Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна і Турэччына сябруюць супраць Расеі


Прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Эрдаган (зьлева) і прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка

Прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Эрдаган (зьлева) і прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка

Пагадненьне аб ажыўленьні ўкраінска-турэцкага супрацоўніцтва падпішуць кіраўнікі дзьвюх дзяржаў падчас візыту ў Турэччыну прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі.

Украінскія чыноўнікі і недзяржаўныя экспэрты кажуць, што ажыўленьне ўкраінскага-турэцкага супрацоўніцтва выгадна як з эканамічнага, так і з палітычнага пункту гледжаньня пасьля таго, як Украіна, а зь нядаўніх часоў і Турэччына, зазналі ціск з боку Расеі і страцілі яе рынкі. Украіна прапануе турэцкаму боку пастаўляць харчаваньне, Турэччына — марское і ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва.

Міністар аграрнай палітыкі Ўкраіны Аляксей Паўленка заявіў, што Ўкраіна гатовая павялічыць экспарт прадукцыі аграрнага сэктару ў Турэччыну і выступіць гарантам яе харчовай бясьпекі пасьля таго, як Расея пачала згортваць зь ёй гандаль пасьля інцыдэнту з расейскім самалётам, зьбітым у турэцкай паветранай прасторы.

Зрэшты, бакі ня маюць намеру абмяжоўвацца гандлем харчаваньня. Так, Украіна і Турэччына дамовіліся аб разьвіцьці марской прамысловасьці для ўзмацненьня бясьпекі і абароны акваторыі Чорнага мора, паведамляе прэс-служба ўкраінскага дзяржаўнага абароннага канцэрна «Укроборонпром».

«Украіна і Турэччына сумесна пабудуюць марскую прамысловасьць для ўзмацненьня бясьпекі і абароны ў акваторыі Чорнага мора. Гэты кірунак будзе адным з ключавых аспэктаў супрацоўніцтва паміж краінамі», — гаворыцца ў паведамленьні.

Турэцкія кампаніі будуць прыцягнутыя да аднаўленьня тэрыторыяў Данбасу, пацярпелых у выніку баявых дзеяньняў. Пра гэта яшчэ ўвосень казаў прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Эрдаган. Ён таксама дадаў, што будаўнічыя кампаніі Турэччыны за пэрыяд незалежнасьці Ўкраіны ажыцьцявілі праектаў у краіне на 4,5 мільярды даляраў і маюць намер працягваць інвэстыцыі. У мінулым годзе Ўкраіна і Турэччына вялі перамовы пра будаўніцтва ўкраінскім бокам турэцкіх газавых сховішчаў і пра свабодны праход судоў са звадкаваным газам для Ўкраіны праз міжземнаморскія пралівы ў турэцкіх тэрытарыяльных водах.

Больш падрабязна Ўкраіна і Турэччына дамовяцца аб паглыбленьні супрацоўніцтва на сустрэчы прэзыдэнтаў абедзьвюх дзяржаў.

Прэзыдэнт Пятро Парашэнка ў пачатку наступнага году наведае зь візытам Турэччыну, пра гэта ён паведаміў пасьля перамоваў з Эрдаганам на парыскім экалягічным саміце. Ён падкрэсьліў, што чакае ад гэтага візыту прарыву. У Twitter ён адзначыў, што едзе ў Анкару на запрашэньне турэцкага прэзыдэнта.

XS
SM
MD
LG