Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія дальнабойнікі рыхтуюць акцыю пратэсту ў Маскве


Кіроўцы незадаволеныя, што іх буйная і працяглая акцыя з чыста «эканамічнымі патрабаваньнямі» не знайшла адлюстраваньня ў штогадовым пасланьні прэзыдэнта Расеі.

Расейскія кіроўцы-дальнабойнікі зьбіраюцца правесьці ў пятніцу 4 сьнежня буйную акцыю пратэсту з патрабаваньнем адмяніць рашэньне ўраду аб уводзе ў дзеяньне сыстэмы аплаты праезду «Платон».

Як паведамляюць расейскія мэдыі, асноўны пункт канцэнтрацыі вялікагрузных аўтамабіляў, якія ўдзельнічаюць у акцыі, знаходзіцца прыкладна ў 30 кілямэтрах ад Масквы.

Кіроўцы чакаюць, што да іх далучацца калегі з Пецярбургу, і маюць намер чакаць іх на працягу 10-12 гадзін. Аднак паліцыя рэгулярна зьвяртаецца да прысутных з просьбай «разьехацца», паколькі на адным месцы нібыта нельга доўга стаяць.

Падрабязнасьці маючай адбыцца акцыі не паведамляюцца.

Незадаволенасьць кіроўцаў сыстэмай «Платон» праяўляецца зь сярэдзіны лістапада ў выглядзе сходаў і мітынгаў.

На працягу апошніх сутак выказваліся здагадкі, што акцыя кіроўцаў можа быць адмененая, калі прэзыдэнт Расеі Пуцін, выступаючы са штогадовым зваротам да Фэдэральнага сходу, згадае праблему збору з вялікагрузнага транспарту. Як адзначае сайт «Медуза», Пуцін у сваім выступе гэтага не зрабіў.

У Расеі з 15 лістапада ўведзеная плата за праезд аўтамабіляў масай больш за 12 тон па фэдэральных трасах. Збор праводзіцца праз сыстэму, якая атрымала назву «Платон». Дальнабойнікі ў сувязі з увядзеньнем платы пачалі агульнарасейскія акцыі пратэсту.

XS
SM
MD
LG