Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каардынатар дальнабойнікаў: У акцыі на Маскоўскай кальцавой удзельнічалі больш за 100 машын


Акцыя пратэсту кіроўцаў-дальнабойнікаў на Маскоўскай кальцавой аўтадарозе.

Акцыя пратэсту кіроўцаў-дальнабойнікаў на Маскоўскай кальцавой аўтадарозе.

Больш за 100 вялікагрузных аўтамабіляў удзельнічалі 4 сьнежня ў акцыі пратэсту кіроўцаў-дальнабойнікаў на Маскоўскай кальцавой аўтадарозе.

Пра гэта паведаміў сайту Rus2Web адзін з каардынатараў дальнабойнікаў Аляксандр Растаргуеў. У выніку рух на ўчастку кальцавой дарогі ў раёне Ленінградзкай шашы быў сур’ёзна абцяжараны, утварыўся затор даўжынёй больш за 10 км.

Дальнабойнікі плянавалі правесьці на МКАД акцыю «Сьлімак» — гэта значыць, ехаць з мінімальнай хуткасьцю. Аднак ўчастак кальцавой дарогі, дзе сабраліся фуры удзельнікаў акцыі, быў перакрыты супрацоўнікамі дарожнай паліцыі. Пасьля таго, як праезд быў адкрыты, акцыя завяршылася.

Таксама раніцай у пятніцу паліцыя блякавала стаянку каля буйнога гандлёвага цэнтру ў падмаскоўных Хімках, дзе спынялася на начлег вялікая група дальнабойнікаў.

Расейскія кіроўцы-дальнабойнікі ўжо некалькі тыдняў пратэстуюць супраць дарожнага збору і аплатнай сыстэмы «Платон».

Раней са спасылкай на старшыню прафсаюза дальнабойнікаў Аляксандра Котава зьявілася інфармацыя, што частка дальнабойнікаў вырашыла ня ўдзельнічаць у акцыі ў пятніцу, а перанесьці яе на 6 сьнежня, калі да іх павінна далучыцца калёна з Дагестану.

Дзеяньне сыстэмы «Платон» распаўсюджваецца больш чым на 50 тысяч кілямэтраў расейскіх дарог. У жніўні 2014 году распараджэньнем ўраду Расеі было заключанае канцэсійнае пагадненьне паміж «уладальнікам» «Платона» — Фэдэральным дарожным агенцтвам і кампаніяй «РТ-Інвест Транспартныя сыстэмы» (РТІТС). Такім чынам, прыватная кампанія стала апэратарам сыстэмы. Адзін з галоўных акцыянэраў РТІТС​ —​ Ігар Ратэнбэрг, сын Аркадзя Ратэнбэрга, сябра прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна.

XS
SM
MD
LG