Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Лядовы палац у Шклове знайшлі грошы: «яго спрасьцілі і зрабілі таньнейшым».


Лядовы палац у Шклове, лістапад 2015
Лядовы палац у Шклове, лістапад 2015

Шклоўскія ўлады ў чарговы раз паабяцалі дабудаваць у райцэнтры лядовы палац. Першых наведнікаў арэна мусяць прыняць у кастрычніку 2016 году. У 2014 годзе запэўнівалі: аб’ект увядуць да красавіка 2015-га.

Лядовы палац у Шклове узводзяць з 2010 году. Некалькі разоў працы прыпыняліся. У 2013 група актыўных жыхароў райцэнтру зьвярнулася з калектыўным зваротам да ўладаў, каб тая прысьпешыла будаўніцтва.

Тады працы аднавіліся, але ненадоўга. Апошнія паўтары гады будоўля стаяла замарожанай праз адсутнасьць фінансаваньня.

Цяпер працы зноў аднавіліся ў амаль што аўральным рэжыме. На аб’екце працуюць больш за 80 чалавек.

«Да 15 сьнежня мы закрыем контур. Зь пятнаццатага пачынаем атрымліваць панэлі і ў іх ён будзе да 31 сьнежня», даводзіў старшыня Шклоўскага райвыканкаму Аляксандар Бойка ў праграме рэгіянальнага тэлебачаньня «Днямі».

З вакон кватэры жыхара Шклова, намесьніка старшыні партыі БНФ Рыгора Кастусёва відаць будоўля. Паводле яго, ў суботу актыўнасьці на аб’екце не назіраецца. Фронтавец зазначае, што ня ў першы раз чуе абяцаньні чыноўнікаў здаць Лядовы палац, але, як і ў мінулыя разы ён сумняваецца ў чыноўніцкія запэўніваньні.

«Калі ўжо распачалі будаваць, дык трэба завяршаць. У будоўлю ўкладзеныя вялікія сродкі. Пагатоў, мясьціну, якую выбралі для Палацу, трэба ўпарадкоўваць найхутчэй, каб не засьмечваць узьбярэжжа Дняпра», даводзіць сваю пазыцыю палітык.

«З пазыцыі абывацеля, — працягвае ён. — Яго не цікавіць, адкуль бяруцца сродкі на Палац. Яму патрэбнае месца, дзе б ён займаўся спортам. Я гаварыў з многімі шклоўцамі: яны кажуць, што лядовая арэна ім патрэбная».

«Калі глядзець на Лядовы палац зь дзяржаўнага гледзішча, то ён для раённага бюджэту стане дужа дарагім задавальненьнем. Лічу, што Шклоў наўрад ці ў стане ўтрымаць гэтую забаву. Эфэктыўнасьць яго эксплюатацыі будзе дужа нізкай», — падсумоўвае Рыгор Кастусёў.

Гэтак выглядае ў Шклове лядовы палац. Празь няпоўны год, абяцаюць улады, ён прыме першых наведнікаў
Гэтак выглядае ў Шклове лядовы палац. Празь няпоўны год, абяцаюць улады, ён прыме першых наведнікаў

У афіцыйных камэнтарах гучыць: «спартовы аб’ект спрасьцілі і зрабілі таньнейшым, але на якасьці прац гэта не адаб’ецца». Акрамя спартовых мерапрыемстваў у Палацы зьбіраюцца праводзіць канцэрты. Сродкі на Шклоўскую арэну выдзелілі з абласнога бюджэту.

Каб здаць лядовы палац, неабходна, паводле афіцыйных крыніцаў, 260 мільярдаў рублёў. Зь іх засвоена, як паведамляецца, больш за 40 мільярдаў. Напачатку будаўніцтва ацэньвалася ў больш за сто мільярдаў.​

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG