Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Армэнія пераходзіць ад прэзыдэнцкай да парлямэнцкай формы кіраваньня


Зала пасяджэньняў армянскага парлямэнту

Зала пасяджэньняў армянскага парлямэнту

У нядзелю, 6 сьнежня ў Армэніі будзе праходзіць рэфэрэндум аб унясеньні паправак у Канстытуцыю краіны.

Новаўвядзеньні прадугледжваюць пераход да парлямэнцкай формы кіраваньня. Вышэйшым органам выканаўчай улады прапануецца зрабіць урад. Менавіта ён, як мяркуецца, будзе распрацоўваць і ажыцьцяўляць унутраную і зьнешнюю палітыку. На ўрад перакладаецца агульнае загадваньне сыстэмай дзяржаўнага кіраваньня. Таксама ўраду будуць падначаленыя і Ўзброеныя сілы. А вярхоўным галоўнакамандуючым падчас вайны будзе не прэзыдэнт, як цяпер, а прэм’ер-міністар.

Тэрмін дзеяньня прэзыдэнцкага мандату падаўжаецца зь пяці да сямі гадоў. Але адна і тая ж асоба ня мае права быць прэзыдэнтам больш як адзін тэрмін. Прычым кіраўнік дзяржавы будзе абірацца не ўсенародна, а дэпутатамі парлямэнту і абранымі прадстаўнікамі органаў мясцовага самакіраваньня.

Колькасьць парлямэнцкіх месцаў скарачаецца са 131 да 101. Сярод дэпутатаў рэзэрвуюцца месцы для прадстаўнікоў нацыянальных меншасьцяў, якія пражываюць у Армэніі.

Зьмяняецца і сыстэма прызначэньня кіраўніка і сябраў Цэнтральнай выбарчай камісіі. Адна і тая ж асоба ня можа ўваходзіць у склад ЦВК больш як два разы запар.

Супраць гэтай рэформы выступае частка апазыцыі. Яны лічаць, што прэзыдэнт Сэрж Саргсян, чый другі і апошні тэрмін на пасадзе кіраўніка дзяржавы мінае ў 2018 годзе, мае мэту і пасьля гэтага працягваць кіраваць краінай, але ўжо на пасадзе прэм’ер-міністра.

Саргсян адмаўляе гэтыя абвінавачваньні.

Ад 1 сьнежня на плошчы Свабоды ў цэнтры Ерэвану штодня праходзяць мітынгі праціўнікаў канстытуцыйных рэформаў.

Сярод міжнародных назіральнікаў за рэфэрэндумам ёсьць і два прадстаўнікі Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі — Міхаіл Пятрушын і Глеб Хмялёў. Яны ўвайшлі ў склад агульнай місіі назіральнікаў ад СНД.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG