Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня 5 сьнежня 2015: Сустрэча зь Вінцуком Вячоркам у Маладэчне; мюзыкл дзяцей з хосьпісу ў Горадні


Вінцук Вячорка

Вінцук Вячорка

Падзеі дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

Афіша

У Маладэчне адбудзецца сустрэча з лінгвістам, укладальнікам «Беларускага клясычнага правапісу» Вінцуком Вячоркам. Тэма імпрэзы: «Мне чарку акавіты!, або Чаму Скарына ня меў моўнага бар’еру ў Эўропе». Падчас мерапрыемства ўдзельнікі абмяркуюць, якой была дзяржаўная мова ў Вялікім княстве літоўскім, якія мовы ведалі адукаваныя беларусы таго часу, як моўная сітуацыя ў ВКЛ паўплывала на сучасную беларускую мову. Імпрэза пройдзе ў тры гадзіны дня ў прыватнай гасьцёўні ў Маладэчне на вуліцы Чыстай, 26. Уваход вольны.

У лютэранскай кірсе ў Горадні (вул. Акадэмічная 7А) валянтэры і дзеці з Гарадзенскага хосьпісу пакажуць сацыяльны мюзікл «Я-МЫ», прымеркаваны да Міжнароднага дня людзей з інваліднасьцю (3 сьнежня) і Дня валянтэра (5 сьнежня). Пачатак: 14.00.

У Вялейскім палацы культуры пройдзе сярэднявечная вечарына, якую арганізуе вялейскі клюб гістарычнай рэканструкцыі «Паходня». У праграме – дыскатэка ў сярэднявечным стылі, майстар-клясы, выстава дасьпехаў і забавы. Пачатак а 16.00.

У гісторыі

1936 — прынятая сталінская канстытуцыя СССР.

1947 — нарадзіўся Алесь Разанаў, беларускі паэт і перакладчык.

1965 — на Пушкінскай плошчы ў Маскве адбыўся Мітынг галоснасьці — першая публічная акцыя савецкіх дысыдэнтаў.

1994 — на нарадзе кіраўнікоў краінаў АБСЭ Вялікабрытанія, ЗША і Расея гарантавалі Беларусі, Казахстану і Ўкраіне бясьпеку і тэрытарыяльную цэласнасьць.

У памяці

1870 — памёр Аляксандар Дзюма-бацька, францускі пісьменьнік.

1925 — памёр Уладзіслаў Рэймант, польскі пісьменьнік, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі.

1926 — памёр Клёд Манэ, францускі мастак, пачынальніка імпрэсіянізму.

Цытата

«Ад царквы да царквы, ад лесьнічоўкі да лесьнічоўкі ідзём з Арабейкам Іванам, напытваючы сьцяжыну да той крыніцы, зь якой піў сьвяты.

Мы зьнемагліся, нас паліць смага, але мы адмаўляемся ад піцьця, і людзі, бачачы нашу адданасьць сьвятой ідэі, шчырае наша імкненьне, нам кажуць, кудою ісьці.

Апоўдні гарачага дня мы прыходзім да мэты. Крыніца ўвабрана ў зруб, і Іван Арабейка першы, схіляючыся над зрубам, зачэрпвае ў конаўку, што мы знайшлі тут, вады.

Гэта, аднак, не зусім і вада, а — жоўта-чырвоная вадкасьць, бы недзе глыбока, адкуль выцякае крыніца, у падземных нетрах, точыцца бесьперапынна нейкая бітва і сплывае гэтакаю крывёй.

Іван Арабейка п’е. І я п’ю, сьціскаючы зубы, таксама.

Потым мы будзем хварэць, будзем пакутаваць, але будзем ведаць, што далучыліся да самай сутнасьці сьвету і што пілі з крыніцы, зь якой піў сьвяты.»

Алесь Разанаў, «Крыніца, зь якой піў сьвяты».

XS
SM
MD
LG