Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працаўнікі Гомельскага мясакамбінату: Нават сваім падсоўвалі супавыя наборы з душком


2 сьнежня ў Гомелі праваахоўнікі затрымалі каля дзясятка службоўцаў і спэцыялістаў мясной галіны, у ліку якіх апынуліся дырэктар мясакамбінату Рычард Стэфановіч і куратар аграпрамысловага комплексу рэгіёну, першы намесьнік старшыні аблвыканкаму Аляксандар Максіменка.

Ні Сьледчы камітэт, ні міліцыя нейкай інфармацыі на гэты конт не даюць, адмаўляючы датычнасьць сваіх ведамстваў да затрыманьня мясных махінатараў. У Камітэце дзяржаўнай бясьпекі даваць камэнтары для СМІ адмаўляюцца.

Мясакамбінат наўпрост падпарадкоўваецца камітэту па сельскай гаспадарцы і харчаваньні Гомельскага аблвыканкаму. Аднак і тут ня хочуць размаўляць на тэму затрыманьня кіраўнікоў і спэцыялістаў свайго прадпрыемства.

Тым часам некаторыя працаўнікі мясакамбінату жартуюць наконт чарговага затрыманьня сваіх кіраўнікоў — яны, маўляў, цяпер адпачываюць:

«Чытайце ў газэтах, у інтэрнэце — мы ня можам выдаваць вам „ваеннай таямніцы“, бо мы таксама сядзем. А мы гэтага ня хочам».

Іншыя працаўнікі, не зьвязаныя сындромам «ваеннай таямніцы», на ўмовах ананімнасьці апавялі, што затрыманыя 8 кіраўнікоў і спэцыялістаў прадпрыемства. Гэта дырэктар мясакамбінату Рычард Стэфановіч, яго намесьніца па кадрах і ідэалёгіі Надзея Трус, якая нядаўна выконвала абавязкі дырэктара, а таксама начальнік халадзільніка, галоўны вэтэрынарны лекар, некаторыя тэхнолягі й майстры.

Падставай для затрыманьня, паводле неафіцыйнай інфармацыі, паслужылі махінацыі зь мясам: пратэрмінаваная прадукцыя з крамаў вярталася на прадпрыемства, тут яе перараблялі на фарш і зноў накіроўвалі ў гандаль.

Згадвалі працаўнікі і пра такі выпадак: нават свайму пэрсаналу, які штомесячна атрымлівае за добрую працу мясныя пайкі прыкладна на 300 тысяч рублёў, падсоўвалі так званыя «супавыя наборы» з душком.

У фірмовай краме мясакамбінату

У фірмовай краме мясакамбінату

Па ўсім відаць, згаданыя факты — толькі вяршыня айсбэрга, іначай камбінатам наўрад ці займаліся б супрацоўнікі дзяржбясьпекі. Гэта вынікае і зь нядаўняй гучнай гісторыі пра мясных махінатараў, калі на лаве падсудных апынуліся цяпер ужо былыя дырэктар мясакамбінату Валер Дземідзенка, галоўны інжынэр Анатоль Муха ды яшчэ два з паловай дзясяткі драбнейшых кіраўнікоў і спэцыялістаў. На прадпрыемстве была створана злачынная групоўка, якая пяць гадоў крала так званыя лішкі прадукцыі на шкоду тэхналёгіі й якасьці. У крымінальным ланцужку кожнаму адводзілася свая роля — кіраўніку, начальніку цэху, тэхнолягу, забойшчыку жывёлы, кіроўцу. Мяса, каўбасы ды іншая «левая» прадукцыя выкарыстоўвалася дзеля ўласнага абагачэньня і «падкормкі» патрэбных людзей ва ўладных структурах. Тут кралі ўсе, хто меў магчымасьць.

Выглядае, што нейкія «цёмныя схемы» выкарыстоўваліся і цяпер, калі ўжо дайшло да затрыманьня амаль дзясятка кіраўнікоў і спэцыялістаў.

Дарэчы, пры цяперашнім кіраўніцтве прадукцыя мясакамбінату ня раз бракавалася ў Расеі, на якую прыпадае найбольшая доля экспарту. Рассельгаснагляд меў прэтэнзіі да гомельскіх каўбасаў і ялавічыны з прычыны павышанага ўтрыманьня ў іх шкодных мікраарганізмаў. Кіраўнікі прадпрыемства пры гэтым сьціпла адбіваліся ад прэтэнзіяў:

«Ня нам рабіць высновы й заключэньні. Працуем над гэтым».

Прадукцыя мясакамбінату

Прадукцыя мясакамбінату

Не зусім зразумелая пакуль у цяперашніх мясных махінацыях роля куратара аграпрамысловага комплексу Гомельшчыны, першага віцэ-губэрнатара Аляксандара Максіменкі, які таксама затрыманы разам з кіраўнікамі і спэцыялістамі мясакамбінату. Ён толькі летась у кастрычніку заступіў на пасаду. Да гэтага быў старшынём Акцябрскага райвыканкаму, затым тры гады ачольваў Дэпартамэнт фінансавага маніторынгу Камітэту дзяржкантролю Беларусі.

Некаторыя блізкія да мясаперапрацоўчай галіны спэцыялісты выказваюць здагадкі, што інфармацыя магла «пратачыцца» з Магілёўскага абласнога суду, дзе судзяць папярэдніка Максіменкі — былога першага віцэ-губэрнатара Віктара Банчука разам з проста віцэ-губэрнатарам Віктарам Трызнам. Абодва яны былі замяшаныя ў мясных махінацыях з расейскімі камэрцыйнымі структурамі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG