Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Караткевіч правяла яшчэ адну сустрэчу ў Палаце прадстаўнікоў


Тацяна Караткевіч, архіўнае фота
Тацяна Караткевіч, архіўнае фота

Былая кандыдатка на прэзыдэнта Беларусі Тацяна Караткевіч 4 сьнежня сустрэлася з намесьнікам старшыні камісіі па прамысловасьці, паліўна-энэргетычным комплексе, транспарце і сувязі Міхаілам Пачынком.

Найперш суразмоўцы абмеркавалі неабходнасьць рэформаў у сфэры прамысловасьці. Тацяна Караткевіч прапанавала на заканадаўчым роўні забараніць «убухваць» грошы ў хранічна стратныя і беспэрспэктыўныя прадпрыемствы. Яна лічыць, што заканадаўцы павінны спрыяць таму, каб непатрэбная прадукцыя не выраблялася, а заводы і фабрыкі працавалі эфэктыўна. На гэта Міхаіл Пачынок адказаў, што нядаўна ў заканадаўства па ініцыятыве яго камісіі была ўведзеная норма, якая дазваляе дырэктарам прадпрыемстваў прымаць рашэньні з абгрунтаванай эканамічнай рызыкай. Таксама ў першым чытаньні прыняты закон аб дзяржаўна-прыватным партнэрстве. У цэлым дэпутат так і не адказаў на канкрэтныя прапановы, а спаслаўся на Праграму развіцьця прамысловасьці да 2020 году, дзе «ёсць адказы на ўсе пытаньні».

Тацяна Караткевіч зьвярнула ўвагу на манаполію дзяржавы ў асобе «Белтэлекаму» на беларускім інтэрнэт-рынку. На думку «Гавары праўду», «розьнічны» гандаль трафікам як мінімум на 80 працэнтаў павінны ажыцьцяўляцца прыватнымі кампаніямі. Дэпутат на гэта даў стандартны адказ, які ўжо неаднаразова даводзілася чуць ад яго калег: «Я ня бачу неабходнасьці што-небудзь мяняць у гэтай сфэры».

Падсумоўваючы вынікі размовы, Тацяна Караткевіч і Міхаіл Пачынок сышліся ў меркаваньні, што нават калі некалькі дзясяткаў або сотняў людзей пачынаюць казаць пра праблему, фармуюць ініцыятыўныя групы і патрабуюць прыняць якія-небудзь меры, то гэта азначае, што праблема існуе і яе трэба вырашаць.

Для Тацяны Караткевіч гэтая сустрэча стала шостай у Палаце прадстаўнікоў. Яна заяўляла Свабодзе, што хацела б паразмаўляць са старшынямі ўсіх камісіяў, якія існуюць у Палаце прадстаўнікоў. А іх, між іншым, 14. Да таго ж у 2016 годзе павінны адбыцца новыя парлямэнцкія выбары.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG