Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Замарожаная» сэнсацыя: чаму 20 гадоў не ідэнтыфікуюць адзіную ў Беларусі працу Малевіча


Малевіч з пытальнікам: арыгінал ці ўмелая падробка?
Малевіч з пытальнікам: арыгінал ці ўмелая падробка?

У Гарадзенскім дзяржаўным гісторыка-археалягічным музэі выстаўлены экспанат, якому б пазайздросьцілі ўсе экспазыцыі сьвету — невялікая праца, аўтарства якой прыпісваецца заснавальніку супрэматызму Казіміру Малевічу. Але беларускія музэйнікі настолькі памяркоўныя, што за два дзясяткі гадоў так і ня здолелі даказаць яго сапраўднасьць.

Малевіч у Беларусі: плённы пэрыяд без матэрыяльнай спадчыны

На рашэньне ЮНЭСКО 2015-ты абвешчаны годам Казіміра Малевіча: сёлета споўнілася 80 гадоў з дня яго сьмерці і 100 гадоў ад першага экспанаваньня знакамітага «Чорнага квадрата». За паходжаньне і спадчыну творцы змагаюцца расейцы, украінцы, палякі і ў меншай ступені — беларусы.

Хоць, як сьцьвярджае навуковец Ігар Малевіч — прадаўжальнік роду па лініі Казіміравага брата Паўла, аўтар грунтоўнага дасьледаваньня «Казімір Малевіч. Узыходжаньне на крыж лёсу», — усе факты сьведчаць менавіта пра яго тутэйшае паходжаньне.

Аўтарства карціны вызначалі ў сярэдзіне 1990-х
Аўтарства карціны вызначалі ў сярэдзіне 1990-х

Свабода ўжо агучвала вэрсію, згодна зь якой Сьцяпан-Севярын Малевіч — бацька Казіміра, удзельнік вызвольнага паўстаньня Кастуся Каліноўскага — ратуючы сям’ю ад карных атрадаў Мураўёва-вешальніка, мусіў зьехаць з роднай Капыльшчыны і разам зь іншымі ўцекачамі-літвінамі атабарыўся пад украінскім Канатопам.

Сяляне ў ідэнтыфікаваных працах Малевіча
Сяляне ў ідэнтыфікаваных працах Малевіча

У Першую ўсясьветную вайну Казімір Малевіч вяртаецца на зямлю продкаў, ён — салдат інтэнданцкага палку, раскватараванага ля Смаргоні. Бессэнсоўнасьць бойні нараджае захопленасьць «рэвалюцыяй масаў», ягоныя супрэматычныя працы зь лініі фронту знаходзяць прызнаньне ў Маскве і Санкт-Пецярбургу. Паміж гэтымі гарадамі, зь якімі будзе зьвязанае пазьнейшае жыцьцё Малевіча, на некалькі гадоў паўстане яшчэ адзін беларускі куток — Віцебск. Працуючы ў Народнай мастацкай вучэльні, якую ўзначальваў Марк Шагал, Малевіч сканцэнтраваўся на тэарэтычнай дзейнасьці, кульмінацыяй якой стала філязофская праца «Супрэматызм. Сьвет як беспрадметнасьць ці вечны спакой». Ствараў так званыя архітэктоны, быў натхняльнікам авангарднага мастацкага аб’яднаньня УНОВИС («Утвердители нового искусства»).

«Спартоўцы» Малевіча
«Спартоўцы» Малевіча

Пры гэтым, як падкрэсьлівае ў сваіх працах Ігар Малевіч, нягледзячы на багаты творчы даробак смаргонска-віцебскіх часоў, на тэрыторыі Беларусі не захавалася ніводнай аўтарскай працы майстра, ніводнага радка з рукапісаў.

Музэй ці звалка: айца супрэматызму пашкадаваў гуманны памежнік

Жанчына з граблямі: працяг «чалавека з рыдлёўкай»?
Жанчына з граблямі: працяг «чалавека з рыдлёўкай»?

Ня ўсе дасьведчаныя ў галіне мастацтва адмыслоўцы нават здагадваюцца, што ў экспазыцыі Новага замку Гарадзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалягічнага музэю выстаўлена праца пад назвай «Чалавек з рыдлёўкай». Аўтар — Казімір Малевіч, праўда, са знакам пытальніка. Знаёмага аматарам ягонай творчасьці аўтографа КМ на тыльнай частцы сапраўды ня бачна, зірнуць на заднік адміністрацыя не дазваляе — аб’ект на сыгналізацыі. Застаецца толькі параўноўваць са стылістычна падобнымі творамі, якія не выклікаюць сумневу ў іх арыгінальнасьці.

У музэйных запасьніках праца зьявілася больш за 20 гадоў таму. Памер — 36,5×26,5 сантымэтраў, выкананая алеем на фанэры, датуецца прыблізна 20-мі гадамі мінулага стагодзьдзя. Апошні год карціна экспануецца на адмысловым стэндзе разам зь іншымі ўратаванымі каштоўнасьцямі.

Стэнд з уратаванымі каштоўнасьцямі ў Новым замку
Стэнд з уратаванымі каштоўнасьцямі ў Новым замку

Прырасьці нечаканым трафэем установе ў немалой ступені дапамог статус Горадні як «памежнага буфэру». З развалам СССР бальшыні людзей было зусім не да духоўных каштоўнасьцяў, і заходнія калекцыянэры гэтым карысталіся. Музэі, асабліва расейскія, татальна расьцягваліся, экспанаты на чорным рынку прадаваліся за бесцань.

Марына Загідуліна
Марына Загідуліна

Марына Загідуліна ў 1990-х была кіраўніцай службы мастацтвазнаўцаў Упраўленьня культуры Гарадзенскага аблвыканкаму і згадвае, што яе камандзе даводзілася працаваць цэлымі суткамі: зь цягнікоў, якія рушылі ў бок Польшчы, прадметы мастацкай каштоўнасьці мытнікі ды памежнікі выграбалі зьвязкамі. У адзін зь ператрусаў быў спынены ад вывазу і так званы «шкіц» (недароблены малюнак), у назву якога ўжо самі мастацтвазнаўцы прыляпілі «лапату», а аўтарства пазначылі як найшырэй: «пасьлядоўнікі школы Малевіча». Зрэшты, як ня ўсе разумелі Малевіча пры жыцьці, так рызыкаваў ён апынуцца на звалцы і ў «ліхія дзевяностыя»:

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:15 0:00
Наўпроставы лінк

«Купальшчык» з калекцыі музэю Стэдэлік
«Купальшчык» з калекцыі музэю Стэдэлік

«Нам тады даставілі цэлую партыю, 16 розных прадметаў. Прычым нават ня мытнікі, а памежнікі — гэта значыць, знайшлі схаванымі дзесьці ў столі або ў сьценах вагона. Дакладна памятаю, што Малевіча прынесьлі апошнім, у самым канцы агляду цягніка. Для нас абсталявалі месца ў дзяжурцы на чыгуначным вакзале, і звычайна ўсе іншыя службы зьбягаліся паглядзець, калі было нешта цікавае, прыгожае. Тым разам, апроч карцін Айвазоўскага, Багалюбава, Макоўскага, былі і рэчы XVIII–XIX стагодзьдзя — фарфоравыя статуэткі, камінны гадзіньнік, люлька, партабак, пудраніца, тэатральны бінокль, латунная чарніліца. Калі ўсё гэтае багацьце расклалі, зайшоў памежнік, кінуў нешта на стол і сказаў: „Вось яшчэ нейкая фанэрка. Хацеў выкінуць, але была разам з усім іншым, дык пакінуў“. Гэта быў эскіз Малевіча. Сапраўды, на фоне ўсяго іншага магло і ня ўразіць. І мог выкінуць, гэта без пытаньняў».

Селянін з касой
Селянін з касой

Карэспандэнт: «Як мастацтвазнаўца вы ўсё ж робіце выснову на карысьць Казіміра Малевіча? Ягоны „почырк“?».

«Калі кіравацца аналёгіямі — безумоўна, Казімір Малевіч. Хоць адмыслова ягонай творчасьцю я ніколі не займалася. З самага першага погляду склалася меркаваньне, што менавіта Малевіч. Але ўсе мы цудоўна разумеем, што дакладна вызначыць аўтарства павінна мастацкая экспэртыза. Бо як мы вызначылі ў 1990-х, што гэта „Малевіч пад пытаньнем“, так яно і застаецца да сёньняшняга дня».

Гонар ці грошы: абвясьціць мастацкую сэнсацыю замінае беднасьць

Дык што не дазволіла зрабіць мастацкую экспэртызу цягам папярэдніх двух дзясяткаў гадоў? Музэі і калекцыянэры ва ўсім сьвеце змагаюцца за спадчыну Малевіча, скупляючы ягоныя працы па завоблачных коштах, а гарадзенскі не афішуе нават сам факт наяўнасьці эксклюзыву — хай пакуль не да канца легалізаванага. Дырэктар гісторыка-археалягічнага музэю Юры Кітурка тлумачыць такую «сьціпласьць» традыцыйнай праблемай усіх дзяржаўных установаў — маўляў, няма сродкаў, каб ускласьці на сябе немалыя выдаткі па ідэнтыфікацыі:

Наўпроставы лінк

Юры Кітурка
Юры Кітурка

«Правесьці такую экспэртызу аўтаномна ў Беларусі немагчыма — трэба мець хоць бы яшчэ адзін аўтарскі твор для параўнаньня. Прычым таго ж самага часу, бо важна, каб Малевіч карыстаўся аналягічнымі фарбамі — калі будзе іншы прамежак, то і фарбы ўжо могуць мець іншы склад. То бок, выбудоўваючы пакрокавую стратэгію, спачатку трэба заняцца дасьледчай працай — аднесьці карціну да пэўнага пэрыяду паводле стылістыкі. Далей знайсьці ў Расеі — Маскве, Санкт-Пецярбургу, недзе яшчэ — творы, падобныя да нашага. Пасьля гэтага дамовіцца наконт таго, што яны на такое супрацоўніцтва пагаджаюцца. Потым правесьці дасьледаваньне карціны зь іхняй калекцыі і нашай паводле адной мэтодыкі і аднымі прыборамі. Іншымі словамі, выбудаваць графік, каб двухбаковыя групы, якія будуць праводзіць экспэртызу, маглі і тут працаваць, і туды паехаць. Надзвычай карпатлівая праца. Але галоўнае, вялізныя выдаткі, і на бюджэт нам іх не пакласьці».

«Сьцяна Малевіча» у амстэрдамскім Стэдэліку
«Сьцяна Малевіча» у амстэрдамскім Стэдэліку

За даўнасьцю гадоў амаль забылася, каго канкрэтна «раскулачылі» пільныя гарадзенскія мытнікі. З разрозьненых аповедаў выглядае, што ў 1992 годзе ўнікальную калекцыю, ацэненую ў шалёныя па тым часе сотні тысяч даляраў, спрабавала вывезьці ў Эўропу грамадзянка Нямеччыны. Авантура не ўдалася. Размах кантрабанды вымагаў дзеяньняў — іншаземку асудзілі за нанясеньне шкоды ў асабліва буйных памерах, і яна нават пачала адбываць тэрмін зьняволеньня. Аднак умяшаньне дыпляматаў і амністыя, якая надарылася неўзабаве, прысьпешылі вяртаньне кантрабандысткі на радзіму.

Супрэматычная кампазыцыя
Супрэматычная кампазыцыя

І тут дапамагла юрыдычная казуістыка: каб заўзятая калекцыянэрка адседзела тэрмін, не прызнаўшы сябе вінаватай, то магла б прэтэндаваць на творы мастацтва, канфіскаваныя дзяржавай. Але калі прыняла правілы гульні, пагадзіўшыся на дачаснае вызваленьне, аўтаматычна абагаціла Беларусь каштоўнымі экспанатамі. У выніку, пасьля вырашэньня тэхнічных пытаньняў, скарбы былі перададзеныя Гарадзенскаму аддзяленьню Беларускага фонду культуры, а ўжо адтуль у 1994 годзе перакачавалі ў гісторыка-археалягічны музэй. Іншыя музэйныя ўстановы з былога СССР на зьніклыя каштоўнасьці не прэтэндавалі.

На гэты час самы вялікі збор твораў Казіміра Малевіча сканцэнтраваны ў Музэі сучаснага мастацтва Стэдэлік у Амстэрдаме (Stedelijk museum). 68 працаў рознага пэрыяду былі набытыя гарадзкім музэем у 1958 годзе — сюды яны трапілі зь Нямеччыны, дзе пасьля Бэрлінскай выставы 1927 году засталіся на захаваньні ў архітэктара Х’юга Герынга ў ягоным радавым маёнтку ў Бібэраху паблізу Мюнхэна. Малевіча тады тэрмінова адклікалі ў СССР, і больш ён сваіх твораў ня бачыў. Яшчэ некалькі карцін зь Нямеччыны выправіліся за акіян, а два дзясяткі загадкавым чынам дзесьці «растварыліся».

Будынак музэю Стэдэлік у Амстэрдаме
Будынак музэю Стэдэлік у Амстэрдаме

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG