Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашэнка разьлічвае на сустрэчу з папам Рымскім


Папа рымскі Францішак Першы

Папа рымскі Францішак Першы

Аляксандар Лукашэнка разьлічвае на сустрэчу з папам Рымскім Францішкам.

Пра гэта ён заявіў 4 сьнежня на сустрэчы з апостальскім нунцыем у Беларусі Клаўдыё Гуджэроці з нагоды завяршэньня дыпляматычнай місіі нунцыя ў Беларусі.

Лукашэнка папрасіў перадаць папу рымскаму, што чакае сустрэчы зь ім:

«У нас будзе пра што пагаварыць з гэтым паважаным мною чалавекам. Мы з вамі шмат зрабілі для ўстанаўленьня добрых сувязяў, і ў пэрспэктыве, я думаю, мы зробім усё для таго, каб адбыліся мае сустрэчы з папам Рымскім на самым высокім узроўні. Я яго вельмі паважаю. Чэрпаю інфармацыю са сродкаў масавай інфармацыі, зь яго паездак, заяў. Пазыцыя яго мне падабаецца, пачынаючы ад павагі да самых бедных слаёў насельніцтва, барацьбы з карупцыяй, а таксама датычна сумленнасьці і справядлівасьці. Я рады, што сёньня ў каталікоў такі кіраўнік».

Таксама Лукашэнка адзначыў, што Беларусь працягне палітыку наладжваньня самых цесных адносін з Ватыканам.

«Хачу вас запэўніць, што мы ад гэтай палітыкі не адыходзім. Калі ў кагосьці там думка, што Лукашэнка пазыцыю зьмяняе ў дачыненьні да каталікоў, каталіцкай царквы і Ватыкана, гэта абсалютна ня так. Гэта поўная бязглузьдзіца. Мы нічога не мяняем, мы не заігрывалі ні з каталікамі, ні з праваслаўнымі, ні зь іншымі. Мы праводзілі сумленную, шчырую палітыку. Частка нашых грамадзян — гэта каталікі, гэта веруючыя людзі. Гэта прынцыповыя людзі, і я паважаю іх пазыцыю».

Паводле кіраўніка краіны, кожны чалавек павінен сам вызначыцца, па якой дарозе і да якога храму яму ісьці:

«Мы нікога ганяць ня будзем і заганяць у царкву ня будзем. Чалавек сам павінен вызначыцца», — цытуе БелТА Лукашэнку. Дзяржсакратар Ватыкана кардынал П’етра Паралін 14 сакавіка гэтага году распавёў, што беларускія ўлады запрасілі папу Рымскага Францішка наведаць Беларусь.

Дзяржсакратар ня выключыў візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Ватыкан, маўляў, Сьвяты Пасад да гэтага гатовы.

У кастрычніку намесьнік міністра замежных спраў Алена Купчына паведаміла, што магчымасьць узаемных візытаў вышэйшага ўзроўню застаецца на парадку дня.

Лукашэнка з малодшым сынам наведаў Ватыкан у 2009 годзе і сустракаўся з папам Бэнэдыктам. Тады кіраўнік Беларусі прапанаваў правесьці ў Менску сустрэчу папы рымскага і патрыярха РПЦ.

XS
SM
MD
LG