Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навукоўцы: мозг дзяцей памятае забытую родную мову


Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Мова «прашываецца» ў мозг як родная ў першыя паўтара-два гады жыцьця.

Як паказала дасьледаваньне псыхолягаў і нэўрафізыёлягаў канадзкага Ўнівэрсытэту Макгіла, апублікаванае ў часопісе Nature, людзі ўспрымаюць як родную тую мову, што чулі ў першыя гады жыцьця, нават калі ў сьвядомым узросьце сталі размаўляць на іншай мове.

Пад назіраньнем праз магнітна-рэзанансную тамаграфію паддосьледныя праходзілі тэсты на хуткасьць і эфэктыўнасьць апрацоўкі інфармацыі, што перадавалася па-француску. Сярод паддосьледных былі 10 дзяцей, якія нарадзіліся ў Францыі і размаўлялі толькі па-француску, 21 дзіцё, народжанае ў Кітаі і ўсыноўленае францускімі сем’ямі ва ўзросьце да 2 год, 12 дзяцей-кітайцаў, якія вывучалі францускую як замежную і вольна размаўлялі на ёй. Набор зонаў у мозгу, што актываваліся падчас апрацоўкі інфармацыі, пачутай на францускай мове, адрозьніваўся ў розных групаў. Дзеці, што вывучалі францускую як замежную, мелі актыўнасьць у больш шырокім наборы зонаў у параўнаньні з тымі, у каго француская мова матчына: уключаліся рэгіёны, адказныя за рабочую памяць, увагу і пазнаньне.

Тыя жа, хто чуў у раньнім узросьце кітайскую, але ведаў толькі францускую, апрацоўвалі інфармацыю па-француску так жа, як тыя, хто вывучаў францускую як замежную. І на кітайскую рэагавалі так жа, як тыя, каму кітайская была роднай, хоць самі кітайскай ня ведалі.

Дасьледаваньне паказала: яшчэ да таго, як чалавек асэнсоўвае панятак «родная мова», да ўзросту 1,5-2 год ён натуральным шляхам вучыць мову, якую чуе, а пазьней вывучаныя мовы ўспрымае як няродныя, нават калі не валодае роднай.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG