Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША затрымалі араба, які хацеў правезьці ў Беларусь 89 снайпэрскіх вінтовак


Затрыманаму пагражае 50 год пазбаўленьня волі і да 1,75 млн даляраў штрафу.

Таемны агент выкрыў у Солт-Лэйк-Сіці (штат Юта, ЗША) мужчыну з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, які спрабаваў правезьці снайпэрскія вінтоўкі з ЗША ў Беларусь, паведамляе гарадзкі тэлеканал KSL.

Колар Рахман Аніс Ур Рахман абвінавачаны Вялікім фэдэральным журы ў Солт-Лэйк-Сіці ў спробе правезьці 89 вінтовак фірмы Sako калібру .308 у Беларусь, супраць якой у ЗША дзейнічае эмбарга на пастаўкі зброі, а таксама ў змове ў мэтах зьдзяйсьненьня злачынства супраць ЗША, парушэньні закону аб кантролі экспарту зброі, кантрабандзе і адмываньні грошай.

Як паказала расьсьледаваньне, зьвязаны з Рахманам чалавек у 2013 годзе спрабаваў праз электронную пошту замовіць у Sako вінтоўкі для паставак у Беларусь — тады кампанія патлумачыла яму немагчымасьць гэтага праз эмбарга. Агент іміграцыйнай і мытнай паліцыі ў 2015-м зьвязаўся з чалавекам, які зноў спрабаваў купіць зброю па такой схеме, і вёў перамовы аб продажы да таго моманту, пакуль пасярэднік не прадставіў агенту Рахмана.

Рахман, ведаўшы пра эмарга і рызыку незаконнай апэрацыі, дамовіўся з агентам аб пастаўках 89 вінтовак у Беларусь, першыя 10 якіх абышліся яму разам з амуніцыяй у 66 285 даляраў. Агент атрымаў перадаплату ў 13 257 даляраў і дамовіўся на атрыманьне астатняй сумы пасьля пастаўкі ў Беларусь. Рахман выказаў зацікаўленасьць у наступных пастаўках у будучыні.

Злачынца быў затрыманы 4 лістапада падчас сустрэчы з агентам у гатэлі недалёка ад Чыкага (штат Ілінойс). Цяпер ідзе працэс яго экстрадыцыі ў Юту. Калі абвінавачаньні будуць пацьверджаныя, яму пагражае да 20 год пазбаўленьня волі і штраф у мільён даляраў за парушэньне закону аб кантролі зброі, яшчэ да 20 год і яшчэ 500 тысяч за адмываньне грошай, яшчэ да 10 год і 250 тысяч за кантрабанду.

Выданьне не паведамляе пра далейшыя напрамкі распаўсюджу зброі зь Беларусі і супрацу зь беларускімі спэцслужбамі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG