Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да энэргетычнай блякады Крыму дадасца марская


Каардынатар грамадзянскай акцыі блякады анэксаванага Расеяй Крыму Ленур Ісьлямаў заяўляе, што бліжэйшым часам грамадзтва пачуе пра новую блякаду паўвострава.

Пра гэта Ленур Ісьлямаў сказаў у інтэрвію Радыё Свабода:

«Паміж энэргетычнай і марской блякадай Крыму будзе яшчэ адна блякада, і пра яе вы хутка даведаецеся, цяпер казаць пакуль ня буду. На днях пра яе даведаецеся».

Раней ён заявіў, што пасьля спыненьня паставак тавараў, прадуктаў і электрычнасьці ў Крым з мацерыковай Украіны будзе «марская блякада» паўвострава, у тым ліку ў раёне Керчанскай пераправы, якая цяпер зьяўляецца асноўнай транспартнай артэрыяй, якая злучае Крым з Расеяй, з Краснадарскім краем.

Актывісты акцыі блякады Крыму ўжо займаюцца Керчанскім пралівам. Пра гэта ён паўтарыў і ў інтэрвію Радыё Свабода:

«Гэта ўжо ваенная апэрацыя, таму я не магу пакуль пра гэта казаць. Аднак скажу, што марская блякада Крыму ўжо пачалася. Таму што туркі, калі зьбілі гэты самалёт, які трапіў на іх тэрыторыю, ужо ажыцьцяўляюць блякаду Басфора і Дарданэлы. Застаецца толькі Керчанскі праліў, а мы ўжо ім зоймемся, ужо заняліся», — заявіў Ісьлямаў.

Акупацыйныя ўлады Крыму адрэагавалі на гэтую заяву арыштам усёй маёмасьці Ісьлямава. Пра гэта паведаміла так званы «пракурор» акупаванага Крыму Натальля Паклонская. Ленур Ісьлямаў сказаў, што гэтыя дзеяньні яго толькі расьсьмяшылі:

"Што можа адабраць у мяне гэтая няш-мяша? Нічога забраць яна ня можа, таму што тое, што Богам мне дадзена, Богу належыць і Богу пойдзе. І тое, што яна арыштавала маю маёмасьць у Крыме, для мяне сьмешна, таму што нічога больш балючага, чым тое, што яе кіраўнікі адабралі ў мяне Крым, зрабіць немагчыма. Я вярнуся ў Крым і ўсе забяру!" — заявіў Ісьлямаў.

З 22 лістапада працягваецца энэргетычная блякада Крыму. Да нядаўняга часу ў акупаваны Расеяй украінскі Крым электраэнэргія паступала з мацерыковай часткі Ўкраіны — ў пікавыя гадзіны да 1000 мэгават. Але невядомыя прыхільнікі энэргетычнай блякады акупаванага паўвострава ўжо некалькі разоў падрывалі апоры ліній электраперадач, якімі энэргія падавалася ў Крым. Апошняя такая акцыя прывяла да поўнага спыненьня паставак электраэнэргіі ў Крым у ноч на 22 лістапада, пасьля чаго на паўвостраве пачаўся востры недахоп электраэнэргіі, там абвешчаны рэжым надзвычайнай сытуацыі. Уласная генэрацыя на паўвостраве занадта малая, а завезеныя з Расеі электрагенэратары, па словах прадстаўнікоў акупацыйнай улады, пачалі масава выходзіць з ладу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG