваабарончай дзейнасьцю. Няма поўнай яснасьці ў іхніх справах, але ёсьць зьвесткі, што яны дапусьцілі ў сваіх дзеяньнях не зусім адпаведныя мэтады. Тацяна Равяка разважае над гэтымі прыкладамі:

«У гэтай сытуацыі мы павінны шчыра казаць, што адзін зь іх, Андрэй Бандарэнка, апынуўся ў месцах зьняволеньня не за праваабарончую дзейнасьць. Безумоўна, ва ўладаў была тысяча прычынаў для таго, каб ён там апынуўся. Але, на жаль, можна сказаць, ён уласнымі рукамі зрабіў тое, з-за чаго апынуўся ў месцы зьняволеньня. Аднак тое, што далей зь ім пачалося, мы адназначна зьвязваем зь перасьледам за праваабарончую дзейнасьць».

Яго намаганьнямі адміністрацыя калёніі трапіла ў сьпісы невыязных. І калі ён апынуўся ў іхніх руках, ён стаў цалкам ад іх залежны. І яны зрабілі ўсё, каб стварыць невыносныя ўмовы для адбыцьця пакараньня.

Што тычыцца другога праваабаронцы, Міхаіла Жамчужнага, то некаторую інфармацыю пра сутнасьць ягонай справы праваабаронцы атрымалі толькі апошнімі днямі. Гаворка ідзе пра недазволеныя мэтады атрыманьня інфармацыі, якая складае службовую таямніцу.

«Мы абсалютна выразна ўсьведамляем, што могуць быць сытуацыі, калі нам прапануюць інфармацыю, відэазапіс таго, як катуюць чалавека ці забіваюць у турме ці ў „ІВС“ (ізалятар часовага ўтрыманьня). То ці дазволена нам купіць гэтую інфармацыю? А калі купіць, то што зь ёй далей рабіць? І мы лічым, што ў сытуацыях скрайняй неабходнасьці, калі ідзе размова пра жыцьцё і здароўе людзей, такую інфармацыю трэба атрымліваць любымі сродкамі. І рабіць публічнай, і рэагаваць адпаведным чынам».

Паводле Тацяны Равякі, на падставе праведзеных абмеркаваньняў па гэтым пытаньні, прадстаўнікі прафэсійнай праавабарончай супольнасьці агучаць сваю канчатковую пазыцыю па Жамчужным у панядзелак, 7 сьнежня. Пакуль жа сп-ня Равяка можа толькі казаць, што «ёсьць падставы сьцьвярджаць, што супрацьпраўныя дзеяньні, у якіх абвінавачаны заснавальнік „Плятформы інавэйшн“, былі справакаваныя спэцслужбамі».

Праваабарончая дзейнасьць мае досыць шырокія абсягі, працягвае Тацяна Равяка:

«Прававыя дзеяньні — гэта калі мы зьвяртаемся да прававых мэханізмаў дзеля адстойваньня правоў: падаем заявы ці скаргі ў суды, іншыя дзяржаўныя органы. Калі мы выходзім зь пікетам і адстойваем свабоду слова. Калі ідзем да Міністэрства юстыцыі, каб пратэставаць супраць закрыцьця арганізацыяў.

Акрамя гэтага, ёсьць яшчэ палітычныя праваабарончыя дзеяньні. Гэта праца зь міжнароднымі органамі, калі мы, напрыклад, сустракаемся зь іх прадстаўнікамі і называем праблемы ў галіне правоў чалавека, на якія просім зьвярнуць увагу пры перамовах зь беларускім урадам, уключыць у рэзалюцыі, датычныя нашай краіны... Ёсьць яшчэ асьветніцкія дзеяньні, адукацыйныя, мэта якіх — навучыць, што такое правы чалавека і якім чынам іх прасоўваць. Так што праваабаронцамі могуць быць усе тыя людзі, якія ўключаны ў такі даволі шырокі працэс».

«Наша мэта — спрыяць прызнаньню асуджаных праваабаронцаў палітвязьнямі»

Ганна Шапуцька

Ганна Шапуцька

Ініцыятыва «За волю» — нефармальнае грамадзкае аб’яднаньне. Яго сябры лічаць сябе праваабаронцамі і імкнуцца бараніць правы іншых, у тым ліку праз сацыяльныя сеткі. Дзякуючы старонцы ў фэйсбуку да супольнасьці далучаюцца новыя людзі. Кіраўніца ініцыятывы Ганна Шапуцька лічыць, што праваабаронцам можа быць кожны і спасылаецца на вызначэньне «Міжнароднай амністыі». Яна распавядае: зьяўляюцца новыя пацярпелыя, і каб абараняць іхнія правы, знаходзяцца таксама новыя людзі, якія далучаюцца да групы «За волю». Яны стараюцца прыцягнуць увагу грамадзкасьці і ўладаў. І часам удаецца вырашыць нейкую праблему, дапамагчы пацярпелым людзям у цяжкія моманты жыцьця, а часам нават і вызваліць кагосьці з-за кратаў. Ганна Шапуцька прыводзіць прыклад праваабаронцаў Андрэя Бандарэнкі і Міхаіла Жамчужнага, якія знаходзяцца за кратамі:

«Мы ведаем, што справа неадназначная і частка праваабарончых структураў ня лічыць іх палітзьняволенымі. Але наша ініцыятыва і некаторыя іншыя, наадварот, упэўненыя, што гэтыя праваабаронцы зьяўляюцца палітвязьнямі. Аднак, дзякуючы намаганьням нашых актывістаў, мы бачым праяву грамадзкай салідарнасьці з гэтымі вязьнямі, якая дапамагае абароне правоў гэтых двух чалавек», — зазначае Ганна Шапуцька.

«Праваабаронца павінен думаць пра сваю рэпутацыю»

Кіраўніца «Рэгіёну 119» — арганізацыі, якая абараняе правы зьняволеных, Алёна Красоўская-Касьпяровіч лічыць, што праваабаронцам можа быць любы чалавек. Юрыдычная адукацыя ў гэтай справе, аднак, сёньня не залішняя, таму нярэдка многія з тых, хто вядзе праваабарончую дзейнасьць, імкнуцца асвойваць гэтыя спэцыяльныя веды як праз унівэрсытэцкую сыстэму, так і праз самаадукацыю...

Чым адрозьніваецца дзейнасьць праваабаронцы ад дзейнасьці адваката?

Алёна Красоўская-Касьпяровіч

Алёна Красоўская-Касьпяровіч

Красоўская-Касьпяровіч: «Праваабаронца абараняе правы канкрэтнай асобы, але за выключэньнем выпадкаў, калі тая асоба сама парушае правы іншых. Адвакат жа абараняе асобу незалежна ад таго, вінаватая яна ці не. Для адваката ягоны падабаронны заўсёды невінаваты. Праваабаронца, які працуе, напрыклад, з крымінальнай справай і бачыць, што гэты чалавек зьдзейсьніў злачынства супраць іншых, ня будзе казаць, што ён невінаваты».

Кіраўніца «Рэгіёну 119» лічыць, што той, хто займаецца праваабарончай дзейнасьцю павінен пастаянна думаць пра сваю рэпутацыю і адказваць за свае ўчынкі. Калі нягодныя паводзіны іншых (п’янкі, бойкі, ашуканства, імкненьне да нажывы любой цаной і г. д.) могуць быць незаўважанымі грамадзкасьцю, то праваабаронцы — асобы прыкметныя, ім такое не даруецца...

«Зь іншага боку, праваабаронца ўвесь час пад прыцэлам пэўных структураў і ніколі ня ведаеш, што здарыцца заўтра з табой ці з тваёй сям’ёй. Хоць, зразумела, назваць гэтую дзейнасьць такой жа небясьпечнай, як у часы СССР, нельга. Але ж пэўная сьмеласьць усё ж патрэбная... Што тычыцца таго, ці лічу я сябе праваабаронцам, то хай гэтае права застаецца за тымі, каму мы непасрэдна дапамагаем».

«Свабода ў турмах»: «З вашага гледзішча, ці можна дзяліць правы чалавека на больш ці менш галоўныя?»

Красоўская-Касьпяровіч: «Я не лічу, што ёсьць галоўныя правы ці негалоўныя.. Ёсьць базавыя правы. Права на жыцьцё, напрыклад...»

«Свабода ў турмах»: «Але ж вас крытыкуюць менавіта праваабаронцы за тое, што вы выступаеце за сьмяротнае пакараньне...»

Красоўская-Касьпяровіч: «Магу толькі адзначыць, што так званая наша падтрымка сьмяротнага пакараньня — гэта словы, якія вырваныя з кантэксту. Людзі нярэдка чытаюць першую частку сказу і не дачытваюць другую. Трэба зыходзіць з таго, што насамрэч у Беларусі пажыцьцёвага зьняволеньня як альтэрнатывы расстрэлу фактычна няма. Праз 25 гадоў любы асуджаны на ПЗ можа апынуцца на волі, што б ён ні ўчыніў. Патрабуецца альтэрнатыва, якая б дала грамадзтву ўпэўненасьць, што гэтыя людзі, ніколі ня выйдуць на волю, каб ізноў чыніць свае жорсткія злачынствы. Наша арганізацыя распрацоўвае цяпер пэўныя дакумэнты, якія б дазволілі нашай дзяржаве распрацаваць альтэрнатыву сьмяротнаму пакараньню. І пасьля гэтага мы будзем выступаць за адмену сьмяротнага пакараньня ці ўвядзеньне на яго мараторыю».

«Свабода ў турмах»: «Вядома, што „Рэгіён 119“ атрымлівае штодня дзесяткі зваротаў як ад зьняволеных, так і ад іхніх родных наконт парушэньняў правоў вязьняў. Што гэта за скаргі?»

Лісты зьняволеных

Лісты зьняволеных

Красоўская-Касьпяровіч: «Найчасьцей да нас зьвяртаюцца з парушаным правам на справядлівы судовы разбор. Па права на абарону. На мэдычную дапамогу...І ў сувязі з унутрыкаставымі адносінамі сярод асуджаных. Гэтая каставасьць ідзе з савецкіх часоў. У пэнітэнцыярных сыстэмах Расеі, Украіны, Беларусі, рэспублік Закаўказьзя яна моцна захавалася. Гэта свайго роду ўстойлівая сыстэма самакіраваньня ў турмах ды на зонах сярод асуджаных. Шчыра кажучы, мне вельмі складана сказаць, як ад усяго гэтага пазбавіцца».

«Свабода ў турмах»: «Абарона правоў зьняволеных — ад каго яна? Ад турэмных ды міліцэйскіх уладаў ці ад асуджаных, якія чыняць самаўпраўства? Вы казалі пра тыя ж каставыя стасункі, ад якіх, між іншым, сёньня пакутуе ваш колішні калега... Ці ёсьць у вас прапановы, ідэі, якой тут даць рады?»

Красоўская-Касьпяровіч: «Абарона чыіхсьці правоў — гэта найчасьцей абарона ад неправамоцных дзеяньняў дзяржавы. Таксама бываюць сытуацыі, калі даводзіцца абараняць правы асуджаных ад дзеяньняў такіх жа асуджаных, што збольшага зьвязана з той жа каставасьцю. Так, правы аднаго з нашых былых калегаў парушаюцца менавіта ў гэтай сувязі і менавіта асуджанымі. Паколькі ані ён, ані ягоныя сваякі да нас з просьбай па дапамогу не зьвярталіся, мы ягонай справай не займаемся. Калі такая просьба паступіць, то, зразумела, зоймемся абаронай ягоных правоў, як гэта робім і ў дачыненьні да іншых вязьняў. Падобнымі справамі нам даводзілася займацца неаднойчы».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG